У цэнтры ўвагі – клопат пра чалавека

На мінулым тыдні адбыўся пленум Столінскага раённага савета ветэранаў. Удзел у ім прыняло і кіраўніцтва раёна: старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, намеснік старшыні Сяргей  Сідарэвіч, загадчыкі аддзелаў і служб раёна, старшыні сельвыканкамаў.

Пра работу савета ветэранаў за 2014-2015 гады расказала старшыня арганізацыі Валянціна Васільеўна Мірановіч. Яна адзначыла, што асноўная задача грамадскага фарміравання – арганізаваць пенсіянераў, падтрымаць у цяжкі момант, наладзіць іх адпачынак, абагульніць станоўчы вопыт работы лепшых пярвічак.

Традыцыйнымі сталі сустрэчы ветэранаў вайны, працы, вязняў фашызму, актывістаў напярэдадні знакавых дат – Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, іншых дзяржаўных святаў. Пастаянна ўшаноўваюцца ветэраны-юбіляры. На жаль, іншым часам старшыні прафсаюзных камітэтаў  калектываў, дзе працавалі пенсіянеры, забываюць пра сваіх былых калег. І абавязак савета ветэранаў нагадаць, папрасіць зрабіць усё магчымае, каб людзі адчулі клопат, ведалі, што яны патрэбны.

Усім вядомы ў раёне хор ветэранаў “Факел”. Там сабраліся людзі, улюбёныя ў песню, якія робяць сваю справу бескаштоўна. Але ім таксама патрэбна дапамога, напрыклад, з тым жа транспартам. Справа ў тым, што з кожным годам такіх калектываў становіцца ўсё менш, нават у маштабах вобласці.

– На жаль, рады ветэранаў вайны радзеюць, — заўважыла Валянціна  Васільеўна. – У гэтым годзе правялі ў апошні шлях ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грама-дзяніна раёна і горада Давыд-Гарадка, выдатніка народнай адукацыі Міхаіла Уладзіміравіча Шэлехава. У Століне не стала Івана Паўлавіча Машлякевіча і ўдавы ветэрана, былой партызанкі і дэпутата Столінскага гарсавета Ганны Яфімаўны Гліняніца.

Валянціна Васільеўна Мірановіч унесла прапанову наладзіць у раёне агляд-конкурс краязнаўчых работ  вучняў на прыз Міхаіла Шэлехава. Была таксама агучана ініцыятыва Турской ветэранскай арганізацыі, у асобе Уладзіміра Трафімавіча Пучынскага, каб на магілах ветэранаў Вялікай Айчыннай былі ўсталяваны памятныя знакі.

На пленуме гучала і пра штодзённыя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца пенсіянерам, пра шляхі іх вырашэння.

Пра работу пярвічак расказалі А. І. Малашка (старшыня Давыд-Гарадоцкай гарадской ветэранскай арганізацыі), Л. А. Карпец (старшыня ветэранскай арганізацыі аддзела культуры), У. М. Домніч (старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС), В. У. Манамс (старшыня Рубельскай ветэранскай арганізацыі).

Старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі выказаў словы падзякі непасрэдна старшыні раённага савета ветэранаў В. В. Мірановіч і ў яе асобе ўсім ветэранам за актыўную жыццёвую пазіцыю, за чуллівае стаўленне да памяці сваіх калег. А таксама папрасіў усіх больш актыўна выказваць свае меркаванні наконт самых розных праблем, што існуюць у нашым грамадстве. Не заставацца абыякавымі назіральнікамі, а быць у гушчыні падзей.

Алена КЛІМУШКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *