«Ёсць людзi – ёсць з кiм працаваць»

Напачатку тыдня з рабочым візітам на Століншчыне пабываў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс.

Ён сустрэўся з калектывам Столінскага раённага спажывецкага таварыства. Старшыня гэтай арганізацыі Сяргей Мікалаевіч Крыжык агучыў вынікі работы галіны. Назваў асноўныя паказчыкі развіцця раённага гандлю, а таксама паслугі, што прапануюцца насельніцтву раёна ў дадатак да продажу харчовых і прамысловых тавараў.

На жаль, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года тавараабарот па сістэме райспажыўтаварыства знізіўся. Сяргей Мікалаевіч прывёў як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны такой сітуацыі. У далейшым агучыў шляхі вырашэння існуючых праблем.

Старшыня аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс заўважыў, што калектыў кааператараў раёна даволі вялікі.  І гэта добра, таму што калі ёсць людзі – ёсць з кім працаваць. Трэба думаць, як у далейшым зарабляць і плаціць дастойную зарплату.

Губернатар расказаў пра сацыяльна-эканамічныя паказчыкі развіцця Брэсцкай вобласці. Напрыклад, валавы рэгіянальны прадукт склаў 52,4 трл рублёў, мы знаходзімся на трэцім месцы  ў  рэспубліцы. Вырасла і выручка ад рэалізацыі прадукцыі, скарацілася колькасць стратных прадпрыемстваў. Зразумела, хвалюе пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць. Не ўсе прадпрыемствы працуюць з поўнай загрузкай. Але прымаюцца адпаведныя захады, каб дасягнуць станоўчых вынікаў.

Назіраецца дынаміка змяншэння запасаў гатовай прадукцыі на складах.

Што тычыцца аграпрамысловага комплексу, то, на жаль, сёлетні ўраджай збожжа меншы за мінулагодні. Не радуе і ўраджайнасць кукурузы. Але за восем месяцаў галіна прырасла ў вытворчасці малака  на  сем працэнтаў, на 5,6 % – па жывёлагадоўлі. І калі браць такі сусветны паказчык, як адна тона збожжа на аднаго жыхара, то Беларусь знаходзіцца не на апошнім месцы. Так і па вытворчасці мяса. Нядаўна ў Пінску пабудаваны свінакомплекс на 24000 галоў, на што выдаткавана 380 млрд рублёў. Гэта стала магчымым менавіта дзякуючы падтрымцы Кіраўніка дзяржавы.

Падзяліўся губернатар і сваімі ўражаннямі пасля ўдзелу ў форуме ў Сочы. Адзначыў, што прадукцыя,  прадстаўленая там нашымі кампаніямі “Савушкін прадукт”, “Санта-Брэмар”, карыстаецца попытам і прызнана адной з якасных.

Вытворчасці вобласці займаюцца пошукамі новых рынкаў збыту. Як прыклад, пастаўкі прадукцыі ў Японію, Кітай, на Мальту, Мальдывы і іншыя.

Ішла гутарка і пра развіццё сацыяльнай сферы. Так, з бюджэту на развіццё сістэмы адукацыі выдаткавана каля пяці трыльёнаў рублёў і на ахову здароўя – каля 4,4 трыльёна  рублёў. Гэта 55 працэнтаў ад усяго бюджэту вобласці.

– Сёння час няпросты, нялёгка будзе і далей, –  заўважыў старшыня аблвыканкама. – Але нельга стаяць на месцы, трэба шукаць новыя шляхі, каб канкурыраваць.

Удзельнікі сустрэчы задалі губернатару шэраг пытанняў, на якія былі дадзены адказы.

Алена КЛІМУШКА

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *