Калі злачынец – родны ўнук…

Што добрае можа прынесці ўжыванне алкаголю? Стварыць праблемы са здароўем,  непрыемнасці на рабоце, разлад у стасунках з блізкімі людзьмі. Ці нават падштурхнуць да злачынства — грабяжу з прымяненнем насілля да роднага чалавека.

Галоўны фігурант чарговай справы – жыхар Радчыцка С., 1988 года нараджэння. Ён разам з маці і двума дзядзькамі распіваў спіртныя напіткі ў доме, дзе жывуць сваякі, а таксама састарэлая бабуля.

Калі алкаголь скончыўся, маці С. пакінула дом, дзядзькі ў той час леглі спаць. А маладому чалавека вельмі хацелася працягу “банкета” —  жаданне выпіць яшчэ не давала спакою. Грошай на пакупку не было.

С., нядоўга думаючы, пайшоў у пакой да бабулі папрасіць колькі купюр. Ён добра ведаў, што бабуля з кожнай пенсіі адкладвае грошы і трымае іх пры сабе. Яна страціла зрок, але добра чула і разумела ўсё, што адбываецца навокал.

Бабуля, зразумела, адмовіла. С. раззлаваўся, скінуў жанчыну з канапы, спрабуючы адабраць грошы. На крык прыбегла маці, але сын, прымяніўшы сілу, адштурхнуў яе. Раз’юшаны мужчына укусіў бабулю за руку і такі вырваў запаветны скрутак.

У той жа дзень ён хадзіў у мясцовы магазін, дзе набыў прадукты харчавання і алкагольныя напіткі. С. украў у роднай бабулі 6 млн 200 тысяч рублёў, на момант затрымання ў наяўнасці было крыху больш за адзін мільён.

С. неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, нідзе не працуе, мае выключна адмоўныя характарыстыкі. Нягледзячы на жорсткія і непрыстойныя паводзіны ўнука, бабуліна сэрца не ачарсцвела. Наадварот. У час суда пацярпеўшая прасіла змякчыць пакаранне.

Адбыўся суд на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы Д. М. Харашуна. Жыхар в. Радчыцк прызнаны вінаватым у адкрытым крадзяжы маёмасці (грабяжы) з прымяненнем насілля, бяспечным для жыцця і здароўя пацярпеўшага па частцы 2 артыкула 206 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яму назначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы. Абвінавачваемы вярнуў усю суму пацярпеўшай. Да таго ж яго чакае прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Калі злачынец – не чужы чалавек, а родная крывінка, удвайне прыкра і балюча. Што дало права маладому чалавеку зневажаць родную бабулю? Родны ўнук стаў ворагам, бессаромна павёў сябе. За што і паплаціўся.

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *