Ад чужога дабра не будзе

Павучальная гісторыя адбылася 10 кастрычніка ў райцэнтры, пра якую паведаміў добры знаёмы.

Позна вечарам жыхар Гарадной накіраваўся ў Столін. Павярнуў на праспект Міру — і нешта ў аўтамабілі выйшла са строю. Малады чалавек спыніўся, каб выявіць няспраўнасць і на месцы паспрабаваць адрамантаваць машыну. Калі нагінаўся, то забыў, што ў кішэні курткі знаходзіўся кашалёк з грашыма і банкаўскімі карткамі. І, як гэта часта бывае, такая каштоўная рэч знікае, а аб ёй згадваеш крыху пазней. І часта здараецца так, што вярнуць гэтую рэч проста немагчыма. Але не ў гэты раз…

Крыху пазней па гэтым жа маршруце нёс службу інспектар ДПС АДАІ Столінскага РАУС Міхаіл Прылуцкі. У святле фар ён заўважыў на дарозе нейкую рэч і вырашыў спыніцца. І не дарэмна. У кашальку аказаліся грошы і звесткі аб уладальніку з банкаўскіх картак. Потым Міхаіл Прылуцкі вярнуўся ў Столінскі РАУС, дзе ў рапарце адзначыў, што знайшоў кашалёк з грашыма. Адразу ўдалося знайсці ўладальніка і перадаць яму асабіста кашалёк, у якім знаходзілася вялікая сума – 910 долараў ЗША, 900 тысяч беларускіх рублёў і банкаўскія карткі.

Радасці ўладальніка   не было межаў. Таксама  ён быў прыемна здзіўлены.

А Міхаіл Прылуцкі  зрабіў у гэтым выпадку па-людску, за што яму вялікая    пашана. Відавочна, што ён разумее, што ад чужога дабра не будзе.

Таксама ўзгадаў у памяці, як неяк глядзеў па тэлебачанні эксперымент, у якім малады чалавек спецыяльна “губляў” кашалёк з грашыма ў людных месцах у адной з арабскіх краін. Такіх выпадкаў было не менш за 40. І чалавек працягваў ісці далей, размаўляць па тэлефоне і глядзець па баках, быццам і не заўважыў, што “згубіў”. І ва ўсіх выпадках яго клікалі, даганялі мясцовыя жыхары – хто падносіў  згубленнае асабіста, хто падводзіў маладога чалавека. Ні ў адным выпадку не было такога, каб нехта прысвоіў чужое.  Мы не горшыя!

Аляксандр  НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *