Прыбавілі ўдвая

За палавіну пяцігодкі, а дакладней, з красавіка 2013 года, працаўнікі СВК “Новая Прыпяць” павялічылі дзённую вытворчасць малака больш чым у два разы. Калі той вясною з гаспадаркі на перапрацоўку штодня адпраўлялі каля 14 тон малака, дык цяпер – больш за 30 тон.

Такім чынам цалкам спраўдзіўся прагноз старшыні праўлення СВК “Новая Прыпяць” Івана Мікалаевіча Антановіча, які ён зрабіў перад пачаткам ажыццяўлення карэннай рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў у гаспадарцы два з паловай гады таму. 13 красавіка 2013 года ў час візіту на Століншчыну Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка наведаў СВК “Новая Прыпяць”, пацікавіўся перспектывамі яго развіцця. Тады і быў выказаны такі смелы прагноз, якому аказалася суджана збыцца.

– За гэты час гаспадарчым спосабам і з дапамогай ПМК-24 мы пабудавалі і запоўнілі дойным статкам два сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, якія даюць цяпер рэальную аддачу, — гаворыць Іван Мікалаевіч, — на першым  у  Сямігосцічах утрымліваецца 765 дойных кароў, на ферме “Круглае” ў Альшанах – 600.

Без такой мадэрнізацыі не было б ні дасягнутага аб’ёму прадукцыі, ні высокай яе якасці.

Такія паступальныя перамены не могуць не ўражваць. У заліковай вазе па выніках васьмі месяцаў гэтага года малака рэалізавана 6963 тоны, што на 1122 тоны больш, чым за адпаведны перыяд папярэдняга года. Сярэдні надой на кожную карову павялічыўся адпаведна на 407 кілаграмаў і склаў 4069 кілаграмаў малака.

Два з палавінай гады таму з ферм гаспадаркі яшчэ не паступала малака класа “экстра”. За восем месяцаў гэтага года такая прадукцыя склала 54 працэнты ў агульным аб’ёме.

– Мы стварылі належныя ўмовы для кароў і, што не менш важна, – для жывёлаводаў, – разважае Іван Мікалаевіч. – Спрыяльныя ўмовы, дастойная заработная плата сталі прычынамі таго, што ў нас цяпер ёсць конкурс на работу на фермах. А яшчэ ж некалькі гадоў таму мы не маглі знайсці людзей для работы жывёлаводамі.

З мадэрнізацыяй у жывёлагадоўлі гаспадаркі старшыня праўлення СВК звязвае і паспяховае ажыццяўленне праграмы па галштынафрызацыі малочнай пароды. Такія каровы ўжо складаюць 50 працэнтаў статка. Усе цялушкі на аднаўленне дойнага статка – уласныя. Спецыялісты гаспадаркі плённа працуюць над тым, каб мець на кожнай ферме добры дойны статак. Галоўны заатэхнік, два заатэхнікі-селекцыянеры, пяць ветэрынарных урачоў, пяць тэхнікаў-асемянатараў мэтанакіраваны на канчатковы вынік і вядуць справу да поспеху.

З пачатку года выхад цялят на 100 кароў склаў 81 галаву. Па выніках апошніх гадоў не было выхаду цялят на 100 галоў менш чым 90 галоў. Толькі за восем месяцаў па гаспадарцы атрымана 1667 цялят. Значна зменшыўся паморак маладняку – на 53 галавы.

У значнай меры поспех у племянной рабоце дасягаецца дзякуючы перадавым тэхналогіям. Несумненны эфект прыносіць пакрокавая сістэма кіравання статкам. На  мадэрнізаваных малочнатаварных фермах з дапамогай камп’ютара на кожнай дойцы беспамылкова на ранняй стадыі выяўляюцца каровы, якія прыходзяць у ахвоту. Яны адразу ж накіроўваюцца ў цэх пакрыцця. Пасля кантролю тэхніка-асемянатара памылкі з вызначэннем кароў для асемянення практычна выключаны.

Ва ўсіх гэтых лічбах і фактах бачыцца добрая перспектыва.

На сёння прыкладна 60 працэнтаў усяго малака гаспадаркі забяспечваюць дзве мадэрнізаваныя фермы. Зразумела, што да іх узроўню трэба падцягваць і астатнія фермы. Цяпер вырабляецца праект на рэканструкцыю фермы “Лодыч”. Мадэрнізацыя яе будзе ажыццяўляцца ў 2016 годзе.

 Спрыяльныя ўмовы ўтрымання, перспектыўнае племянное ядро – гэта адзін бок медаля. Усё можна страціць, і такія прыклады ёсць і ў нашым раёне, калі не забяспечваць належнае кармленне жывёлы.

Штогод, і цяперашні сезон не выключэнне, у СВК “Новая Прыпяць” забяспечваецца паўтарагадовы запас травяністых кармоў на стойлавы перыяд утрымання. А з мая па кастрычнік, заклаўшы 220 гектараў люцэрны і 270 гектараў канюшыны, жывёлу на комплексах гаспадаркі забяспечылі багатым бялковым харчаваннем.

Мець такую багатую кармавую базу – мара кожнага ў жывёлагадоўлі. У Альшанах мара стала рэчаіснасцю, бо тут высокая культура земляробства, без чаго стварэнне надзейнай кармавой базы проста не ўяўляюць.

Фёдар ШУМКО

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *