Шэсць сыночкаў і лапачка-ўнучка

— Бабуля, а калі ты мяне запляцеш, я буду вялікай ці маленькай прыгажуняй? – сур’ёзна пытае двухгадовая Ганначка і з нецярпеннем зазірае ў люстэрка.
— Канешне, вялікай прыгажуняй, усе жаніхі твае будуць, — жартуе бабуля, перабіраючы рознакаляровыя прыколкі і стужкі.
Усе яны занялі месца на кучаравых валасах дзяўчынкі — і прычоска нарэшце зроблена. Хутчэй за ўсё да вечара наўрад ці яна захаваецца, бо ў Ганначкі сто спраў за дзень: то яна з бабуляй даглядае, то “парадак” наводзіць на кухні, то з суседскімі дзецьмі бегае…
Але Ганна Васільеўна Чарвінская з аграгарадка Альшаны ўсё прабачае гарэзлівай унучцы. Дзіва што, яна першая дзяўчынка, якая з’явілася ў вялікай сям’і. Ды і не так часта бачыць бабуля Ганначку. Жыве тая разам з бацькамі і старэйшым брацікам Арцёмам у Альхновічах Мінскай вобласці. Ажно два тыдні яна гасцявала, пакуль сын з нявесткай ездзілі ў Сочы на адпачынак. Калі ў старэйшага сына Васіля нарадзілася дзяўчынка, ён без роздумаў назваў дачку ў гонар маці, і яна поўная цёзка сваёй бабулі. А сама Ганна Васільеўна — шчаслівая маці шасцярых сыноў!
Восем гадоў таму, яшчэ да нараджэння апошняга сына Давыда, жанчына была ўзнагароджана ордэнам Маці. Яму было ўсяго некалькі месяцаў, калі Ганну Васільеўну запрасілі для ўрачыстага ўручэння ў Брэст. Адразу адмовілася, казала, што шмат клопатаў на ёй, але сакратар Альшанскага сельскага Савета Ганна Пятроўна Васюхневіч угаварыла мнагадзетную маці. І дагэтуль дзякуе ёй жанчына, бо падарожжа атрымалася вельмі прыемным і цікавым. Успамінае, што прымалі іх як самых дарагіх гасцей: прыгожыя кветкі, каштоўныя падарункі, словы ўдзячнасці. Нават расчулілася, бо неспадзяванай стала такая павага.
Пасля віншавання разам з іншымі маці-гераінямі Ганна Васільеўна была ў шыкоўным рэстаране, у якім за свае амаль сорак гадоў на той час апынулася ўпершыню. Больш таго, яна трапіла на старонкі газеты “Заря”, тым самым услаўляючы сваю малую Радзіму.
Пакуль Ганна Васільеўна была ў Брэсце, дома завіхаўся муж Аляксандр Міхайлавіч. Ён заўжды дапамагае жонцы, упэўнены: жанчыне таксама трэба адпачываць. Больш за чвэрць стагоддзя поруч, дзелячы ўсе сямейныя турботы і радасці. Пазнаёміліся яны, калі маладая дзяўчына прыехала працаваць у Альшаны кандытарам у кафэ. Але як пайшла Ганна ў дэкрэтны водпуск, дык 13 гадоў прысвяціла нараджэнню і выхаванню сыноў. Пасля Васіля нарадзіўся Міхаіл, якому зараз 23 гады. Пакуль сям’ю не стварыў, працуе электрыкам на птушкафабрыцы “Заходняя” ў вёсцы Высокае. Давялося паразмаўляць з Дзімам – чацвёртым сынам Ганны Васільеўны.
— У нас маці — самая лепшая, — з гонарам кажа ён. – Яна для нас самы лепшы дарадчык. Нават калі і ёсць нейкія праблемы, у маці заўсёды знойдуцца патрэбныя словы. І быццам не было дрэннага настрою. Мы з братамі можам давяраць ёй у любой сітуацыі. Раіла вучыцца, кажа, што за плячыма адукацыю не носіш, а настане час, калі яна абавязкова спатрэбіцца. Так і атрымліваецца, таму мы ніколі не спрачаемся з нашай маці.
Дзіма – навучэнец Столінскага прафесійнага ліцэя, вучыцца на электрыка, а яшчэ атрымлівае вадзіцельскае пасведчанне і спецыяльнасць муляра. Упэўнены: мужчына павінен умець рабіць усё, каб быць насамрэч самастойным. Таму для пятага хлопца Паўла прыкладам з’яўляюцца старэйшыя браты. Нягледзячы на ўпарты характар, 15-гадовы падлетак ніколі не пакіне заданне нявыкананым, ведае, словы бацькоў – закон. Яны з Давыдам зараз праводзяць шмат часу разам, бо ўсе астатнія браты прыязджаюць толькі ў госці да бацькоў. Дзевяць гадоў таму сям’я самастойна пабудавала новы дом. Цвік за цвіком, цагліна за цаглінай, таму ён — сапраўдная крэпасць для Чарвінскіх. Жанчына ўпэўнена: толькі тая сям’я будзе шчаслівай, дзе адзін да аднаго ставяцца з павагай, хваляваннем, дзе няма месца дрэнным словам і грубасці, куды заўсёды хочацца вярнуцца. Таму да Бога ў Ганны Васільеўны толькі адна просьба: каб у кожнага з яе сыноў была свая моцная сямейная крэпасць.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *