4 кастрычніка – дзень настаўніка: Мне пашанцавала з прафесiяй

Ледзь угаварыла Раісу Іванаўну Савіч — настаўніцу матэматыкі сярэдняй  школы  № 2  г. Давыд-Гарадка – на інтэрв’ю.

Доўга адмаўлялася, маўляў, не публічны яна чалавек і не звыкла да ўсеагульнай увагі. Больш падабаецца ў вузкім коле родных і сяброў, чым выступаць перад аўдыторыяй.

– А як жа спраўляецеся з хваляваннем, калі перад вамі не адзін дзясятак зацікаўленых вачэй вашых вучняў?– здзіўляюся.

– Дык яны родныя для мяне! – без разваг адказвае Раіса Іванаўна. – Сустракаемся  штодзень,  таму сям’ёй сталі ўжо.

Бачу, як растуць, дзяўчаты нявестамі сапраўднымі становяцца, а хлопцы мужнеюць. Знаёмлюся з іх характарамі і звычкамі, добра ведаю бацькоў кожнага са сваіх вучняў. Якія ж яны чужыя?

Трэба дадаць, што наша сустрэча не была выпадковай. Раіса Іванаўна Савіч – адна з лепшых настаўнікаў раёна. У канцы жніўня за плённую педагагічную працу была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. І зноў жа прызнаецца,   што     неспадзявана гэта было для яе.

– Мне проста прыносіць асалоду мая работа і ўсё, — шчыра кажа настаўніца. – Іду з радасцю да вучняў і, паверце, за ўсе гады работы ніколі не пашкадавала аб выбранай прафесіі. Нават калі была б магчымасць вярнуцца ў мінулае, то не змяніла б свой выбар. Чым далей, тым больш разумею, як мне пашанцавала. Бо чалавек не стане шчаслівым, калі ўсё жыццё будзе марыць аб іншым, будзе не задаволены рэчаіснасцю.   Я і вучням сваім заўсёды кажу: слухайце сваё сэрца, яно не падмане.

А гаварыць гэтыя словы было і ёсць каму. За 25 гадоў настаўніцкай дзейнасці Раіса Іванаўна была класным кіраўніком ужо двух выпускаў і зараз з’яўляецца галоўным школьным дарадчыкам для 7 “А” класа. Часта прыбягаюць яны да сваёй  класнай, каб спытаць штосьці, параіцца ды проста павітацца. Бывае і вольны час праводзяць разам. Раіса Іванаўна і яе вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі традыцыйнага велапаходу, які арганізаваны ў школе. Ужо некалькі разоў аб’ехалі на веласіпедах раён, ездзілі ў Тураў. У гэтым годзе, напрыклад, прыязджалі ў краязнаўчы музей  у парк  “Манькавічы”. Такія мерапрыемствы   вельмі  аб’ядноўваюць калектыў, ёсць магчымасць проста паразмаўляць. Калі душой да вучняў, тое ж і атрымаеш, упэўнена настаўніца. Недапушчальным лічыць грубасць і ніколі не даводзілася павышаць голас. Не павінен вучань баяцца свайго настаўніка, бо дысцыпліну можа і будзе трымаць, а вось ведаў наўрад ці атрымае на ўроку.

Але ж бывае, што не даецца матэматыка вучню і ўсё тут.  Што тады рабіць?

– Безумоўна, кожны вучань індывідуальны. Іншы проста імгненна ўсё схоплівае, а другому хоць сто разоў тлумач. Вельмі цаню працавітасць. Калі бачу, што дзіця насамрэч імкнецца, абавязкова пайду насустрач. А за “так” адзнакі ставіць ні ў якім разе нельга, будзе адваротны вынік: вучань звыкне лайдачыць. У гэтым я строгі чалавек, — сцвярджае настаўніца.

Прыкладам працавітасці і адданасці сваёй справе для самой Раісы Іванаўны сталі яе бацькі. Маці Пелагея Рыгораўна – вельмі разумная жанчына, з малых гадоў прывучвала да адказнасці і старалася даць сваім дзецям самае лепшае. А бацьку Івана Іванавіча Майсюка ведае ўвесь Давыд-Гарадок і нават раён, як надзвычай прыемнага і заўсёды вясёлага чалавека. Ужо колькі гадоў працуе ён загадчыкам камбіната бытавога абслугоўвання  і нават на пенсіі не губляе цікавасці да сваёй прафесіі.  Знакамітае прозвішча праслаўляе брат настаўніцы – Віктар Іванавіч Майсюк – урач-хірург ад Бога, які шчыруе ў Столінскай раённай бальніцы. Там жа сустракае пацыентаў урач-гінеколаг Валянціна Іванаўна Казёлка – сястра маёй суразмоўцы. Ад імя ўсіх дзяцей шчыра дзякуе Раіса Іванаўна сваім бацькам, бо менавіта дзякуючы іх падтрымцы і такім патрэбным парадам яны змаглі знайсці сваё месца ў жыцці.

 З работы Раіса Іванаўна заўжды прыходзіць у добрым настроі. Ды і няма дома падставы засмучацца. Муж – Юрый Іванавіч –  заўсёды пры справе, ніколі не патурбуе без прычыны сваю жонку. Ён – афганец, мае два ордэны Чырвонай Зоркі, але ж таксама адмаўляецца ад увагі. Па-мужчынску немнагаслоўны, лічыць: чалавека відаць па ўчынках, а не па словах. Сын – Аляксандр Юр’евіч – настаўнік фізічнай культуры і здароўя ў той жа школе. Спорту прысвячае жыццё не толькі на ўроках: з’яўляецца пастаянным  удзельнікам хакейнага клуба “Гарынь”, а таксама выступае за футбольную каманду ДГЭМЗа. А дачка Юлія вучыцца на настаўніка пачатковай адукацыі ў Брэсцкім універсітэце імя А. С.  Пушкіна. Дарэчы, гэтую ж навучальную ўстанову ў свой час заканчвала Раіса Іванаўна з сынам.

– Для нас Брэст – родны горад, — усміхаецца Раіса Іванаўна. — Яго мы ўжо ведаем не горш, чым свой Давыд-Гарадок. Калі прыязджаю туды, адпачываю душой. Бывае, пройдзеш па знаёмай вуліцы —  і быццам маладзееш. Адразу перад вачыма студэнцкае жыццё, вясёлыя пасядзелкі з сябрамі, цікавыя сустрэчы. Але я заўсёды хацела вярнуцца на сваю малую Радзіму, дзе мой бацькоўскі дом, дзе ўсе дарагія сэрцу людзі, дзе мае любімыя гарадчукі і бясконцае мора кветак. А ў вялікім горадзе ты нічый і твой ніхто. Сын мой таксама толькі ў роднай школе хацеў працаваць, ды і дачка плануе пасля вучобы да нас далучыцца.

Напярэдадні прафесійнага свята шчыра зычу ўсім настаўнікам гэтай цудоўнай сям’і здароўя, творчых поспехаў, удзячных вучняў і абавязкова кожны дзень пачынаць з усмешкі!

Ганна МЕЛЬНІК

Фота Ганны МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *