Бяспечнае не зусiм бяспечна

Іван Пятровіч з аг. Белавуша патэлефанаваў у рэдакцыюНПз просьбай рассказаць, якое ўздзеянне на наваколле аказваюць адпрацаваныя  пальчыкавыя  батарэйкі і як  адбываецца іх утылізацыя?

– Людзі не задумваюцца аб тым, што потым адбываецца з бытавымі адходамі, якія яны выкінулі, — расказвае галоўны спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў і  аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Мікалаевіч Домніч. — Я маю на ўвазе пальчыкавыя батарэйкі. Пакуль яны працуюць, не ўяўляюць ніякай небяспекі. А калі аказваюцца ў вядры для смецця? Пачынаецца той працэс, які аказвае на навакольнае асяроддзе значнае ўздзеянне. І паверце, што не самае станоўчае.

На батарэйцы ёсць знак, які заклікае нас, карыстальнікаў, не выкідваць яе ў бытавыя адходы. Эколагі раяць збіраць такія старыя элементы сілкавання ў якую-небудзь ёмістасць (напрыклад, пластыкавую бутэльку) і захоўваць у недаступным месцы. З батарэйкамі, якія валяюцца дзе папала, могуць здарыцца разнастайныя непрыемнасці. Напрыклад, яны могуць нават узарвацца, калі  трапяць у агонь. І не толькі. Падобнае можа здарыцца, калі вы вырашыце падзарадзіць батарэйкі, якія для гэтага не прызначаны.

Унутры батарэйкі  знаходзіцца сумесь цяжкіх металаў: свінцу, нікелю, кадмію, ртуці і іншых. Ад пападання іх у навакольнае асяроддзе пакутуюць падземныя воды, паветра, зямля. Існуе сцвярджэнне, што адна пальчыкавая батарэйка забруджвае каля 20 квадратных метраў глебы і прыкладна 400 літраў вады. Металічнае пакрыццё адпрацаваных і выкінутых батарэек з цягам часу разбураецца, цяжкія металы прасочваюцца ў грунтавыя воды і глебу. Як следства, атручваюцца жывёлы і расліны, якія трапляюць да нас на стол у выглядзе ежы, а апынуўшыся ў нашым арганізме, атручвае нас.

Згубны эфект можа стаць відавочным для чалавека праз некалькі гадоў, паколькі цяжкія металы пачынаюць сваё ўздзеянне толькі дасягнуўшы пэўнай канцэнтрацыі — выклікаюць атручванні, ракавыя захворванні і мутацыі. Напрыклад, кадмій уплывае на ныркі, печань, падстраўнікавую залозу, блакуе працу некаторых важных для жыццядзейнасці арганізма ферментаў. Або ртуць – яна каварная, бо дзейнічае бессімптомна. Незваротныя працэсы ў арганізме пачынаюцца непрыкметна.

Такім чынам, батарэйкі могуць быць небяспечнымі па наступных прычынах: таксічнасць  металаў, здольнасць асобных відаў батарэек да самаўзрывання, ўцечка небяспечных рэчываў пры механічным пашкоджанні элементаў сілкавання.

У Еўропе ўжо не першы год праводзяць утылізацыю батарэек, ёсць прадпрыемствы, якія займаюцца іх перапрацоўкай. У Швецыі, напрыклад, батарэйкі «ўкатваюць» у бетон.

Збіраць зношаныя батарэйкі — справа карпатлівая і працяглая. Напрыклад, у Варшаве іх у 400 арганізаваных у магазінах кропках за паўгода сабралі сем тон.    Ад  гэтых аб’ёмаў будзе залежаць канчатковае рашэнне: ствараць прадпрыемства па перапрацоўцы «пальчыкаў», вывозіць іх на перапрацоўку за мяжу ці бяспечна захоўваць на спецыяльна абсталяваных палігонах.

Збор батарэек арганізаваны і ў нашай рэспубліцы з 2011 года. Актыўна ўключыліся ў яго эколагі.

Калі ў вас заваляліся «пальчыкі», ні ў якім разе не выкідвайце іх у бытавыя адходы. Для гэтага існуе спецыяльны кантэйнер. Каб не выкідваць шматлікія батарэйкі, купляйце акумулятары, якія падзараджваюцца. Выбірайце батарэйкі, на якіх указана «без ртуці», «без кадмію». Расходуйце зарад батарэек максімальна эканомна. Не выкарыстоўвайце ў адным прыборы батарэйкі розных вытворцаў і хімічных сістэм, батарэйкі рознай ступені разраду. Час ад часу давайце батарэйцы «адпачываць». Калі яна працуе з перапынкамі, дык праслужыць даўжэй, чым тая, з якой «выцягваюць» адразу ўвесь зарад. Напрыклад, калі вы  збіраецеся слухаць плэер цэлы дзень, выкарыстоўвайце два камплекты батарэек і мяняйце іх кожныя 2 гадзіны. Захоўвайце іх удалечыні ад агню і доступу дзяцей.

Пры наяўнасці адпрацаванай батарэйкі выкарыстайце для яе ўтылізацыі спецыяльныя кантэйнеры, якія размешчаны ва ўнівермагу г. Століна (вул. Леніна, 6), у магазіне № 38 “Прамтавары” (пл. 17  Верасня, 4), м-не № 36 “Юпітэр” (вул. Чкалава, 2), гандлёвай кропцы “МегаТэхна” (вул. Савецкая, 1 “А”), м-не  № 45 “Чабарок” (вул. Церашковай, 17), м-не “Гуртоўня” (вул. Савецкая, 92)  і іншых.

 За год чалавек выкідвае каля 20 батарэек. Памятайце, калі не выкарыстаць для гэтых мэт спецыяльны кантэйнер, то  ртуць, свінец і іншыя небяспечныя рэчывы аказваюцца ў атмасферы і як вынік — на нашым стале.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *