Давер – вялiкi скарб

Ну, вось як, адкажыце, калі ласка, можна прызвычаіцца ўставаць у чатыры гадзіны раніцы? Для мяне гэта цёмная ноч, асабліва зімой, калі нават страшна ўявіць, што трэба падымацца з цёплага ложка і кудысьці ісці. А вось для Ніны Іванаўны Бурак – аператара машыннага даення СВК “Палеская ніва” палова пятага ранку – пачатак рабочага дня.

– З гадамі настолькі звыкаеш, што нават у выхадны дзень падымаюся ў гэты час. Кладуся з вечара і думаю: вось высплюся заўтра. Аж не, арганізм вывучыў рэжым і пад’ём! – смяецца Ніна Іванаўна. – Пачынаю займацца хатнімі справамі, але ціхенька, каб не разбудзіць іншых. А  ў  дзяцінстве сама здзіўлялася, калі мая маці была даяркай, чаму ёй спаць не хочацца. Цяпер разумею яе.

Ніна Іванаўна працуе на малочнатаварным комплексе ў Рамлі ўжо сем гадоў і за добрасумленную работу занесена на раённую Дошку гонару.

Быў час, калі яна пакідала малую радзіму і будавала сваё жыццё ў Іркуцкай вобласці. Дагэтуль некалькі гадоў у Салігорскім раёне жыла. Паспрабавала сябе ў прафесіі паштальёна і выхавальніцай у дзіцячым садку. Але ж сумавала сэрца па роднай вёсцы. Вярнуўшыся, Ніна Іванаўна згаджаецца з добра знаёмай прыказкай: у чужой старонцы не так свеціць сонца.

Як і многія працаўнікі гаспадаркі, жанчына атрымала жыллё, што сведчыць аб зацікаўленасці кіраўніцтва ў спецыялістах. А спецыялісты, у  сваю  чаргу, павінны быць зацікаўлены ў рабочым месцы, лічыць Ніна Іванаўна. Інакш гэта скажацца на якасці работы. Яна вельмі задаволена сваімі калегамі, паколькі тыя таксама прытрымліваюцца такой жа думкі і заўсёды адказна ставяцца да любой дробязі. Шэсць жанчын працуюць разам з ёй, абслугоўваюць каля 600 кароў. А зладжаны калектыў – палова поспеху. І насамрэч, яму ёсць чым ганарыцца. Усё малако, што атрымліваюць на комплексе, рэалізоўваецца дзяржаве гатункам “экстра”.

– Няхай тут і аўтаматызавана работа, але ж многае ўсё ж залежыць ад сумлення чалавека, — працягвае тэму Ніна Іванаўна. – Вось, напрыклад, не апрацуе хтосьці пасля дойкі апарат, адразу якасць малака падае. Альбо карову не падрыхтуе па тэхналогіі, зноў жа ўсё потым выявіцца. І праз аднаго чалавека ўвесь калектыў вінаваты будзе. У нас, дзякуй Богу, такіх праблем не ўзнікае. Мы дакладна ведаем, што рабіць, імкнёмся не згубіць давер.

Давер, і не толькі ў рабоце, жанчына лічыць вялікім скарбам. Сучаснае жыццё ўражвае сваёй хуткаплыннасцю і вельмі добра, калі ёсць побач людзі, якім можна шчыра давяраць.

Як і любая жанчына, на першае месца ставіць сваю сям’ю. Сын Іван праходзіць зараз тэрміновую службу ў дэсантных войсках у Віцебску. Дачка Вольга – эканаміст, у дэкрэтным водпуску, жыве разам з маці. А гэтага прыгажуна, што ўладкаваўся на руках бабулі, завуць Арцёмкам. Пра яго Ніна Іванаўна можа гаварыць бясконца, бо ўвесь вольны час праводзіць з ім.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *