Па лекi – у аптэку

Аптэка, якая размяшчалася ў невялікім будынку па вуліцы Савецкай (паварот на аг. Струга), пераехала на новае месца жыхарства. Цяпер яна знаходзіцца ў не так даўно адчыненым магазіне “Санта”. 

Днямі адбылося афіцыйнае адкрыццё, на якім прысутнічалі намеснік старшыні Столінскага раённага выканаўчага камітэта Сідарэвіч Сяргей Фёдаравіч, загадчык Столінскай цэнтральнай  раённай   аптэкі   № 71 Цывунчык Надзея Сцяпанаўна.

Не зраблю вялікага адкрыцця, калі скажу, што сучасны чалавек хоча набыць усё неабходнае ў адным месцы, не марнуючы час на перасоўванні. Менавіта з гэтай прычыны было прынята рашэнне аб абсталяванні аптэкі ў вялікім гандлёвым аб’екце.

Памяшканне з лекавымі сродкамі знаходзіцца не ў гандлёвай зале, а мае асобны ўваход.  Прыемна адзначыць: у параўнанні з папярэднім яно мае відавочную перавагу – больш прасторнае, светлае, утульнае. Захоўваецца належны тэмпературны рэжым.

У асартыменце прэпараты як айчыннай, так і замежнай вытворчасці, а таксама суправаджальныя тавары: касметыка, сродкі гігіены і інш.

Ветліва, хутка і якасна абслугоўваюць фармаўцэўты-рэцэптары Агейчук Аксана Іванаўна і Вішнявецкая Валянціна Іванаўна, правізар Вандзіч Любоў Мікалаеўна.

Рэжым работы з 8 да 21 гадзіны, у суботу і нядзелю – да 18 гадзін. Для зручнасці наведвальнікаў у сераду, суботу і нядзелю будуць працаваць дзве касы, у астатнія дні – адна.

У многіх жыхароў горада і раёна існуе меркаванне, што лекі па льготных і бясплатных рэцэптах можна атрымаць толькі ў цэнтральнай аптэцы. На самай справе, гэта памылковая думка. Лекавыя сродкі па такіх рэцэптах выдаюць у любой аптэцы дзяржаўнай формы ўласнасці.

Дарэчы, усе аптэкі Брэсцкага РУП “Фармацыя” даюць скідкі ў 5 працэнтаў ад кошту тавару на лекавыя сродкі, якія выпускаюць  айчынныя заводы-вытворцы, асобным катэгорыям грамадзян: інвалідам усіх катэгорый, асобам пенсіённага ўзросту (мужчыны па дасягненні 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў), мнагадзетным сем’ям (якія выхоўваюць трох і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў), дзецям да трох гадоў. Скідка не распаўсюджваецца на тавар, у якога памер гандлёвай надбаўкі роўны ці меншы за прадастаўляемую скідку, а таксама на лекавыя сродкі, якія прыгатаваны па індывідуальных назначэннях (рэцэптах) урачоў.

Абавязковая ўмова для атрымання скідкі – прад’яўленне дакумента, які пацвярджае прыналежасць да той ці іншай катэгорыі, і рэцэпт урача, выпісаны па поўным кошце на адпаведнае імя (для дзяцей да трох гадоў – на імя дзіцяці, пашпарт маці ці бацькі). Падрабязная інфармацыя ёсць каля кожнай касы ў аптэцы.

А ўвогуле, усім чытачам хочацца пажадаць як мага радзей хварэць і ў аптэку прыходзіць толькі па вітаміны!

Святлана

ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *