Свята на Зарэчнай вулiцы

Штогод, пачынаючы з 2008 года, 15 кастрычніка адзначаецца  Міжнародны дзень сельскай жанчыны. Ідэя правядзення прапанавана на 4-й Жаночай канферэнціі ААН, якая прайшла ў 1995 годзе ў Пекіне.

Безумоўна, роля жанчын, якія жывуць у сельскай мясцовасці і многа часу надзяляюць рабоце на зямлі, неацэнная. Іх праца зачастую цяжкая, патрабуе шмат фізічных сіл.

— Другі год запар Столінскім цэнтрам сельскага развіцця ладзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага дня. У мінулым годзе сельскія жанчыны наведалі аграсядзібу “Хутар Столінскі”, — гаворыць спецыяліст Столінскага цэнтра сельскага развіцця Марыя Андрусік. — Сёлета 14 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з Альшан, Веляміч, Крушына, Высокага, Рамля, Хорска, Рубля, Варанёў, Малых Арлоў прынялі ўдзел у двухдзённым азнаямляльным візіце ў аграсядзібу “На Зарэчнай вуліцы”, што ў Кобрынскім раёне.

Азнаямляльны візіт  прайшоў у рамках праекта “Агародніцкая сетка па эксперыментаванні, абмене і распаўсюджванні інфармацыі”. У першы дзень гаспадыня аграсядзібы Ала Полікарпук расказала, як пачынала свой шлях у аграэкатурыстычны бізнэс, дзе знайшла стартавы капітал для адкрыцця сваёй справы, падзялілася сакрэтамі поспеху. Яна, напрыклад, не праводзіць у аграсядзібе ўсе магчымыя банкеты (вяселлі, юбілеі). Лічыць, што гэта рэстаранны бізнэс, сама ж больш арыентуецца на стварэнне добрага адпачынку для невялікіх груп людзей.

Гаспадыня ўтульнага куточка на ўлонні прыроды распавяла, што ў Кобрынскім раёне створаны своеасаблівы савет аграсядзіб. Іх уладальнікі дапамагаюць адзін аднаму, дзеляцца парадамі ў складаных сітуацыях. Узаемавыручка і ўзаемападтрымка даюць магчымасць працаваць зладжана і без агрэхаў.

У час знаходжання ў аграсядзібе, быў праведзены псіхалагічны трэнінг для жанчын, у час якога яны пазнаёміліся і наладзілі стасункі.

На наступны дзень падчас прагулкі да ракі і азнаямлення з тэрыторыяй аграсядзібы яны са Столінскага раёна даведаліся пра тэхнічныя моманты ўтрымання аграсядзібы: дастаўка і прыём гасцей, іх размяшчэнне, арганізацыя экскурсій і г. д.

Ала Полікарпук правяла цудоўны майстар-клас па прыгатаванні стараславянскіх страў з агародніны. Інгрэдыенты выбраны не выпадкова, бо сельскія жанчыны не па чутках ведаюць пра вырошванне гародніны. Клапатлівыя гаспадыні ўбачылі, як гатаваць мачанку, кісель, бабку, салат з сырой агародніны і іншае. Да таго ж, змаглі ўсё гэта прадэгуставаць.

Пасля была арганізавана экскурсія ў конна-спартыўную школу, якая пакінула прыемныя ўражанні: на тэрыторыі  ўсё чыста, прыбрана, коні дагледжаныя, а работнікі – людзі, апантаныя сваёй справай, хварэюць за яе душой.

Сваімі ўражаннямі па-дзялілася ўдзельніца семінару Ганна Грышчук: “Да гэтага часу знаходжуся пад уражаннем. Мы змаглі цудоўна адпачыць. Цікава было пазнаёміцца з аграсядзібай, даведацца пра асноўныя аспекты арганізацыі работы. Мяне  заха-піў майстар-клас, дзе гатавалі стравы, найбольш спадабалася кулага “Палеская”. З удзельніцамі я таксама падзялілася сваімі рэцэптамі. Два дні, праве-дзеныя ў аграсядзібе, былі вельмі насычанымі і пазнавальнымі”.

На памяць аб сустрэчы жанчыны напісалі на плакаце свае меркаванні,  добрыя словы на адрас арганізатараў, пажаданні, планы на наступны год.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *