У атмасферы радасцi

14 кастрычніка ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання  насельніцтва прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню маці і  Пакрову Прасвятой Багародзіцы.

У святочнай зале сабраліся бацькі маладых людзей, якія наведваюць аддзяленне. Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся загадчык Сцяпан Сцяпанавіч Кудравец.

– Такое мерапрыемства праходзіць ўпершыню, — адзначыў Сцяпан Сцяпанавіч. – Раней маладыя інваліды выступалі з тэатральнымі нумарамі на сцэнах абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў і за межамі краіны. Атрымліваюць развіццё новыя формы работы, функцыянуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзве майстэрні (па вырабе сувеніраў і швейная), працуе тэатр аддзялення “Калейдаскоп”. З верасня пачаў работу літаратурна-музычны гурток. Маладыя інваліды асвоілі ўвесь спектр творчых кірункаў і самастойна падрыхтавалі канцэрт. Плануецца кожны год ладзіць такое мерапрыемства, гэта стане своеасаблівай справаздачай работы.

Сцяпан Кудравец звярнуў увагу на тое, што сацыяльная адаптацыя павінна праводзіцца сумесна бацькамі, спецыялістамі і непасрэдна маладымі інвалідамі. Дзяржава праяўляе клопат аб маладых інвалідах, ствараюцца ўмовы для іх самарэалізацыі. Бацькі могуць не хвалявацца за сваё дзіця, калі яно знаходзіцца ў аддзяленні. Тут юнакі і дзяўчаты не толькі рэалізоўваюць творчыя задаткі, займаюцца фізічнай культурай, бываюць на розных экскурсіях, але і вучацца сацыяльна-бытавым навыкам: гатаваць ежу, высаджваць кветкі, даглядаць сад і інш.

Дарэчы, маладыя інваліды, якія жывуць у Століне ці ў Столінскім раёне, маюць магчымасць атрымліваць такія паслугі, наведваючы аддзяленне дзённага знаходжання.  Усе падрабязнасці можна атрымаць па нумары 2-01-13.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дземідовіч Любоў Фёдараўна павіншавала прысутных са святамі і пажадала здароўя, добрага настрою і поспехаў.

А далей прысутныя апынуліся ў атмасферы радасці і добрага настрою: спявалі,  танцавалі, расказвалі вершы. Вядучая канцэрта Савіцкая Вольга запрашала на сцэну рабят.

Цупа Дзяніс прачытаў верш на беларускай мове “Мая Радзіма – Беларусь”. Алена Ляшко праспявала песню “Дарога дабра”, а таксама ў суправаджэнні лірычнай мелодыі прачытала верш “Учитесь управлять собой”. Квяткоўская Вольга расказала байку “Ганарысты парсюк”. Тэатр “Калейдаскоп” прадставіў інсцэніроўку “Мамы”. Група рабят выканала песню “Сяброўства”, саліравала Алена Ляшко. Цупа Дзяніс і Карповіч Наталля паказалі мініяцюру “Дзед і бабка”. Фінальную песню выканала Савіцкая Вольга, а дапамаглі ёй усе ўдзельнікі канцэрта.

Кожнаму госцю падарылі сувеніры ручной работы. Увазе бацькоў былі прадстаўлены выстаўка малюнкаў і фотакалаж памятных момантаў.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *