Адукацыя – паказчык развiтасцi краiны

Сёння ўзровень адукацыі з’яўляецца  адным з асноўных рэсурсаў развіцця нацыянальных эканомік, найважнейшым паказчыкам развітасці краіны, сведчаннем  яе росквіту і стабільнасці.  Паводле ацэнак аўтарытэтных экспертаў, Рэспубліка Беларусь уступіла ў трэцяе тысячагоддзе з развітой сістэмай адукацыі. Практычна ўсё дарослае насельніцтва (99,8 %) пісьменнае. Той ці іншай формай адукацыі ахоплена 98 працэнтаў насельніцтва.  Таму  дзякуючы адукацыйнаму патэнцыялу Беларусь увайшла ў групу краін з высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу і змагла заняць дастойнае месца  ў сусветным рэйтынгу.

 Аб тым, якая работа вядзецца ў сістэме адукацыі раёна, карэспандэнту “НП” расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка.

– Аляксандр Мікалаевіч, уласна для мяне адукацыя пачынаецца з асобы настаўніка, таму давайце спынімся на колькасных  і  якасных характарыстыках  педагагічных кадраў.

– Усяго ў нашай сістэме ў раёне працуюць 3700 чалавек. У тым ліку педагагічных работнікаў 1933: з іх 1508 у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, 316 —  ва ўстановах дашкольнай, 109  — ва ўстановах дадатковай адукацыі і спартыўных школах. З іх вышэйшую катэгорыю маюць 17,4 працэнта, першую — 40,6 працэнта, другую — 18,5 працэнта, без катэгорыі — 23,5 працэнта.

Назіраецца станоўчая дынаміка па павышэнні якаснага складу выхавальнікаў дашкольнай адукацыі.

– Прафесія педагога патрабуе  пастаяннага самаўдасканалення, пошуку і імкнення наперад.  Як ацэньваецца праца настаўніка?

– Выніковасць работы педагогаў за 2014-2015 навучальны год адзначана 266 узнагародамі, у тым ліку: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь —  24, абласнога ўпраўлення адукацыі  —  66, аддзела адукацыі, спорту і турызму —  138 ганаровых грамат і падзячных лістоў, прафсаюзнага камітэта  — 26. Ганаровыя граматы Столінскага раённага выканаўчага камітэта і Столінскага раённага Савета дэпутатаў атрымалі 11 чалавек. На раённую Дошку гонару занесена Валянціна Мікалаеўна Лёгкая, педагог дадатковай адукацыі Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці. У 2015 годзе спецыяльнай прэміі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ўдастоена Людміла Лявонцьеўна Цупа, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Церабяжоўскай сярэдняй школы.

– Што вы можаце расказаць пра працаўладкаванне маладых спецыялістаў?

– Ва ўстановы адукацыі ў 2015 годзе накіраваны 72, а працаўладкаваны 54 маладыя спецыялісты. У раёне адчуваецца недахоп настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, дэфектолагаў, выхавальнікаў дашкольных навучальных устаноў. Недахоп кадраў ліквідуецца шляхам прыцягнення настаўнікаў-сумяшчальнікаў, пенсіянераў. Наспела неабходнасць сур’ёзна заняцца падрыхтоўкай будучых педагогаў і ўжо ў гэтым годзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 8 выпускнікоў школ.

– Аляксандр Мікалаевіч, якія крытэрыі ўплываюць на арганізацыю сістэмы адукацыі ў цэлым?

– У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 года № 724 «Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі», Палажэннем аб Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь зацверджана Інструкцыя аб парадку разліку нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне адукацыі, устаноўленых у грашовым выражэнні. Зыходзячы з гэтага, устанаўліваюцца нарматывы грашовых сродкаў на ўтрыманне аднаго дзіцяці ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне ўсіх ступеняў адукацыі.

– Спынімся на дзяржаўнай падтрымцы сістэмы адукацыі ў раёне.

– У 2015 годзе на выкананне Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі Столінскім раённым выканаўчым камітэтам выдзелена 9, 6 млрд  рублёў на папаўненне матэрыяльнай базы і правядзенне капітальных рамонтаў у навучальных установах.  Быў  праведзены  рамонт харчаблокаў у Фядорскім яслях-садзе, сярэдняй школе № 2 г. Давыд-Гарадка і Хорскай сярэдняй школе; абедзенных залаў Арлоўскай і Аздаміцкай сярэдніх школ; замена аконных блокаў у Арлоўскай  і Аздаміцкай сярэдніх школах; замена свяцільнікаў у Харомскім ВПК яслі-сад сярэдняя школа і Стружскай сярэдняй школе. З раённага бюджету заўсёды выдзяляюцца значныя сродкі для сістэмы адукацыі, таму вялікі дзякуй за падтрымку і значную матэрыяльную дапамогу.

За кошт рэспубліканскага бюджэту на працягу двух апошніх гадоў абсталяваны сучасныя кабінеты фізікі ў гімназіі, сярэдніх школах № 1 г. Давыд-Гарадка, № 2  г. Століна і р. п. Рэчыца.

Разглядаючы эканамічныя складаючыя  сістэмы адукацыі, нельга не сказаць пра эфектыўнасць выкарыстання фінансавых рэсурсаў, што прадвызначаюць неабходнасць аптымізацыі сеткі.

З верасня 2015 года выведзены першы клас з Манькавіцкага ясляў-сада ў сярэднюю школу № 3 г. Століна і адкрыта адна дашкольная група. У студзені 2015 года  зачынена адна дашкольная група ў Арлоўскім яслях-садзе, у жніўні зачынены Стахаўскі яслі-сад і адна дашкольная група ў Аздаміцкім яслях-садзе, у Стахаўскай сярэдняй школе няма 10 класа.

У той жа час працягнуць працу два класы з адным вучнем у Бор-Дубенецкай базавай і Каладнянскім ВПК яслі-сад базавая школа, 11 клас з напаўняльнасцю 4 вучні ў Гараднянскім ВПК яслі-сад сярэдняя школа. У 10-я класы  Асаўской,  Плотніцкай сярэдніх і Рухчанскага ВПК яслі-сад сярэдняя школа прыйшлі па 5 навучэнцаў.

– Нашых чытачоў яшчэ цікавіць пытанне якасці адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях.

– Агульны працэнт ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй у раёне складае 63 працэнты, у тым ліку ў гарадской мясцовасці – 75 працэнтаў, у сельскай мясцовасці – 58 працэнтаў.  Ахоп дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы складае 100 працэнтаў, у тым ліку на базе дашкольных устаноў – 84 працэнты.  Праблема недахопу месцаў у дашкольных установах  ліквідуецца з увядзеннем Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада, але ж будзе яшчэ адчувальнай ў аг. Короцічы.

Якасць дашкольнай адукацыі з’яўляецца асновай для развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

Для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу ў 45 установах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2014-2015 навучальным годзе было адкрыта 722 класы для 11240 навучэнцаў, скамплектаваны 73 групы прадоўжанага дня для 1628 школьнікаў, а ў 2016-2017 навучальным годзе колькасць навучэнцаў складае 11169, што таксама радуе, бо спад колькасці вучняў не рэзкі.

Асноўным арыенцірам развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца забеспячэнне якасці адукацыі. Вынікі агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі навучэнцаў маюць станоўчую дынаміку: на 0,7 працэнта  павялічылася колькасць навучэнцаў, якія скончылі навучальны год на высокім узроўні, на 1,3 працэнта  — на сярэднім. На два працэнты  зменшылася колькасць навучэнцаў 3-11 класаў, якія атрымалі адзнакі здавальняючага ўзроўню, на 0,3 працэнта — нізкага. На 6-10 балаў скончылі навучальны год 56,2 працэнта навучэнцаў.

– Як вы ацэньваеце вынікі ўступнай кампаніі для нашых выпускнікоў?

– Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сёлета трое нашых выпускнікоў атрымалі па 100 балаў: па рускай мове —  Гуцко Лізавета (Столінская дзяржаўная гімназія, настаўнік Ларыса Паўлаўна Жук), Пілавец Марыя (сярэдняя школа  № 2 р. п. Рэчыца, настаўнік  Валянціна Мікалаеўна Цімановіч), па матэматыцы – Некрашэвіч Наталля (Столінская дзяржаўная гімназія, настаўнік Наталля Міхайлаўна Літвінка).

 Неабходна адзначыць, што паступленне выпускнікоў 2015  года ва ўстановы вышэйшай адукацыі склала 42,5 працэнта, што вышэй за мінулагодняе на тры працэнты, таму ў сістэме адукацыі назіраецца станоўчая дынаміка.

У заключэнне дазвольце павіншаваць усіх педагагічных работнікаў  і ветэранаў працы са святам і падзякаваць за іх плён  і самаадданасць прафесіі.

– Аляксандр Мікалаевіч, дзякуй вам за гутарку і нашы віншаванні з Днём настаўніка! Вялікі вам дзякуй за ганаровую і высакародную працу. Дзякуй за вашы веды, за вашы поспехі і дасягненні. Вашы словы заўсёды ў нашых думках, а ваша дабрыня – у нашых сэрцах.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *