Жаданне працаваць у медыцыне – са школьных гадоў

Нагода для сустрэчы з загадчыкам Варанёўскага фельчарска-акушэрскага пункта Несцяровіч Вольгай Мікітаўнай больш чым прыемная – Указам № 411 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі яна ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

…Зайшоўшы на ФАП, давялося крыху пачакаць Вольгу Мікітаўну: яна якраз рабіла прышчэпкі ад грыпу двум мужчынам.

– Зараз у Варанях пражывае каля 690 чалавек, штодзённа абслугоўваем у сярэднім  15 пацыентаў. Акрамя мяне, працуе санітарка Буйніч Вольга Рыгораўна. Я прыйшла працаваць сюды 34 гады назад. Тады вёска была значна большая, людзей  было ў два з паловай разы больш. Безумоўна, за такі працяглы час работы ўсіх жыхароў  добра вывучыла. Многіх памятаю яшчэ малымі, а зараз прыходзяць ужо іх дзеці.

Вольга Мікітаўна не можа ўявіць сябе ў іншай прафесіі. Жаданне стаць медыцынскім работнікам з’явілася яшчэ ў школьныя гады. Калі яна вучылася ў класе шостым-сёмым Гараднянскай сярэдняй школы, да іх прыходзіў фельчар Вячорка Мікалай  Мікалаевіч (зараз працуе на Лукскім ФАПе), праводзіў планавыя агляды і рабіў неабходныя прышчэпкі вучням. Вольгу захапляла яго праца і ўпэўненыя дзеянні.

Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Пінскае медыцынскае вучылішча. У 1981 годзе пачала працаваць фельчарам у Варанях, праз год стала загадчыкам.

Пакінуць Варанёўскі фельчарска-акушэрскі пункт і пераехаць у іншае месца думак не ўзнікала, хаця прапановы былі. На рашэнне застацца ў Варанях паўплывала тое, што тут Вольга Мікітаўна выйшла замуж, нарадзіла дзяцей.

– У маладосці больш смеласці, з гадамі больш прыслухоўваешся да парад старэйшых і калег, — гаворыць Вольга Несцяровіч. – Калі я прыйшла на працу, мяне падтрымлівала Казуля Лізавета Аляксандраўна, якая ў той час працавала санітаркай.

У 2010 годзе Варанёўскі пункт прызнаны “Лепшым ФАПам у раёне”, таксама прымалі ўдзел у конкурсе “Лепшы па прафесіі”.

Раз на тыдзень у Варані прыезджае ўрач з Рэчыцкай амбулаторыі. Разам з лабарантам яны аб’язджаюць і праводзяць абследаванні жыхароў дома. Часцей насельніцтва скардзіцца на павышаны ціск, боль у суставах, прастудныя захворванні.

Дзве дачкі – Ніна і Ірына – аддалі перавагу медыцыне. Ірына працуе медыцынскай сястрой у шостай  гарадской бальніцы г. Брэста, а Ніна – медсястра ў дзіцячай кансультацыі Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Да бабулі ў госці прызджаюць унукі пяцікласніца Насця і другакласнік Дзяніс з Брэста, і Дана, якая вучыцца ў шостым класе СШ № 3 р. п. Рэчыца. Дзетвары даспадобы і чыстае паветра, і рэчка. Падабаецца ім катацца на веласіпедзе, хадзіць на дзіцячыя дыскатэкі.

На пытанне “Як бавіце вольны час?” Вольга Мікітаўна сціпла адказвае: “А ён бывае? Амаль увесь час заняты  асноўнай работай, а таксама працай па дамашняй гаспадарцы. У вольную хвілінку стараюся пачытаць медыцынскі часопіс ці кнігу, гляджу тэлевізар. Люблю вышываць крыжыкам, але зараз гэта раблю рэдка. Калі ў госці прызджаюць унукі, гатую нешта смачненькае для іх. Напрыклад, яны вельмі любяць дамашнія пельмені”.

Святлана

ШПАКОЎСКАЯ

Фота

Аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *