Дыялог улады i царквы

Пытанні падлеткавай злачыннасці, бяспекі на дарозе, асноўныя прычыны правапарушэнняў – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі 29 верасня ў Столінскім раённым выканаўчым камітэце на сустрэчы з праваслаўнымі свяшчэннаслужыцелямі.

Пасяджэнне правёў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч. Ён падкрэсліў, што падобныя сустрэчы праводзяцца два разы на год і даюць магчымасць звярнуць увагу на надзённыя і актуальныя праблемы ў грамадстве.

Перад прысутнымі выступіў пракурор Столінскага раёна Дзмітрый Пазняк. За восем месяцаў 2015 года адбылося 427 злачынстваў. Часцей гэта здаралася ў населеных пунктах Альшанскага, Вялікамалешаўскага, Харомскага сельскіх Саветаў, у г. Давыд-Гарадку. Асноўныя прычыны ўчынення злачынстваў – злоўжыванне алкаголем, сямейна-бытавыя сваркі, абыякавае стаўленне да сваёй маёмасці.

Пра стан бяспекі дарожнага руху на тэрыторыі раёна паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў Юрый Апановіч. З пачатку года адбылося 28 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх тры чалавекі загінулі, 28 атрымалі траўмы. З удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў адбылося чатыры ДТЗ, з удзелам матацыклістаў — сем.

Найбольш часта аварыі маюць месца на тэрыторыі Альшанскага сельскага Савета: з пачатку года іх здарылася 6, адзін чалавек загінуў, пяць – пацярпелі.

Пра ўзаемадзеянне праваслаўных свяшчэннаслужыцеляў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх далажыў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Андрэй Багатка.

У час сустрэчы галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Дабрынец расказала пра выкананне даручэнняў, якія былі дадзены на папярэдняй сустрэчы.

Святароў заклікалі не заставацца ў баку ад праблем, праводзіць гутаркі з прыхаджанамі храмаў. Свяшчэннаслужыцелі задавалі пытанні прадстаўнікам улады. На некаторыя адказы пытанні дадзены адразу, іншыя – узяты на заметку і будуць вырашаны пазней.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *