У Беларусi будзе забяспечана далейшае стабiльнае развiццё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка правёў нараду па актуальных пытаннях развіцця краіны.

Урад будучага пяцігоддзя сфарміраваны ў асноўным яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў

«Людзі павінны ведаць, хто будзе працаваць пасля выбараў, калі гэтага Прэзідэнта выберуць. І наступнае, што мною было сказана, — тыя, хто за гэты перыяд пакажа сваю недзеяздольнасць, з улады пойдуць.  Я не хачу, каб людзі гэта зразумелі так, што заўтра мы павыганяем дзяржслужачых. Не дай бог, нехта будзе зыходзіць з крытэрыяў асабістай адданасці «падабаецца — не падабаецца», «дагадзіў — не дагадзіў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У новым пяцігоддзі працаваць па-старому будзе немагчыма

«Асабліва гэта датычыцца ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, сілавых структур», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён сказаў, што асаблівая ўвага разам з членамі ўрада будзе ўдзелена губернатарам, бо самае галоўнае пытанне, ад якога залежыць суверэнітэт і бяспека краіны, — гэта эканоміка. А эканомікай у краіне займаюцца ўрад, губернатары і падпарадкаваныя ім структуры.

Людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю

Інтарэсы і праблемы людзей — самае галоўнае для ўсіх органаў улады.

У грамадстве назбіралася крытычная маса чаканняў, якія трэба задаволіць

Прэзідэнт падкрэсліў, што не хоча згуляць на папулізме, які павінен быць поўнасцю выключаны з палітыкі. Людзі чакаюць змяненняў да лепшага. «І асаблівасць праведзеных выбараў можна ахарактарызаваць наступным чынам: мы вас падтрымаем і падтрымалі, але патрэбны змяненні да лепшага», — выказаў Аляксандр Лукашэнка пажаданні людзей.

Урад павінен удзяліць сур’ёзную ўвагу пытанням цэнаўтварэння

«Возьмем адно пытанне, хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння, а яно звычайна вядзе да росту цэн (асабліва, калі гэта бескантрольна), кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэнь. Вытворца? Як жа. Тыя, хто вырабляе тавары, атрымліваюць мізэрны прыбытак. А тыя, хто потым працуе з гэтым таварам, атрымліваюць шмат незаробленых грошай», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі патрабуе максімальную ўвагу ўдзяліць экспарту прадукцыі

«Патрабую ад вас у гэты крызісны час распісаць літаральна «паштучна», калі хочаце, кожны трактар, аўтамабіль, кілаграм мяса і малака і вызначыць, куды мы іх будзем пастаўляць, хто адказны, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — Кантроль — штоквартальны, па некаторых пазіцыях — штомесячны».

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што з банкірамі будзе асобная размова: «З такой цяжкасцю заробленая валюта ідзе на розныя непатрэбныя мерапрыемствы ды дробязі і вывозіцца за мяжу. Гэта недапушчальна».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сёння самы лепшы час для эфектыўнай работы

«Вы заўсёды гаварылі, што вельмі высокія цэны на энерганосьбіты і сыравіну, якіх у нас няма. Усё астатняе ёсць — тэхналогіі, дасведчаныя падрыхтаваныя людзі. Сёння цэны на сыравіну самыя нізкія. Вырабляйце і прадавайце», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў: «Санкцыі зняты. Дзейнічайце».

Рэформы ў Беларусі будуць накіраваны на ўдасканаленне існуючага, а не яго ломку

«Некаторыя гавораць: ёсць крэдыт даверу і трэба правесці непапулярныя меры, прычым вельмі хутка, чытай — трэба хуценька рэзаць па жывым. Калі будзеце прэзідэнтамі, тады будзеце рэзаць. Я нікога і нічога рэзаць не маю намеру. А, калі хочаце разануць, пачнём з тых, хто гэта прапануе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб не спыняцца, а ўдасканальвацца».  І ў гэтым сутнасць нашых рэформ», — заявіў ён.

Прэзідэнт таксама адхіліў прапановы па скарачэнні колькасці працуючых на буйных прадпрыемствах. «Людзей, якія хочуць працаваць, выкідаць на вуліцу ніхто не мае права. Атрымаеце за гэта крымінальную адказнасць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі будзе вырашацца толькі з улікам меркавання людзей

Прэзідэнт  лічыць,  што  людзі самі павінны вызначыцца, ці неабходна ў бліжэйшы час уносіць такія змяненні.

«Я аб гэтым гаварыў яшчэ ў перадвыбарны перыяд, што пенсійны ўзрост давядзецца павышаць. Нам трэба яго павышаць, але людзі гэтага не хочуць. Таму ў нас у краіне невялікія пенсіі. Мы сёння маем той пенсійны фонд, які маем», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго думку, у любым выпадку пытанне павышэння пенсійнага ўзросту можа «вырашацца праз людзей». «Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы папросім у іх падтрымкі.  Пагодзяцца — правядзём змяненні. Не – значыць, не».

«Мы ўсюды пішам — дзяржава для народа. Дык давайце слухаць народ», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Выканальніцкая дысцыпліна застаецца пытаннем нумар адзін

«Кожны з вас (членаў урада. — Заўвага БЕЛТА) у сваёй праграме павінен прапанаваць, калі вы хочаце працаваць, упарадкаванне структуры, якой вы будзеце кіраваць. Тут і ўпарадкаванне залішняй колькасці, перш за ўсё ў дзяржаўных структурах і кіраванні. І перш за ўсё за кошт аптымізацыі колькасці дзяржструктур мы павінны зрабіць павышэнне зарплаты», — заявіў Прэзідэнт. «Такога ўзроўню зарплаты і грашовага забеспячэння, якія цяпер ёсць у краіне, не павінна быць да канца будучага года. Гэта галоўная мэта нашай работы», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе ад чыноўнікаў выключыць паператворчасць і бюракратызм

«Не дай бог, мне паскардзяцца, што хтосьці з вышэйстаячых патрабуе лішняй, незразумела якой інфармацыі або запрашэння да размовы на нарады, часам бескарысныя, крыўдуйце на сябе. Дні вашы ва ўладзе будуць злічаны».

Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: «Не перашкаджайце людзям працаваць. Гэта датычыцца ўсіх — і ў эканоміцы, і ў дзяржструктурах, і ў праваахоўных органах, а таксама ў арміі. Ніякіх лішніх званкоў, патрабаванняў інфармацыі і лішніх скліканняў у цэнтр для таго, каб правесці нейкія нарады. Лепш едзьце на вытворчасць і там вырашайце пытанні».

Трэба забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне незалежнай Беларусі

«Адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы, і мы разам павінны адкрыць гэту старонку — сумленна, прынцыпова, адказна, — адзначыў Прэзідэнт. — Наперадзе нас чакаюць вельмі сур’ёзныя выпрабаванні. Неабходна забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне гэтай суверэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі».

БелТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *