Дзеля будучых пакаленняў

Сёння наша гутарка з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васілём Андрэевічам ЗАРУБАЙ.

– Васіль Андрэевіч, праца культработнікаў у першую чаргу асацыіруецца з творчай работай, масавымі мерапрыемствамі. Нагадайце, калі ласка, пра самыя яркія.

– Безумоўна, самае значнае з іх – гэта ўдзел на працягу мая заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай  музыкі  “Выцінанка” (кіраўнік Пётр Астапчук) у культурным абслугоўванні беларускага прамысловага прадстаўніцтва на Сусветнай выстаўцы “Экспа-2015” у Мілане (Італія). Падчас дзён Брэсцкай вобласці  “Выцінанка” праводзіла па два канцэрты на дзень.

Акрамя 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных святаў і традыцыйных народных гулянняў Масленіца, Тройца, Купалле, адбылося святкаванне 130-годдзя парку “Манькавічы” і 60-годдзя Столінскага раённага краязнаўчага музея. У аграгарадку Рамель прайшоў раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”.

Шэраг мерапрыемстваў быў прысвечаны Году моладзі: традыцыйныя турыстычны і злёт байкераў, раённы конкурс “Уладар сяла”, конкурс “Панна журавінавых балот”, які  папярэднічае раённаму святу журавін у Альманах.

– Раскажыце пра планы на бліжэйшую будучыню.

– Што да творчай работы, дык з найбольш значных будзе ажыццёўлена паездка творчай дэлегацыі раёна ў горад-пабрацім Скапін Разанскай вобласці (Расія). У планах ваенна-патрыятычнага і маральнага выхавання сумесна з Міністэрствам абароны мяркуецца ўстанаўленне ў раёне чатырох артылерыйскіх гармат у населеных пунктах,  дзе  праходзіла лінія фронту Вялікай Айчыннай вайны, –  Фядорах, Струзе і Рэчыцы.

Да канца года плануецца зрабіць рамонт у кінатэатры “Экран”, Асаўскім  СДК, кансервацыю будынка былой сінагогі ў г. Століне.

У раёне дзейнічаюць 49 дамоў культуры і клубаў, а таксама восем устаноў новага тыпу – Адвержыцкі і Мачульскі дамы фальклору, Рамельскі і Альшанскі сельскія цэнтры культуры і вольнага  часу,  аўтаклуб, Цэнтр ганчарства, Цэнтр драўлянай скульптуры, Фядорскі дом народнай творчасці; 50 бібліятэк, пяць дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ, пяць кінаўстановак, раённы краязнаўчы музей.

Функцыянуюць 16 калектываў са званнем заслужаны, народны, узорны. Ім захоўваць духоўную спадчыну для будучых пакаленняў.

– Давайце крыху закранём матэрыяльна-фінансавы бок.

– На  фінансаванне   галіны за 9 месяцаў 2015 года накіравана бюджэтных сродкаў у суме 20 мільярдаў рублёў. Праведзены рамонты Рамельскага СЦКіВЧ, Рубельскага СДК, Харомскага СДК, Рэчыцкай ДШМ.  Альманскі СДК размясціўся ў новым будынку.

Набыты канцэртны баян “Зонта” для Рэчыцкай ДШМ. Тут будзе да месца сказаць, што лаўрэатамі заключнага тура рэспубліканскага конкурсу імя Жыновіча сёлета сталі выхаванкі Рэчыцкай ДШМ Таццяна Бабіч і Дар’я Гізун і прадстаўлены да заахвочвання са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Каля 300 мільёнаў рублёў выкарыстана на прывядзенне  ў парадак помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў.

За 9 месяцаў атрымана пазабюджэтных сродкаў 1 мільярд 32 мільёны рублёў.

Згодна з праграмай “Культура Беларусі” вылучаны сродкі на развіццё музейнай, бібіліятэчнай справы, падтрымку і развіццё народнай творчасці, захаванне і развіццё матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. У прыватнасці, на закупку прадметаў для музейных фондаў, камп’ютарнай тэхнікі для бібліятэк, электронных выданняў, сцэнічных касцюмаў і музычных інструментаў.

–       Сёння на культуру ўскладзена і работа з моладдзю, функцыі  ідэалагічнага забеспячэння.

–  Адна з галоўных нашых задач – інфармаванне людзей. Традыцыйнымі сталі справаздачы сацыяльнай сферы на цэнтральных сядзібах сельскіх Саветаў, сустрэчы з маладымі спецыялістамі, вернікамі рэлігійных канфесій. Рэгулярна наладжваюцца “прамыя тэлефонныя лініі” з кіраўніцтвам раёна і кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і раённых службаў. Створаны інфармацыйна-прапагандысцкія групы, якія выязджаюць у працоўныя калектывы. Такая форма шырока выкарыстоўвалася і пры падрыхтоўцы да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Падчас жніўных работ такія групы разам з творчымі калектывамі выступалі перад працаўнікамі на збожжатаках і ля камбайнаў. Дарэчы, што народны клуб аматараў песні “Ярок” сёлета прызнаны лепшым у вобласці ў спаборніцтве “Жніво-2015”.

Цесная сувязь наладжана ў нас з грамадскімі аб’яднаннямі і маладзёжнымі арганізацыямі, праваахоўнымі органамі.  Работа  вядзецца ў цесным кантакце з мясцовымі органамі ўлады.

Туды, дзе няма стацыянарных устаноў культуры, рэгулярна выязджаюць  аўтаклуб і перасовачная бібліятэка.

У Год моладзі пытанні маладзёжнай палітыкі прыцягваюць дадатковую ўвагу.  Таму ў рабоце з маладымі вызначаны прыярытэтныя напрамкі: патрыятычнае выхаванне, студатрадаўскі і валанцёрскі рух, працоўная занятасць, спартыўна-масавы і культурны адпачынак.

Пастаянна ў полі зроку і пытанні добраўпарадкавання тэрыторый.

– На ваша прафесійнае свята прыпаў дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Раней творчыя калектывы наведвалі выбарчыя ўчасткі, стваралі свята…

– Гэта ў нас ужо традыцыя. Ва ўсіх населеных пунктах на выбарчых участках выступяць мясцовыя ўдзельнікі аматарскай творчасці, выбарчыя ўчасткі ў Століне, Рэчыцы наведаюць нашы знакамітыя калектывы “Выцінанка”, “Верасень”, “Гарынскія папрадухі”.

– Васіль Андрэевіч, шчыра віншую Вас і вашых калег са святам. Няхай кожнае новае пакаленне будзе ўдзячна вам за захаванне і развіццё культуры. Усяляйце веру ў душы людзей, дарыце любоў, мір і добры настрой! Здароўя ўсім, душэўнай раўнавагі і будзьце шчаслівыя!

Галіна ГАШЧУК

Фота Аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *