Педыятрычнае аддзяленне паліклінікі — на новым месцы

Нядаўна педыятрычнае аддзяленне паліклінікі Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы пераехала на новае месца жыхарства – цяпер яно знаходзіцца ў дзіцячым корпусе бальніцы.

Уваход у дзіцячую кансультацыю, як звыкла яе называюць жыхары, побач з прыёмным пакоем дзіцячага аддзялення.

— З пераездам у новае памяшканне ўмовы работы змяніліся да лепшага, — дзеліцца загадчыца аддзялення Святлана Расціславаўна Мацвейчык. — Аб гэтым гаворыць і медыцынскі персанал, і маці, якія прыводзяць на прыём сваіх дзяцей.

У дзіцячай кансультацыі два ўваходы: для здаровых і хворых дзетак. Калі раней адзін кабінет урачы дзялілі у залежнасці ад змены, то зараз кожны педыятр працуе ў асобным кабінеце.

Ёсць таксама даўрачэбны, працэдурны, прышчэпачны кабінеты, пакой для здаровых дзяцей. Прасторная рэгістратура — да паслуг пацыентаў.

У педыятрычным аддзяленні паліклінікі знаходзіцца кабінет лагапеда. Абсталяваны пакойчык для медперсаналу.

Новае памяшканне радуе пакуль яшчэ некранальнай чысцынёй і акуратнасцю. У ім цёпла і ўтульна.

Дарэчы, для калясак падрыхтаваны два спецыяльныя месцы — павеці. Тут мамы змогуць пакінуць дзіцячы транспарт на час наведвання ўрача. Зручна, бо нават калі будуць ападкі, з каляскай нічога не здарыцца – яна пад накрыццём.

Галоўны ўрач Столінскай ЦРБ Пётр Аркадзьевіч Пашкевіч расказаў, што рамонтныя работы выконвала Столінская ДБПМК-32. Менш чым за два месяцы справіліся  работнікі. Усё зроблена хутка і якасна. На гэтыя мэты асвоена 670 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту.

Калектыў аддзялення выказвае падзяку старшыні Столінскага раённага выканаўчага камітэта Пратасавіцкаму Рыгору Васільевічу за падтрымку і садзейнічанне.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *