Мікрараён — паказчык абыякавасці да грамадскага парадку …

Рэйд па добраўпарадкаванні працягваецца і мы рухаемся далей у накірунку р. п. Рэчыца. А тут, паверце мне, ёсць аб чым гаварыць і ёсць чаму здзіўляцца, каб  хоць як-небудзь закрануць кіраўніцтва камунальнай гаспадаркі  і саміх людзей у навядзенні парадку на тэрыторыі, за якую кожны адказвае.

На першы погляд складваецца такое ўражанне, быццам трапляеш у іншую цывілізацыю ў параўнанні  з г. Столінам. Калі на вуліцах райцэнтра паўсюдна разбіты кветнікі, якія перыядычна паліваюцца, праполваюцца, даглядаюцца, дык у р. п.  Рэчыца кветнікі сустракаюцца рэдка.  Няма кветак – няма праблем.

У той час, калі ў горадзе актыўна мятуцца вуліцы, у Рэчыцы сустрэць прадстаўнікоў камунальнай службы даводзіцца значна радзей.

  Сітуацыя ў мікрараёне, дзе з чарговым рэйдам прайшоўся карэспандэнт “НП”,   пакідае жадаць  лепшага.  Як гавораць, “чем дальше в лес, тем больше дров”. Аналагічна і тут.  Хаця ў цэнтры мікрараёна  каля лавачак замацаваны мяхі для збору бытавых адходаў, але пасля выхадных  дзён тут адчуваюцца вынікі бурнага часаправядзення: і раскіданыя шкляныя і пластыкавыя бутэлькі  ад спіртнога, і кулькі з-пад чыпсаў і кірыешак, і вялікая колькасць шалупіння ад семак. Але гэта не самае страшнае, бо яно знахо-дзіцца на вачах і хочаш не хочаш, а прыбраць прыхо-дзіцца. Уражвае абыякавасць да ўсяго нашых грамадзян, якія думаюць выключна пра сябе і пра тое, каб камфортна было тут і ў гэты момант “іх вялікасці”.

Дарогу, якая вядзе да амбулаторыі каля сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца, злева аздабляюць параскіданыя ля агароджы бутэлькі. Насупраць кантэйнераў для раздзельнага збору бытавых адходаў — велізарная гурба галля.  Самае страшнае, што побач знаходзіцца школа і на шляху дзяцей ляжыць шмат бітага шкла. І гэта ў той час, калі мы праводзім месячнікі па зборы другаснай  матэрыяльнай сыравіны і гаворым пра бяспеку нашых дзяцей.

На супрацьлеглым баку ад школы ў  зарасніках акацыі можна  сабраць месячную норму макулатуры. Карціна проста ўражвае!

Бліжэй да шматпавярховак пасля правядзення палявых работ на сваіх міні-агародчыках многія забылі  прыбраць гурбы смецця.

Вось і гаражы, ці лепш сказаць, – паказчык грамадзянскай абыякавасці і беспарадку, бо калі б не ўбачыла на ўласныя вочы, дык ніколі б не паверыла, што ў наш час могуць яшчэ сустракацца такія звалкі масавага характару. Проста жах! Можна сказаць, што пад вокнамі, а калі гаварыць больш дакладна, то за 17 крокаў, нехта выгрузіў добрую гурбу адходаў будаўнічых матэрыялаў. Відаць, у кватэры рамонт зрабілі, а вынікі працы – на вуліцу.

Прахожыя, назіраючы, як карэспандэнт “НП” робіць фотаздымкі гэтага беспарадку, з абурэннем заўважалі, што “людзі ўжо зусім сорам страцілі – усё навокал ператварылі ў звалку, нават хадзіць страшна”. “А каб вы ўбачылі, што яшчэ робіцца каля новых шматпавярховак, там таксама ёсць на што пагля-дзець”, – заўважалі людзі. Можа, большасці і падабаецца жыць у такіх умовах і яны па гэтай прычыне не прымаюць ніякіх дзеянняў для паляпшэння ўмоў свайго жыцця, а іншыя, хто займае адпаведныя пасады і павінны сачыць за дабраўпарадкаваннем тэрыторыі, “здаецца, й робяць штось, але справы слабы”.  Мы ж раўнадушна назіраем за ўсім, ды ўсё больш і больш топімся ў брудзе і празмернай  колькасці адходаў.

Людміла ПРЫГАВОРКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *