Воін, будаўнік і шавец

У той дзень, калі ў Давыд-Гарадку  адкрывалі  новы дзіцячы садок, адбылася ў гэтым горадзе  і яшчэ адна падзея.  Старшыня гарвыканкама Стаднік В. В., намеснік старшыні гарадскога савета ветэранаў Малашка  А. І.  і  член раённага  савета ветэранаў  Бразоўскі  М. П.  завіталі ў дом, дзе  жыве ветэран  Вялікай  Айчыннай вайны Дзісь Міхаіл Паўлавіч. І прычына таму была слушная: адзіны ветэран вайны горада  адзначаў дзень нараджэння – 95-ты.

Дэлегацыя толькі  ступіла на двор, а віноўнік  урачыстасці  паспяшаўся  ёй насустрач. Невысокага росту, хударлявы, жвавы, з  цікаўнымі вачыма  і жывой гаворкай юбіляр ніяк не  выглядаў на свае гады. Ён быў рады гасцям, запрашаў у хату, дзе сабралася  яго радня.

Гучалі віншаванні і пажаданні, юбіляру  ўручылі  кветкі і падарункі. Міхаіл Паўлавіч не прамінуў успомніць самыя  памятныя эпізоды свайго жыцця.

…Ён  нарадзіўся 8 кастрычніка 1920 года ў беднай  сям’і ў Давыд-Гарадку. Нават для таго часу гэта была вялікая сям’я: 8 сыноў і дзве дачкі.  Бацька працаваў  шаўцом – шыў новыя  на продаж і ладзіў старыя боты. Гэтаму навучыў  і Міхаіла. Хлопец  да вайны скончыў пяць класаў польскай школы і два класы  рускай,  калі   ў  1939 годзе  прыйшлі ў горад Саветы і наладзілі вучобу падлеткаў.

Вайна запомнілася акупацыйным рэжымам і працай на ўласнай гаспадарцы. Як толькі ў ліпені 1944 года горад вызвалілі ад нямецкіх захопнікаў, прыйшла павестка з ваенкамата  на фронт.  Пайшоў, як многія яго равеснікі  з Давыд-Гарадка і навакольных вёсак, спачатку пешшу да Турава, а потым да Жыткавіч. Там пасадзілі  навабранцаў на цягнік, які прывёз іх  у Белую Царкву, што ва Украіне.  Тут прайшлі курс маладога  байца. Першае хрышчэнне  прынялі  ў Прыбалтыцы, дзе  вызвалялі Рыгу. Адтуль  трапілі  ў Вільнюс.

Паміж салдат хадзілі размовы, што наступны  пункт прыпынку  будзе возера Балатон. Туды, у Венгрыю,  ішлі эшалоны  з жывой сілай і тэхнікай. Але калі  пасадзілі  ў  вагоны, якія  сталі браць  накірунак усё правей і правей, то Міхаіл Паўлавіч  адразу выказаў здагадку, што вязуць у Польшчу. Так і здарылася. Увесь  снежань 1944 года  стаялі пад Беластокам, а перад самым  Новым годам  адбылося фарміраванне войскаў.  Салдат Дзісь трапіў у 364 дывізію ІІ  Беларускага фронту, якім камандаваў  легендарны Георгій Жукаў. І шлях салдацкі ляжаў  на  Варшаву. У гэты перыяд  стаў ён пісарам пры штабе.

У памяці захаваліся  баі на тэрыторыі Памераніі, дзе давялося асвойваць новую спецыяльнасць – цесляра, бо немцы  ліквідавалі мост і неабходна было аднавіць пераправу. Адсюль напрамак  быў узяты на Берлін у складзе Трэцяй ударнай арміі. Перад Одэрам  была памятная  сустрэча з Жукавым, якая запомнілася на ўсё жыццё. Давялося  ўбачыць  і Берлін, быць у камендатуры. У гэты перыяд  салдат Дзісь быў паранены і трапіў у шпіталь. У час лячэння не раз і не два  давялося рамантаваць абутак  такім жа параненым, як і ён (спатрэбілася бацькава навука).  Бачачы  яго ўменне, хірург  дабіўся таго, што пасля выздараўлення  Міхаіл  застаўся  служыць  пры шпіталі  шаўцом.

Толькі ў чэрвені 1946 года  ён вярнуўся дахаты, у гарадок  на   Гарыні.  У    студзені 1950 года  ажаніўся, узяўшы ў жонкі  дзяўчыну  з  вёскі Лісовічы, якая была  наследніцай дваранскага роду і насіла прозвішча Ляшкевіч-Зіновіч, а імя Мальвіна. Жаніху было ў той час 30 гадоў, а ёй – 20. Праз год пайшлі дзеці. Дзве дачкі  радавалі  бацьку і  маці – Ніна  і Валя.

Міхаіл Паўлавіч уладкаваўся спачатку  на лесаўчастак. Ездзіў з іншымі мужчынамі  ў Мярлін збіраць з дрэў смалу жывіцу, а потым на працягу  15 гадоў, стварыўшы  па сённяшніх мерках невялікі кааператыў з шасці чалавек, ездзілі  штогод на цаліну, у Кустанайскую вобласць і будавалі  за тры-чатыры месяцы кароўнікі  ці цялятнікі. За такую  ўдарную работу  давалі яму  граматы, якія і сёння  захоўваюцца ў сям’і.  Апошнім месцам работы  быў  Баранавіцкі мостапоезд № 58. Сама назва сведчыць пра тое, што  рабочы Дзісь, як і яго калегі, быў заняты  будаўніцтвам мастоў.  Напачатку ў Давыд-Гарадку, потым у Баранавічах, Брэсце. З гэтага калектыву ён і на пенсію пайшоў.

35 гадоў назад  стаў ветэран вайны пенсіянерам, але  не мог сядзець склаўшы рукі. Ён, як сам сведчыць, “аказваў  паслугі насельніцтву”. Бытавыя, па рамонце  абутку. А яшчэ на ўвесь горад слыў майстрам па пашыву бурак. Гэта тыя ж боты, толькі шытыя-строчаныя з сукна. У іх і лёгка, і цёпла, толькі  галёшы трэба насіць, каб нагам было  суха.  Майстар і заднік раменны прышые, і розныя аздобы зробіць на халявах.

Сёння не той зрок, не тая сіла, каб шыць. Ды і  на рынку  ці ў магазіне абутку шмат прадаюць, не тое, што ў час перабудовы.  Адпала неабходнасць  у шавецкай рабоце. Таму сёння Міхаіл Паўлавіч заняты звычайнымі хатнімі клопатамі і прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У яго чацвёра  ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Жартуе, што каб маладзейшым ажаніўся, то былі б і праўнукі. Ён  дапамагае супрацоўнікам мясцовага  музея   ўдакладняць факты з гісторыі горада і яго жыхароў.

Валянціна  МІРАНОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *