11-14 студзеня на Століншчыне пройдзе вялікі фальклорна-этнаграфічны фестываль “Брацкая свечка”

З мэтай захавання праваслаўнай спадчыны Палесся праз прыцягненне моладзі і грамадскасці да гісторыка-культурных і духоўных мерапрыемстваў 11-14 студзеня на Століншчыне пройдзе вялікі фальклорна-этнаграфічны фестываль “Брацкая свечка”.

Фестываль благаславіў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Удзельнікамі яго будуць прыходы Пінскай епархіі Столінскага благачыння, творчыя калектывы нашага раёна, пчаляры, майстры.

Гледачоў чакае шмат цікавага і захапляльнага. Яны  самі  змогуць стаць удзельнікамі начной літургіі, агапа (начной трапезы), набыць на кірмашы мёд, паглядзець канцэртную праграму. Яркім і незабыўным будзе выраб брацкіх свечак.

Асноўныя дзействы разгорнуцца 13-14 студзеня ў вёсцы Лука. Перад гэтым калектывы пабываюць у розных населеных пунктах раёна з віншаваннямі. Дарэчы, фестываль дабрачынны. І ўсе сабраныя сродкі пойдуць на набыццё воску для вырабу брацкіх свечах, а астатнія – на рэканструкцыю будынка для незалежнага пражывання інвалідаў у вёсцы Лука.

А пакуль ідзе падрыхтоўка да фестывалю. Як прафесійныя, так і аматарскія калектывы (колькасцю да шасці чалавек) павінны падаць заяўку на ўдзел да 20 снежня.  Патрабаванні да такіх калектываў – вопратка той мясцовасці, якую яны прадстаўляюць, уменне выконваць калядныя і шчадрэцкія песні, магчымасць паказаць канцэртную праграму на паўгадзіны.

Таксама наладжваецца конкурс сярод прыходаў Столінскага благачыння на выраб вулічнай батлейкі. Дарэчы, прыз за лепшую батлейку  вельмі салідны – брацкая свечка.

Таксама да ўдзелу запрашаюцца пчаляры Століншчыны. Яны змогуць прадаваць мёд і воск на кірмашы.

Прымае заяўкі на ўдзел і адкажа на ўсе пытанні па фестывалі памочнік благачыннага Столінскай акругі па сацыяльнай рабоце Міхаіл Рыгоравіч Скрабейка (мтс 803-78-07).

Спяшайцеся стаць удзельнікамі і далучыцца да цікавага і карыснага мерапрыемства!

Таццяна  СЕГЕН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *