Жыццё ў рытме Алены

І як гэтая дзяўчына ўсё паспявае? То яна бяжыць з заняткаў па тэатральнаму майстэрству, то спяшаецца ў мастацкую школу, то займаецца ў спартыўнай секцыі па валейболу. Алена Траццяк заўжды ў руху, і так звыкла, што не лічыць свой рэжым цяжкім. Наадварот, ёй падабаецца адкрываць для сябе новыя заняткі, падабаецца быць у цэнтры падзей. І пакуль яна не дасягне сваёй мэты, не спыняецца.

Можа таму сямікласніцу Алену лічаць у роднай школе Давыд-Гарадка № 2 не проста вучаніцай, а сапраўдным скарбам. Дзе б яна не з’явілася, вакол усё напаўняецца светам. Аптымістка па жыцці, добра ведае: усмешка і ўпэўненнасць у сваіх сілах перамогуць любыя перашкоды. І сябрам сваім не дае засмучацца, нават калі што і не атрымліваецца. Усё ж бывае: можа прайграць твая каманда ў спартыўным спаборніцтве ці не будзе перамогі ў школьным конкурсе. Хто не падае, той не падымаецца, таму толькі наперад трымае свой шлях дзяўчына.

Але пра свае дасягненні Алена расказваць не вельмі любіць, сарамліва апускае вочы, калі хто хваліць. Тады за яе гавораць настаўнікі і кіраўнікі ўсіх гурткоў, якія наведвае вучаніца. Напрыклад Алена Канстанцінаўна Семянюк, кіраўнік тэатральнага гуртка Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці называе сваю падапечную не інакш як самародкам.

— Да мяне Аленка прыйшла яшчэ ў пачатковай школе, услед за сваёй старэйшай сястрой Кацярынай. Спачатку займалася ў лялечным тэатры, а далей стала ўдзельнічаць ў тэатральных пастаноўках. Нават мяне, як прафесіянала, уражвае, як Алена трымаецца на сцэне. Столькі запалу і энергіі, якая, здаецца, распаўсюджваецца на ўсіх гледачоў. І гучныя апладысменты – таму доказ. І што асабліва мяне радуе, гэта яе гатоўнасць выканаць любую роль, незалежна галоўная яна ці не. “Зоркавая хвароба” ёй не знаёма, хаця Алену ўжо добра ведаюць і па-за межамі нашага горада. Мы з вялікім задавальненнем выступаем на раённай сцэне, а ў мінулым годзе ўдзельнічалі з пастаноўкай “Галоўнае слова” на тэатральным фестывалі ў Брэсце. Месцаў там не давалі, толькі адзначалі здольнасці артыстаў. І наша Алена атрымала дыплом за лепшае выкананне сваёй ролі, які мы аберагаем як вялікую каштоўнасць. Хто ведае, можа пра некалькі гадоў знакамітая актрыса Алена Траццяк захоча наведаць сваю першую прыступку ў тэатральнай кар’еры? – шчыра верыць Алена Канстанцінаўна.

Усё можа быць, але сама дзяўчына зараз засяроджвае ўвагу на англійскай мове. Упэўнена, валоданне замежнай мовай – патрэбны навык у будучыні. А яшчэ два гады таму Алена заняла другое месца сярод вучняў раёна ў конкурсе па беларускай мове “Лингвистёнок”. Кажа, што ў наступным годзе хоча стаць лепшай. Спрабуе сябе  ў якасці мастака. Ужо чатыры гады Алена займаецца пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча Сыса ў мастацкай школе. Марыць намаляваць карціну свайго горада, каб падарыць роднай школе.

Сярод новых захапленняў – аэробіка. Пад рытмічныя гукі музыкі, Алена не толькі займаецца, але і адпачывае. Так-так, яна ўпэўнена, адпачываць можна актыўна, ды і настрой той, што трэба. Калі я папрасіла  нумар тэлефона, каб маць магчымасць штосьці ўдакладніць, яна адказала:

—          Тэлефануйце лепш на нумар мамы ці на дамашні. Проста я не нашу за сабой тэлефон, ды і не аматар я суткамі “сядзець” у ім. Па-першае, зрок псуецца, а па-другое, вакол столькі ўсяго цікавага, толькі паспявай заўважаць! – усміхаецца дзяўчына.

Ганна Мельнік

На здымку: Алена Траццяк

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *