Выбiраем Прэзiдэнта

У аўторак  у  зале пасяджэнняў райвыканкама  адбыўся  круглы  стол па тэме выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У ім прынялі ўдзел  намеснік старшыні Столінскай тэрытарыяльнай  выбарчай камісіі Сідарэвіч С. Ф., член участковай выбарчай камісіі Багуцкая Л. П., старшыня Столінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Карплюк М. З., заслужаны работнік гандлю, пенсіянерка Лукашэвіч Г. А. і навучэнка Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа Марына Псышчаніца.

Як паведаміў Сяргей Фёдаравіч  Сідарэвіч, у раёне створаны і працуюць 73 выбарчыя участкі, падрыхтаваны і вывераны спісы выбаршчыкаў, выкананы шэраг арганізацыйных мерапрыемстваў па захаванні  на ўчастках пажарнай бяспекі, стабільнай работы сувязі, належнага захавання  бюлетэняў. Выбаршчыкі азнаёмлены з біяграфіямі кандыдатаў  у прэзідэнты,  усім былі высланы   запрашэнні прыняць удзел у выбарах. Століншчыну  наведалі давераныя асобы  кандыдата ў прэзідэнты ад каманды  Лукашэнкі А. Р. Абстаноўка  ў раёне спакойная.

Багуцкая Любоў Пятроўна – член  Столінскай-Усходняй участковай выбарчай  камісіі № 1. На працягу многіх гадоў яна была  сакратаром  гэтай камісіі. Ведае ўсю работу, якая праводзіцца папярэдне і ў час выбараў.  Вылучыла  яе ў склад камісіі раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

Наш участак – адзін з самых вялікіх у раёне: у спісы занесены больш за 1500  выбаршчыкаў. Гэта і гараджане, і навучэнцы  каледжа. Многія  рабяты на нядзелю  едуць дахаты. Каб не губляць свой голас, галасуюць  датэрмінова. Але гэта не так шмат, як здаецца асобным. У сярэднім  каля ста чалавек. Яўка на нашым участку  высокая, выбары  заўжды адбываюцца. Памятаю, на мінулых выбарах  прэзідэнта  прыехала  ў каледж здаваць сесію  многа завочнікаў. Мы мелі нямала клопату па  ўдакладненні факта галасавання гэтых людзей  па месцы іх прапіскі. Званілі  па ўсёй  нашай краіне, выходзілі на  Цэнтральную выбарчую камісію, адкуль атрымалі  дазвол на выдачу бюлетэняў. Усё гэта аргументы на карысць датэрміновага  галасавання.

Галіна Адамаўна Лукашэвіч  пачала працаваць, як яна сама  адзначае, “пры Сталіне” – у 1951 годзе. Добра памятае, як ішлі  галасаваць тады – цэлымі сем’ямі, працоўнымі калектывамі. І тое, з чаго сёння хто-ніхто падсмейваецца наконт 99,99 працэнта  яўкі выбаршчыкаў, было праўдай. Як праўдай было і тое,  што выбары  прыраўноўвалі да свята. А як жа  іначай! На ўчастках    для   галасавання  ладзіліся  канцэрты, працавалі буфеты, у якіх  можна было  купіць штосьці смачнае для дзяцей, а мужчыны па праву выпівалі  спіртное.  Так, альтэрнатывы  кандыдатам не было, але  ў кожнага  было перакананне, што калі перамаглі ў вайне, асілілі голад  і холад, то заўтра будзе  лепш.

Сёння  ў магазінах, колькасць якіх  істотна вырасла, тавараў  мноства. Пенсіянеры, якіх ведае ветэран працы,   бачаць перамены да лепшага  на кожным кроку, таму  даўно зрабілі  свой выбар на карысць дзеючага  прэзідэнта. І тыя, хто не зможа  ў дзень выбараў  прыйсці  да ўрны, паведамілі  членам выбарчай камісіі, каб да іх  прыйшлі  дахаты. Яны не жадаюць  губляць свой голас.

Марына Псышчаніца расказала, што яна  будзе галасаваць  упершыню. З ёю і  яе аднагодкамі, якія  ўпершыню     прымаюць  удзел у галасаванні, сустракалася давераная  асоба  кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі А. Р.  Яны не проста  слухалі, але і задавалі пытанні. Як і многія яе аднакурснікі, Марына будзе галасаваць датэрмінова, каб не пазбавіць сябе права голасу. З размоў ведае, што ўсе зрабілі  ўжо свой выбар. Толькі  адны гавораць пра яго адкрыта – і такіх большасць, а другія  не хочуць дзяліцца. Ды ўсе жадаюць  жыць у мірнай, стабільнай і моцнай дзяржаве.

У нашым раёне пражываюць больш  за 19 тысяч членаў прафсаюза, створаны і працуюць 143 пярвічныя  прафсаюзныя арганізацыі.  Пра гэта паведаміў  старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў  Міхаіл Захаравіч  Карплюк.  І ва ўчастковых  камісіях  больш за 80 працэнтаў  – члены прафсаюза. Ён сам  таксама  ўдзельнічае ў рабоце  ўчастковай камісіі. Абстаноўка спакойная, людзі падрыхтаваны. Склад камісій ад выбараў да выбараў мяняецца зусім нязначна, стаўка робіцца на вопытных, умелых  і адказных работнікаў. А гэта гарантыя, што выбары  пройдуць паспяхова.

На гэтай ноце і завяршылася  пасяджэнне круглага стала.

Валянціна

ВАСІЛЬЕВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *