Дзявочае каралеўства Германовічаў

Ці думала маладая дзяўчына Ала 15 гадоў таму, што народзіць пяць дзяўчынак і атрымае ордэн Маці? Што жыццё яе будзе прысвечана клопатам аб сваёй сям’і і кожны дзень пачынацца будзе са звонкіх галасоў дачушак? Пэўна не, але ўсё,  што робіцца, усё да лепшага, упэўнена жанчына.

Вось хто і турбуецца з вялікай сям’і Германовічаў з Вялікага Малешава, дык гэта Віктар – бацька дзявочага каралеўства –  перад Днём жанчын. Гэта ж столькі падарункаў трэба падрыхтаваць?! Кожнай дагадзіць, бо хоць і сястрычкі, але ўсе са сваім асаблівым характарам. Старэйшай Вікторыі даспадобы сур’ёзныя падарункі. Цікавіцца навукай і з ахвотай прачытае кніжку, чым пабавіць час за камп’ютарам. Тое ж падабаецца і сямікласніцы Вользе, малодшай за сястру на два гады. А вось васьмігадовая Аліна больш “сябруе” з тэлефонам, таму ўзрадуецца новай мадэлі. У галаве Віялеты, якой споўнілася пяць гадоў, пакуль яшчэ лялькі і ўсё, што з імі звязана. А яшчэ яна вялікая модніца, таму любіць круціцца каля люстэрка, прымяраючы ўборы старэйшых сясцёр. Назірае за гэтым усім двухгадовая Яна – самая малодшая ў сям’і.

– Сапраўды, кожнаму дзіцяці трэба асобны падыход, – згаджаецца Ала  Уладзіміраўна. – Толькі тады можна пазбегнуць многіх непаразуменняў, што бываюць у вялікіх сем’ях. Мы з мужам заўсёды раімся са сваімі дзяўчатамі, каб яны разумелі, што нам патрэбны іх меркаванні. Ды і даверлівыя адносіны наладжваюцца хутчэй. Старэйшыя заўсёды просяць парады перш у мяне. Мне прыемна адчуваць сябе не толькі маці, але і сяброўкай для сваіх дзяцей.

Расказвае Ала  Уладзіміраўна, што Віка і Оля –сапраўдныя гаспадыні. Прыбяруць хату, дагле-дзяць жывёлу, ды і дзяўчатам дадуць наказ, каб без справы не сядзелі. Дзякуючы іх пільнаму воку ні адна дробязь не застанецца не заўважанай. Могуць самі і есці прыгатаваць, асабліва любяць розныя незвычайныя рэцэпты, што вычытаюць у якім-небудзь часопісе. Калі пачынаюць кулінарныя эксперыменты, дзень не заходзь на кухню. Спрабаваць зноў жа завуць маці, як самага галоўнага эксперта. Мае жаданне далучыцца да іх Аліна, але пакуль не бяруць яе ў каманду. Затое галоўная яна над Віялетай і Янай. Лепш сказаць, адказная, бо заўсёды дома застаецца наглядаць за малодшымі, калі сям’я едзе на работу. А працаваць ёсць дзе: больш за 20 сотак парніка, каля гектара капусты. І ўсё самі, нікога ніколі не наймаюць. Рукі ёсць, ногі ёсць, чаго баяцца, упэўнена Ала. Дружна зараз высякаюць капусту на полі, спяшаюцца да маразоў, якія ў гэтым годзе прыйшлі знянацку. Агуркі не вельмі пайшлі ў гэтым сезоне, таму спадзяванні на храбусткую культуру вялікія.

– Прыязджалі да нас у мінулым годзе гасцяваць галандцы, у якіх нашы дзяўчаткі адпачывалі не адзін раз. Дык здзіўляліся, што мы так многа працуем, — расказвае Ала Уладзіміраўна. – Нас з мужам да сябе клікалі ў Галандыю, але куды ж мы паедзем, пакуль дзеці малыя. І гаспадарку няма на каго пакінуць. Гэта раней, пакуль зусім маленькія дзяўчынкі былі, нам вельмі дапамагалі сваякі мужа. А цяпер у кожнага свая сям’я і свае клопаты. Ужо мае дапамагаюць ім дзяцей глядзець. Тым больш, што ўсе мы жывём побач адзін каля аднаго. Увогуле, лічу вялікім шчасцем, калі штодзень бачыш сваіх родных і сяброў. І нават не ўяўляю, як можна надоўга разлучацца з сям’ёй. Мужу, памятаю, прапаноўвалі работу, пры якой месяцамі дома не будзеш, дык  адмовіўся адразу, дома ж адзін ён з мужчын, а ў вёсцы заўжды ёсць цяжкая праца. Не павінна жанчына займацца мужчынскімі абавязкамі, бо тады яна губляе сваю жаноцкасць і пяшчоту, сцвярджае мой муж. Калі мае дачушкі захочуць шукаць шчасця не ў родным куточку, з імі ні ў якім разе спрачацца не буду. Наадварот, я іх агітую за вучобу. Сама нідзе не вучылася, пайшла замуж, а зараз разумею, што добра было б мець хоць якую-небудзь спецыяльнасць. Чаму б не пайсці працаваць, калі дзеці крыху падгадуюцца?

Але самае галоўнае, каб мае дзеці не згубілі веры, каб яны разумелі сваю адказнасць, каб былі чулымі і неабыякавымі да чужой бяды.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *