Ёсць бяспека – будзе i спакой

Не памылюся, калі скажу, што кожны чалавек у сваім доме (ці кватэры) хоча сябе адчуваць спакойна і бяспечна, не перажываць і  не нервавацца за маёмасць і матэрыяльныя каштоўнасці, быць абароненым ад зладзеяў…

Быццам бы банальныя ісціны, але менавіта яны адпавядаюць рэчаіснасці.

У гэтым жыхарам Століншчыны паспяхова дапамагаюць работнікі аддзялення Дэпартамента аховы.

 29 кастрычніка яны адзначылі сваё прафесійнае свята.

– Дэпартамент аховы – адно са структурных падраздзяленняў міліцыі, — расказвае начальнік Столінскага аддзялення Вадзім Міхайлавіч Супрунчык.  – Наша асноўная задача – забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і юрыдычыных асоб. Сёння пад абаронай знаходзяцца 414 аб’ектаў розных форм уласнасці, 266 кватэр і іншых памяшканняў.

Сёння няма такіх аб’ектаў, якім не было б магчымасці забяспечыць надзейную абарону, нават калі яны знаходзяцца далёка ад населеных пунктаў ці не аснашчаны тэлефоннымі камунікацыямі. Актыўнае ўкараненне сучаснай тэхнікі дазваляе своечасова затрымліваць злачынцаў, у кароткі тэрмін прыбываць супрацоўнікам на месца для прадухілення нападзенняў. За апошні час не зарэгістравана ні аднаго крадзяжу з кватэры, дома ці офіса, якія ахоўваюцца.

Для таго, каб, умоўна кажучы, “спаць спакойна”, скарыстаўшыся паслугамі прафесійнай структуры, трэба прыйсці ў аддзяленне аховы і расказаць, што канкрэтна трэба ахоўваць: усю кватэру ці толькі адзін пакой, дом альбо гараж. На месца пражывання выязджае супрацоўнік, складаюцца папярэднія дакументы з улікам пажаданняў кліента. Пасля гэтага мантажная група праводзіць неабходныя работы, у час якіх устанаўліваюцца тэхнічныя сродкі сістэмы аховы.

Сродкі за мантажныя работы можна аплаціць у растэрміноўку ад трох да 12 месяцаў. Плата ў месяц за ахову аб’екта цалкам  прымальная – 50 тысяч рублёў.

На многіх прадпрыемствах – гандлёвых кропках, банках, барах і рэстаранах – устаноўлена ручная сістэма трывожнай сігналізацыі, што грамадзянам больш знаёма як “кнопка трывогі”. Калі чалавеку пагражае небяспека, дастаткова яе націснуць – нарад міліцыі прыбудзе ў лічаныя хвіліны. Такі сродак абароны можна ўстанавіць і дома. Кнопка  бывае двух відаў: стацыянарная і пераносная (напрыклад, у выглядзе бірулькі). Дарэчы, пераносная дзейнічае ў абмежаваным радыусе. Плата ў месяц таксама 50 тысяч рублёў.

– Сёння аддзяленне Дэпартамента аховы прапануе паслугі для стварэння бяспечнай сітуацыі на прадпрыемстве, – працягвае Вадзім Супрунчык. – Па-першае, гэта ўстаноўка сістэмы лічбавага і аналавага відэаназірання любой ступені складанасці. Па-другое, ахова аб’ектаў з падключэннем сучасных сістэм сігналізацыі да пульта  цэнтралізаванага назірання.

Супрацоўнікамі ажыццяўляецца і фізічная ахова будынкаў, сярод якіх – ААТ “Савушкін прадукт”, раённы выканаўчы камітэт, суд, загс і іншыя. Служба аховы мае магчымасць ажыццяўляць тэхнічны маніторынг за нясеннем службы ведамаснай вартавой аховы, якасным выкананнем прафесійных абавязкаў.

Работнікам структуры аховы даводзіцца бываць у небяспечных сітуцыях, выязджаючы ў складзе ўзброеных груп па экстранных выкліках. Якімі якасцямі ім неабходна валодаць?

– Супрацоўнік аддзялення аховы павінен выконваць свае абавязкі прафесійна, дасканала ведаць прававыя акты, беражліва ставіцца да маёмасці людзей, — дзеліцца думкамі Вадзім Міхайлавіч. – Важную ролю адыгрывае смеласць, мужнасць, а таксама агульначалавечыя якасці: гуманнасць, сумленне.

Часта на экскурсіі ў аддзяленне прыходзяць школьнікі і навучэнцы, для якіх такія паходы пазнавальныя. Асаблівую цікавасць выклікае пульт цэнтралізаванага назірання. Работнікі аховы называюць яго “вачыма і вушамі”. Насамрэч, гэта сэрца вялікай  арганізаванай сістэмы — сюды паступаюць сігналы трывогі.

Вось і напярэдадні прафесійнага свята ў госці ў аддзяленне Дэпартамента аховы завіталі навучэнцы каледжа.

У святочны дзень у актавай зале прайшло ўрачыстае мерапрыемства, на якое былі запрошаны ветэраны Столінскага аддзялення.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *