Журавінавы настрой

…панаваў у мінулую нядзелю ў Альманах, дзе ладзілася свята, прысвечанае цудадзейнай ягадзе журавіне, якая служыць адной з крыніц дабрабыту людзей, што жывуць на балоце.

Сёлетняе раённае свята журавін трэцяе па ліку. У ім удзельнічалі тры сельскія Саветы – Стружскі, Рэчыцкі і Гараднянскі, дзе таксама збіраюць журавіны. Сярод гасцей –  жыхары Альман і навакольных вёсак, горада Століна, Лунінецкага раёна, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Сідарэвіч, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў – Ігар Курган (Рэчыцкі), Ніна Ліпская (Стружскі), Мікалай Лічэўскі (Гараднянскі).

Урачыстым шэсцем удзельнікі прайшлі на тэрыторыю новага будынка Дома культуры да галоўнай пляцоўкі, дзе ўсё стылізавана пад журавіны. Густа-барвовыя сакавітыя ягады сустракаем у мяхах ля сцэны, на купінах уздоўж дарожкі, у дэкарацыях на сцэне. А колькі яе на сталах-выстаўках сельскіх Саветаў! Кісла-салодкі смак журавін адчуваеш у цэльных ягадах, напітках і морсах, жэле, пірагах і блінах, пірожных і тортах, мясных рулетах і нават у грыбных стравах…

Святочную калону ўзначаліла Балотная гаспадыня ў акружэнні журавінак. За ёю ідуць далёкія продкі вёскі – Альман і Альманка, іх нашчадкі і прадаўжальнікі роду – удзельнікі танцавальных калектываў; людзі ў ботах з рукзакамі і мяхамі за плячыма, што сімвалізуе паход па ягады; мастацкія калектывы, роставыя лялькі і жыхары вёскі.

Тэатралізаваным эцюдам са сцэнічнай пляцоўкі гасцей прывітала Балотная гаспадыня, а Альман І Альманка пачаставалі караваем і журавінавым морсам.

Адкрыла свята старшыня Стружскага сельскага выканаўчага камітэта Ніна Іванаўна Ліпская, якая нагадала, што журавіны вызначаюць лад жыцця і спрыяюць росту дабрабыту тутэйшых людзей.

Былі ўшанаваны лепшыя збіральнікі ягад па сельскіх Саветах. У Стружскім сельсавеце –  Ніна Канстанцінаўна Крывалевіч і Жанна Анатольеўна Лісавец, у Рэчыцкім — Марыя Пятроўна Тарасюк і Вольга Уладзіміраўна Дабрыянец, а ў Гараднянскім – Валянціна Мацвееўна Гмір і Ніна Васільеўна Шэлест. Старшыні сельвыканкамаў уручылі пераможцам Ганаровыя граматы і падарункі. У якасці лепшага нарыхтоўшчыка балотнай ягады ўзнагароджаны Іван Васільевіч Аглашэвіч.

Жыхароў і гасцей свята парадавалі сваёй творчасцю шматлікія мастацкія калектывы. У канцэртнай праграме выступілі народны ансамбль песні і музыкі “Сустрэча” Кажан-Гарадоцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Лунінецкага раёна, народны драматычны тэатр “Пагарынне”, творчы клуб “Альтанка”, узорнае аб’яднанне фальклору “Згадка”  і клуб аматараў гумару і песні “Моства” Мачульскага СДФ, народны клуб аматараў песні “Ярок”, народнае аматарскае аб’яднанне “Прамень” Давыд-Гарадоцкага ГДК, танцавальныя калектывы Столінскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Аляксандра Лісаўца,  эстрадныя выканаўцы Ніжнецерабяжоўскага, Стружскага, Белавушскага дамоў культуры. Песні ўласнага сачынення пра жыццё ў Альманах выканаў Уладзімір Палукошка. Рэжысёр свята – спецыяліст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Ніна Лісавец, ураджэнка Альман.

У паўзах паміж музычнымі нумарамі гледачоў забаўлялі гумарыстычнымі замалёўкамі, жартаўлівымі конкурсамі і гульнямі.

Свае выстаўкі прэзентавалі прыродаахоўная ўстанова “Заказнікі рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты”,  Столінскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. З падборкай пра гісторыю Альман знаёміла мясцовая сельская бібліятэка. Пра  “Жыццё на балоце” расказвала фотавыстаўка Праскоўі Палукошка.  Лекавыя травы прапаноўвала амбулаторыя. Выстаўкі кулінарных шэдэўраў з журавінамі падрыхтавалі работнікі ясляў-сада, школы, амбулаторыі.

Побач – дэманстрацыя “амуніцыі” збіральнікаў журавін – мяхі і фартухі, абутак, скрынка для транспартавання і нават “узор” абеду: кавалак сала,яйка,  хлеб, цыбуліна…

На вуліцы перад Домам культуры размясціліся гандлёвыя палаткі з салодкімі прысмакамі і шашлыкамі, цукровай ватай і поп-корнам, паветранымі шарамі і шматлікімі цацкамі.

Вялікую цікавасць у дзетвары выклікала дэманстрацыя  прылад  і  абмундзіравання выратавальнікаў. Можна было пакатацца на электрамабілях, працавалі іншыя атракцыёны.

Попытам карысталася і сама віноўніца свята – журавіна. Яе можна было набыць па цане 30-35 тысяч рублёў  за кілаграм. Сяргей Чмуневіч не толькі прадаваў ягады, але і паказваў, як альманцы чысцяць іх ад балотнага смецця.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

P. S.  Арганізатары выказваюць шчырую падзяку КСУП «Струга» за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

ВСЕ ФОТО СМОТРИТЕ В ФОТОГАЛЕРЕЕ

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *