Каб цаніць грамадскі парадак

 У чарговы рэйд накіраваўся карэспандэнт “НП” па вуліцах горада.

Многія вуліцы горада  выклікаюць захапленне сваёй чысцінёй і парадкам.   Вуліцы Савецкая, Церашковай, Дзяржынскага, Ле-ніна, Садовая чыста вымецены, каля ўрнаў для смецця прыбрана. Сустракаюцца, канешне, рэдкія выпадкі, калі каля ўрны  стосам складзена  макулатура альбо пластыкавыя бутэлькі  ў асобным мяху, але гэта сведчыць пра тое, што людзі свядома адсартавалі гэтыя   бытавыя  адходы. Праблема тут стаіць іншага плана  — недастатковая колькасць кантэйнераў для раздзельнага збору бытавых адходаў і іх месца размяшчэння далёка не ў крокавай даступнасці.

На вуліцы Дзяржынскага ўвогуле  каля кожнага пад’езда  разбіты клумбы і пасаджаны кветнікі, якія прыемна трапляюць на вока. Шматпавярховы дом № 108 здалёк раскрывае  асаблівы кветкавы падворак, якім можна доўга любавацца і ўсхваляць умелыя рукі, што зрабілі такую колькасць неверагоднай прыгажосці з падручных матэрыялаў. Жанчыны, што сядзелі на лавачцы ў гэты момант, гучна загаманілі: “Гэта Аляксандр Аўсянік разам з жонкай ствараюць такую  прыгажосць. Зімой кветкі прыцярушыць снегам – вось дык цуд!”

Пастараліся добраўпарадкаваць тэрыторыю на вуліцы Дзяржынскага каля гандлёвых кропак і ўласныя прадпрымальнікі.  Не паддаецца параўнанню з тым, што было на гэтай тэрыторыі раней.

На вуліцы Садовай кожны добраўпарадкаваў тэрыторыю ля свайго дома, таму вуліца чыстая, а вось першы суседні завулак – і такое пачуццё, што тут даўно не ступала нага чалавека.

На вуліцы Ключанкова таксама ў гурбу звалены абрэзаныя галіны дрэў і ўжо даўно, бо паспелі зарасці травой і зеллем.

На вуліцы Церашковай з самай раніцы мяце   дворнік, прыбірае бутэлькі на прыпынку грамадскага транспарту. Самымі  распаўсюджанымі  відамі бытавых адходаў, якія можна сустрэць на кожным кроку ля ўрнаў для смецця, лавачак і г. д., —    шкляныя і пластыкавыя бутэлькі.

Хацелася б, канешне, каб людзі больш сумленна ставіліся да добраўпарадкавання не толькі сваёй прыватнай тэрыторыі, але  і надавалі значэнне падтрыманню ў належным стане грамадскіх месцаў.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *