Растваральнік розуму і здароўя

Прайшло судовае пасяджэнне на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы Д. М. Харашуна.

Жыхар аг. Белавуша  Д.,  1978 г. н., набыў без мэты збыту каля 8 грамаў небяспечнага наркатычнага сродку – марыхуаны.

Знаходзячыся ў стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення, вечарам каля магазіна “Цэнтр” у г. Століне быў затрыманы супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў.  Некалькі грамаў наркотыкаў захоўваў пры сабе, частку — па месцы жыхарства. Пры вобыску рэчыва было канфіскавана.

Гэта не адзіны выпадак захоўвання наркотыкаў. Раней мужчына захоўваў пры сабе больш за адзін грам марыхуаны і перадаваў яе трэцім асобам.

Д. у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення вечарам аднаго дня, знаходзячыся каля дома № 13 па вул. Церашковай у г. Століне, шляхам дарэння збыў сродак наркатычнага паходжання другому мужчыне, жыхару райцэнтра.

У справе жыхара Белавушы маюцца і іншыя парушэнні закону. Ён наўмысна, з хуліганскіх матываў кінуў камень у пасажырскі аўтобус, які рухаўся па дарозе. Такімі паводзінамі  Д. парушыў грамадскі парадак, стварыў пагрозу бяспецы дарожнага руху і пасажыраў.

Вынік вольных паводзін – разбітае лабавое шкло, нанесены ўрон больш за 2 мільёны рублёў. Да таго ж, маральны ўрон атрымаў вадзіцель транспартнага сродку.

Суд прызнаў вінаватым Д. у незаконным набыцці і захоўванні наркатычных сродкаў без мэты збыту згодна з ч. 1 арт. 328   Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, незаконным збыце наркатычных сродкаў, учыненым асобай, якая раней учыніла злачынства па арт. 328 Крымінальнага кодэкса, наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і паказваюць відавочную непавагу да грамадства і суправаджаюцца пашкоджаннем чужой маёмасці (хуліганства) па ч. 1. арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на восем гадоў і шэсць месяцаў без канфіскацыі маёмасці з адбыццём у выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Наркотыкі – добры растваральнік. Дурман, які вельмі лёгка растварае свядомасць і розум чалавека, яго здароўе і жыццё.

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *