Заплаці падаткі — і спі спакойна

Звычка пакідаць усе найбольш нецікавыя ці складаныя справы на апошні дзень не навіна і не рэдкасць. Некаторыя з нас яшчэ любяць цягнуць да апошняга асабліва тады, калі з кашалька трэба даставаць свае кроўна заробленыя. Так, не зусім прыемны момант. Ды ёсць такое паняцце як непазбежнасць. Гэта значыць, што б ты ні рабіў, якія б апраўданні ні прыдумваў, якія б прычыны і довады ні прыводзіў, заплаціць усё роўна давядзецца.

Напрыклад, як у сітуацыі з тымі ж падаткамі – на нерухомасць і зямлю. Гэтая тэма ўсё часцей пачынае гучаць з тэлерадыёэфіраў, старонак друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і іншых крыніц у апошнія дні восені. Нам нагадваюць, што да 15 лістапада мы абавязаны ўнесці неабходную суму ў бюджэт.

Законапаслухмяныя людзі, а іх большасць, разлічваюцца, не чакаючы апошняга кантрольнага дня. Могуць таксама выкарыстоўваць права заплаціць падаткі за некалькі разоў. Але, на жаль, ёсць і тыя, хто абураецца, маўляў, чаму і за што плаціць?  Ды, заўважце, ўсё роўна аддадуць неабходную суму, няхай і 15 лістапада.

Трэба дакладна разумець, куды будуць накіраваны падаткі. Мы жывём у грамадстве па намі ж прынятых і зацверджаных законах.  Дзейнічае ў нашай краіне і адпаведны закон аб плаце падатку на нерухомасць і падатку на зямлю. Адпаведна, калі ёсць закон – яго трэба выконваць! Відавочна, што за грэбаванне ім надыходзіць і адказнасць. У нашым выпадку – адміністрацыйная. Але, лічу, гэта не зусім прыемна, калі цябе выклікаюць у суд і па яго рашэнні ты, акрамя налічанага падатку, плаціш яшчэ і дзяржпошліну, судовыя выдаткі, штраф у памеры 20 працэнтаў. Як вынік – наяўнасць адміністрацыйнага спагнання – пэўныя цяжкасці з выездам за мяжу і іншыя нязручнасці. Ды мая мэта, як аўтара гэтага матэрыялу, ні ў якім разе не пужаць людзей, а падрабязна растлумачыць усе магчымыя сітуацыі, звязаныя з падаткамі.

Такім чынам, па даных інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Столінскім   раёне,  у  мінулым  годзе было налічана падатку на нерухомасць – 2 мільярды 238 мільёнаў рублёў, сёлета – 2 мільярды 757 мільёнаў рублёў; падатку на зямлю – 1 мільярд 432 мільёны рублёў і 1 мільярд 929 мільёнаў рублёў адпаведна.

Што непасрэдна да налічэння. Падатак на зямлю робіцца, зыходзячы з яе кадастравай ацэнкі за метр квадратны. Пераразлік – кожныя пяць гадоў. Пры гэтым  улічваецца шмат аспектаў. Напрыклад, наяўнасць інжынерных збудаванняў, аддаленасць ад райцэнтра, колькасць насельніцтва і іншае.

Разлік падатку на нерухомасць робіцца, зыходзячы з ацэнкі БТІ ці кошту метра квадратнага. Калі, напрыклад, ацэнка дома БТІ была зроблена ў 90-ых гадах ці іншых, то штогод гэтая сума індэксуецца.

Чаму лепш плаціць не ў апошнія дні тэрміну? Па-першае, гэта нязручна, таму што ствараецца наплыў людзей, як следства – чэргі, лішняя трата часу, нерваў, што таксама не апошні аргумент. Па-другое, падатковая служба аплату ўбачыць толькі праз тры-чатыры дні. А, як адзначаюць спецыялісты, здараюцца моманты, калі трэба адрэгуляваць суму аплаты. Ды, наогул, вярнуць грошы, калі, напрыклад, чалавек не ведаў, што мае пэўныя льготы.

Бывае, што падатковым інспектарам трэба ў прамым сэнсе слова знайсці плацельшчыкаў. Напрыклад, тыя змянілі месца прапіскі, а квітанцыя накіравана на папярэдні адрас. Таму вяртаецца назад.

Куды ідуць заплачаныя падаткі? Нагадаю яшчэ раз – на аплату працы работнікаў сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванне, будаўніцтва аб’ектаў розных галін дзейнасці, утрыманне дзяржаўнага апарату, арміі і г. д. Гэта зусім не азначае, што   пералічаная ў бюджэт сума падаткаў на нерухомасць і зямлю жыхароў Столінскага раёна цалкам задавальняе неабходны аб’ём для фінансавання названых вышэй сфер. Вось канкрэтныя лічбы. Сёлета ў бюджэце раёна на ахову здароўя запланавана больш за 160 мільярдаў рублёў, на адукацыю – каля 300 мільярдаў рублёў, на жыллёва-камунальныя паслугі – больш за 60 мільярдаў рублёў. Параўнайце з сумамі падаткаў, названымі вышэй.

Ды што казаць. Адзін з апошніх прыкладаў: дзіцячы яслі-садок у Давыд-Гарадку каштуе больш за 20 мільярдаў рублёў. Ці змаглі б жыхары раёна пабудаваць гэтую цудоўную і такую неабходную ўстанову толькі са сваіх падаткаў? Рытарычнае пытанне…

Не магу не агучыць яшчэ адзін момант. Даволі часта мы любім гаварыць пра тое, што вось на Захадзе… добра і тое, і гэтае. Дык вось, у заканадаўстве шэрагу дзяржаў свету ўхіленне ад платы падаткаў вызначаецца як “невыкананне абавязку быць сумленным”. А пра сумы штрафных санкцый наогул не хочацца ўзгадваць!

Не чакайце 15 лістапада. Заплаціце падаткі і адчувайце сябе цалкам сумленным чалавекам.

Алена

КЛІМУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *