Мацi — святы чалавек!

Стала ўжо традыцыяй напярэдадні Дня маці праводзіць урачысты прыём жанчын-маці старшынёю Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгорам Васільевічам Пратасавіцкім.
Трыццаць прадстаўніц самых розных прафесій з розных куточкаў Століншчыны былі запрошаны на мерапрыемства. Сярод іх былі таксама мнагадзетныя маці, якім Рыгор Васільевіч уручыў высокую ўзнагароду – ордэн Маці. Гэта А. А. Андрайчук з в. Сямігосцічы, В. І. Вабішчэвіч, А. М. Каляда і В. В. Скрабец – усе з аг. Рубель, Н. М. Сыса і Н. Ф. Тарасевіч – з аг. Альшаны, а таксама М. У. Шыла з г. Століна.
Старшыня райвыканкама шчыра павіншаваў усіх жанчын з надыходзячым цудоўным святам. Ён заўважыў, што ў нашым раёне больш за дзве тысячы мнагадзетных сем’яў, 551 матуля ўзнагароджана ордэнам Маці, больш за 200 сем’яў аформілі мацярынскі капітал. Трэба адзначыць, што немалаважную ролю адыгрывае і зарыентаваная ў сацыяльным плане палітыка дзяржавы. Адзін з яскравых прыкладаў – будаўніцтва тых жа дзіцячых садкоў. Толькі сёлета на Століншчыне адкрыты дзве такія дашкольныя ўстановы.
— Жанчына-маці ўсxваляецца ў вершах, песнях. Яна дае самае галоўнае – жыццё. Таму маці – святы чалавек! – сказаў Рыгор Васільевіч.
У ходзе ўрачыстасці словы віншаванняў гучалі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу Рэспублікі Беларусь А. М. Ярашэвіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў А. А. Дзямко, члена Савета Рэспублікі Л. У. Грынеўскай, намесніка старшыні райвыканкама С. Ф. Сідарэвіча, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В. М. Харавец, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. А. Зарубы.
Сваімі ўспамінамі, парадамі дзяліліся і непасрэдныя віноўніцы ўрачыстасці.
А святочнага настрою дадалі прадстаўнікі сферы культуры раёна. І зрабілі гэта выдатна.
Усе жанчыны атрымалі кветкі і салодкія падарункі.
Алена КЛІМУШКА
Фота Святланы ШПАКОЎСКАЙ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *