Дабрыня пачынаецца з прыгажосцi

А мы працягваем наша падарожжа па дашкольных установах адукацыі.

У Плотніцкім яслях-садзе  растуць не толькі петуніі, аксаміткі, папаратнікі, але і лекавыя расліны, з якімі  ў дзяцей ёсць магчымасць і  знаёміцца,  і вывучыць іх асаблівасці, якія  выкарыстоўваюцца для  прафілактыкі захворванняў.

Работнікі дашкольнай установы на тэрыторыі садка з падручнага матэрыялу арганізавалі цэлыя кампазіцыі. Тут і рознакаляровыя матрошкі, і сямейка дзікіх пчол каля свайго вулея, і карабель імкнецца да марскіх  прыгод.  У кветкавыя  кампазіцыі ўразаюцца  парачка лебедзеў на  блакітным возеры,   прыгожы шматпавярховы дом,  рознакаляровая сцяжынка, а побач цягнічок ды пластыкавыя парасяткі.  Не забыў прыйсці ў госці   да дзетак і мядзведзь, сеў у цянёчку ды ласуецца мядком.

У Беражноўскім яслях-садзе можна пасядзець у прыгожай альтанцы і пазнаёміцца з жывёламі і птушкамі Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі садка. Ля лавачкі красуюцца арыгінальныя кветачніцы-кашпо з  пластыкавых  бутэлек  у  выглядзе бялюткіх лебедзяў.

Рэчыцкі яслі-сад № 2 радуе вялікай колькасцю кампазіцый, якія выканалі работнікі садка ўласнаручна. Гэта не асобныя разрозненыя фігуркі, а цэлыя  завершаныя  падборкі герояў з іх укладам жыцця.  Дзеці могуць бачыць цэлы сялянскі падворак са сваёй гаспадынькай, якая завіхаецца па гаспадарцы. Тут размешчана сажалка са сваімі насельнікамі, пад пальмай уладкавалася  жырафа, а сярод водных  лілей важна расселася яе вялікасць “царевна-лягушка”.

Тэрыторыю садка аздабляе вялікая колькасць самых розных кветак з пластыку.

У рэчыцкім яслях-садзе № 3 і рэчыцкім яслях-садзе № 4 увасоблены ў жыццё задумы іх калектываў, якія, акрамя кветак, для добраўпарадкавання тэрыторыі ўнеслі  свае непаўторныя ноткі. Жывёлы і птушкі сталі сябрамі іх выхаванцаў, а яркія колеры прыцягваюць увагу да незвычайных  вырабаў.

Церабяжоўскі яслі-сад адрозніваецца беларускасцю і патрыятызмам. На тэрыторыі сада  пануюць  уладар беларускіх лясоў  —  магутны зубр, буслы ды нашы лясныя жыхары.

Спыніліся  і на значнай падзеі для нашай краіны – святкаванні 70-годдзя Перамогі. Аб гэтым нагадвае чырвоная зорачка з лічбай 70 і георгіеўскай стужкай.

Ля ўваходу  ў  сацыяльна-педагагічны  цэнтр  Столінскага  раёна  стаяць тры свечкі, як сімвал цяпла і дабрыні. Аб чысціні ўзаемаадносін нагадвае парачка лебедзеў на марской гладзі.

Дабрыня, цяпло і клопат так неабходны нашым дзеткам, таму давайце разам ствараць умовы, каб ім было добра і камфортна як ў сям’і, так і ў той установе, дзе яны праводзяць большую частку свайго часу.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *