У Давыд-Гарадку ёсць “Жар-птушка”

Знакавым стаў для жыхароў Давыд-Гарадка ўрачашні дзень – 8 кастрычніка. Урачыста быў адчынены давыд-гарадоцкі яслі-сад № 2, што пабудаваны на базе казармаў былой ваеннай часці.

Цяпер тут цудоўная дашкольная ўстанова, што добразычліва прыме да  100 маленькіх наведвальнікаў. Кошт праведзеных работ – каля 22 мільярдаў рублёў. Генеральным падрадчыкам была “Столінская ПМК-24”, выкарыстоўваліся айчынныя будматэрыялы.

З вітальным словам да прысутных на ўрачыстасці звярнуўся старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. Ён павіншаваў усіх з радаснай падзеяй – адкрыццём унікальнага  дзіцячага садка.

– З уводам гэтай установы вырашаны тры важныя пытанні, — заўважыў Рыгор Васільевіч. – Практычна выконваюцца сацыяльныя стандарты па забеспячэнні месцамі ў дзіцячых дашкольных установах; створана 25 новых працоўных месцаў; наведзены парадак на тэрыторыі былой ваеннай часці, чым для жыхароў горада створаны больш  утульныя  ўмовы.

Старшыня райвыканкама адзначыў, што менавіта дзякуючы палітыцы, якую праводзіць  Прэзідэнт  краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, стала магчымым зрабіць такі цудоўны падарунак жыхарам Давыд-Гарадка. Немалаважная і падтрымка, увага да вырашэння праблем малых гарадоў старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Васільевіча Ліса. Ад  імя губернатара яслям-садку быў уручаны падарунак – гульнявыя сродкі навучання на 50 мільёнаў рублёў.

Генеральны дырэктар аб’яднання “Брэстаблсельбуд” Уладзімір Фёдаравіч Вабішчэвіч таксама павіншаваў усіх з цудоўным святам. Уручыў загадчыцы ўстановы Ірыне Аляксандраўне Місюра сімвалічны ключ, а таксама падарыў газонакасілку.

Прыемна было чуць з вуснаў загадчыцы ясляў-садка № 2 тое, што дапамогу ў хутчэйшым адкрыцці аказалі і мясцовыя ўлады, і бацькі выхаванцаў, і калегі, і прыватныя прадпрымальнікі.

Цяпер у Давыд-Гарадку жыве “Жар-птушка”. Менавіта так назвалі новую дашкольную ўстанову. А яна і адпавядае сваёй назве – рознакаляровы будынак, гульнявыя пляцоўкі, цудоўныя светлыя пакоі так і вабяць да сябе маленькіх гарэз. Будзем спадзявацца, што даўняе паданне пра тое, што жар-птушка прыносіць шчасце,  спраўдзіцца.

Алена КЛІМУШКА

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *