У няспынным самаразвіцці

Сёння карэспандэнт “НП” знаёміць чытачоў  з намеснікам загадчыка Давыд-Гарадоцкай бальніцы, урачом-гінеколагам Анжэлай Мікалаеўнай Тукінай.

Нарадзілася Анжэла ў Давыд-Гарадку, вучылася ў сярэдняй школе № 1. Праблем ці роздумаў наконт выбару прафесіі не ўзнікала: з дзіцячых гадоў ведала, што будзе ўрачом. На гэта ў пэўнай ступені паўплывала медыцынскае наваколле: маці Анжэлы – акушэрка. Ды і іншыя родныя так ці інакш звязаны з лячэннем людзей: ёсць у сям’і і лабарант, і фельчар, і стаматолаг.

У 10 класе дзяўчына пачала працаваць санітаркай у гінекалагічным аддзяленні. Дзве гадзіны ў дзень, з 18 да 20 гадзін, пасля заняткаў прыходзіла і прыбірала памяшканні. Зрэшты, і першы запіс у працоўнай кніжцы з’явіўся ў 15 гадоў. Асаблівых цяжкасцяў не ўзнікала. За гэты час пазнаёмілася і наладзіла стасункі з многімі ўрачамі, якія пазней сталі калегамі.

Пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Іспыт здавала толькі адзін – біялогію, паколькі залаты медаль даваў ільготы пры паступленні. Пасля вучобы праходзіла інтэрнатуру ў Столінскай бальніцы.

– Я заўсёды гавару маладым спецыялістам, што вельмі карысна і добра пачынаць сваю працоўную дзейнасць на раённым узроўні. Тут больш даверу да маладых урачоў, яны маюць магчымасць атрымаць болей практычных навыкаў, — дзеліцца Анжэла Мікалаеўна. – Я вельмі ўдзячна Бруцкай Людміле Іванаўне, з якой мне пашчасціла працаваць. Многа цікавай літаратуры падарыла, зараз такой няма. А яшчэ яна выкарыстоўвала такі метад навучання – у адказны момант гаварыла: уяві, што мяне тут няма, далей спраўляйся сама. Што й казаць, гэта загартоўвала характар.

Пасля атрымання дыплома лёс прывёў Анжэлу Тукіну ў родны Давыд-Гарадок. І вось ужо 20 гадоў яна жыве ўрачэбнымі клопатамі. Многа гадоў была загадчыкам акушэрска-гінекалагічнага аддзялення, два гады назад назначана намеснікам загадчыка Давыд-Гарадоцкай бальніцы.

– Не так даўно даведалася, што 13 студзеня – дзень майго нараджэння – гэта яшчэ Дзень святой Мяланні, ахоўніцы родаў. Напэўна, многія падзеі былі вырашаны наперад, — усміхаецца Анжэла Мікалаеўна. –  Многія з тых, хто атрымаў медыцынскую адукацыю, не працуюць па спецыяльнасці. А я, калі была б магчымасць адматаць стужку жыцця і нешта перайначыць, таксама выбрала б медыцыну.

Яна пастаянна імкнецца   да  павышэння  прафесійнай кампетэнтнасці, цікавіцца дасягненнямі айчыннай і замежнай медыцыны. Прайшла клінічную ардынатуру ў г. Гродне.  У 2011 годзе ўрачу прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя па спецыяльнасці “Акушэрства і гінекалогія”.

–  Калі ты будзеш стаяць на месцы і не развівацца, выйдзеш з часу, — гаворыць суразмоўца. – Свет за акном вельмі хуткаплынны і вельмі важна паспяваць за ім.

Акрамя Анжэлы Мікалаеўны ў  гінекалагічным  аддзяленні працуюць чатыры ўрачы: Тамара Кузьміч, Валерый Саўчанчык, Аляксандра Марчук, Пётр Тукін, які, дарэчы, родны брат субяседніцы. Людзі, якія ў любой сітуацыі падтрымаюць і дапамогуць. Дружным калектывам медыцынскія работнікі не толькі працуюць, а і адпачываюць.

– У сваёй рабоце больш за ўсё люблю знаходзіцца ў радзільнай зале. Ад асэнсавання таго, што з’явіўся новы чалавек, атрымліваеш вялікае задавальненне. З пачатку года ў нашым раддоме нарадзіліся 289 немаўлят, — кажа Анжэла Тукіна. – Жанчына павінна любіць сябе і клапаціцца пра сваё здароўе. Калі яна будзе здаровай, адчуваць сябе добра і быць у радасным настроі, то яе блізкім будзе побач камфортна.

У вольны час Анжэла Тукіна разам  з  дачкой Надзеяй любяць падарожнічаць. Пабывалі ў Кіеве, Львове, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Сергіевым Пасадзе, Кракаве. Асаблівыя ўражанні пакінула паездка ў Прагу на Ражджаство.

Любяць кветкі і вырошчаюць іх. Вольныя хвіліны прысвячаюць гатаванню розных страў.

Наша сустрэча адбылся напярэдадні Дня маці. Анжэла Мікалаеўна Тукіна віншуе ўсім матуль раёна са святам!

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

У няспынным самаразвіцці: 2 комментария

  • 09.10.2015 в 10:12 пп
    Permalink

    Анжела Николаевна всегда на высоте. Очень ей благодарна за профессионализм.

  • 09.10.2015 в 7:07 пп
    Permalink

    «Ражджаство» )))

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *