Нястомная энергiя, запал i творчая натура

У аўторак 13 кастрычніка ў зале Столінскага гарадскога дома культуры сабраліся тыя, хто робіць наша жыццё яркім, напаўняе радасцю, дорыць нам свята. І як ні дзіўна, сваё, як і многія іншыя, наладзілі культработнікі, якія адзначалі  прафесійнае свята.

Харэаграфічная замалёўка “Вам і не снілася” нагадала пра шмаграннасць творчай натуры, няспынную крыніцу ідэй і таленту культработнікаў, натхненне і іх творчыя планы.

Работнікаў устаноў культуры раёна цёпла віталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба і старшыня раённага выканаўчага  камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.

Васіль Заруба коратка спыніўся на дасягненнях галіны, расказаў пра творчыя і фінансавыя паказчыкі, шчыра падзякаваў за работу.

Пра тое, што культура займае лідзіруючыя пазіцыі ў народнагаспадарчым комплексе раёна, гаварыў у сваім выступленні Рыгор Пратасавіцкі. Ён акцэнтаваў увагу на з’явах, якія робяць нашу Століншчыну вядомай далёка за межамі вобласці і рэспублікі. Гэта Цэнтр драўлянай скульптуры ў Цераблічах, Цэнтр ганчарства ў Гарадной, раённы краязнаўчы музей, заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь – хор “Крыніца” і ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”. Кіраўнік раёна выказаў захапленне творчым запалам людзей, якія ўзначальваюць гэтыя ўстановы, шчыра падзякаваў увогуле ўсім культработнікам раёна за прафесіяналізм і сумленнае выкананне службовых абавязкаў, пажадаў моцнага здароўя, зямных даброт і каб на жыццёвым шляху Бог пасылаў сустрэчы толькі з цудоўнымі людзьмі, такімі, як сапраўдныя карыфеі культуры Дзіна Ціханаўна Бажко, Іван Піліпавіч Супрунчык, Алена Канстанцінаўна Аўсянік, Пётр Іванавіч Астапчук, Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец і многія іншыя.

Рыгор Васільевіч уручыў Падзячны ліст раённага выканаўчага камітэта вядучаму метадысту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аляксандру Валер’евічу Марушку і Падзячны ліст раённага Савета дэпутатаў дырэктару Веляміцкага ЦСДК Кацярыне Андрэеўне Раўкач.

Тых, хто многія гады прысвяціў служэнню мастацтву, а цяпер на заслужаным адпачынку і знаходзіцца ў зале, павіталі дружнымі  апладысментамі і ўручылі кветкі і салодкія падарункі.

Сёлета творчыя сілы Століншчыны папоўнілі маладыя спецыялісты – Таццяна Лазейка, мастацкі кіраўнік Стружскага сельскага дома культуры; Дар’я Малчанава, настаўнік Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў; Крысціна Германовіч, настаўнік Беражноўскай дзіцячай школы мастацтваў і Ірына Германовіч, настаўнік Альшанскай дзіцячай школы мастацтваў. Іх запрасілі на сцэну і ўручылі падарункі і чысты ліст паперы, які яны запоўняць сваім жыццёвым вопытам. І што там будзе напісана – залежыць толькі ад іх.

Ад імя маладых спецыялістаў слова трымала Дар’я Малчанава і падарыла песню ўсім мамам напярэдадні іх свята.

І зноў на сцэне ўшанаванне работнікаў за вернасць прафесіі. За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у захаванне і развіццё культуры Васіль Заруба ўручыў Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў культуры дырэктару Рэчыцкай ДШМ Аляксандру Лукашавічу Велясніцкаму і загадчыцы Столінскай раённай дзіцячай бібліятэкі Людміле Міронаўне Пешка.

Граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны настаўнік мастацкага аддзялення Столінскай ДШМ Лідзія Уладзіміраўна Шынкарэвіч, бібліятэкар аддзела камплектавання цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Паўлаўна Мароз, дырэктар Рамельскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу Вольга Іванаўна Апановіч, дырэктар Рубельскага СДК Зінаіда Іванаўна Каляда, вядучы метадыст па фальклоры раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Ніна Аляксееўна Лісавец.

За лепшую арганізацыю культурна-масавых     мерапрыемстваў для ўдзельнікаў жніва-2015 дыпломам абласнога прафсаюза работнікаў культуры ўзнагароджаны народны клуб аматараў песні “Ярок” (кіраўнік Валерый Шуркала), а Падзячнымі лістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і райкама галіновага прафсаюза – народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Верасень” (кіраўнік Алена Дубойская), Рухчанскі СДК (дырэктар Ніна Трушко) і народны клуб аматараў песні “Ярок”.

Святочную праграму працягнуў канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі Пінскага каледжа мастацтваў.

Галіна

 ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *