25 кастрычніка – Дзень аўтамабіліста і дарожніка: Тут кадры гартуюць майстры

Штогод у Столінскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ ідзе падрыхтоўка каля 500 будучых вадзіцеляў розных катэгорыйЗа гады навучання гэта дзясяткі тысяч навучэнцаў, якія атрымалі такую важную першую пуцёўку ў вадзіцельскую справу.

– Для зручнасці жыхароў нашага вялікага раёна, –  расказвае старшыня арганізацыі Рыгор Іванавіч Барычэўскі, — мы рыхтуем будучых вадзіцеляў не толькі ў райцэнтры. У 2001 годзе стварылі філіял у Давыд-Гарадку, а ў мінулым годзе – і ў Альшанах.

Для падрыхтоўкі вадзіцеляў паўсюдна створана надзейная матэрыяльная база.  У прасторных вучэбных класах  – сучасная відэатэхніка, поўная камп’ютарызацыя.

Для практычнага асваення прафесіі ёсць 13 легкавых аўтамабіляў, з якіх сем – новыя.

Але галоўнае багацце аўташкол – кадры выкладчыкаў і майстроў. Няма нікога з адукацыяй ніжэй за сярэднюю спецыяльную.

Анатоль Рыгоравіч Харавец выкладае спецыяльнасць больш за 25 гадоў.  Ён інжынер-механік з вышэйшай адукацыяй. Практычныя навыкі шліфаваў на практыцы ў аўтапарку № 12, спраўляючыся з абавязкамі механіка. Той, хто вучыўся ў групе Анатоля Рыгоравіча, упэўнена сцвярджае, што пры рэгулярным наведванні яго заняткаў можна для здачы экзаменаў і кніжку не адкрываць, бо веды атрымаеш грунтоўныя.

Сярод майстроў талентам і непаўторнасцю адрозніваецца майстар вытворчага навучання кіраванню аўтамабілем Ігар Ільіч Кананчук. Аб тым, што ён сапраўдны дока ў сваёй справе, сведчыць не толькі вышэйшая тэхнічная адукацыя, а і багаты практычны вопыт работы ў аўтагаспадарках, дзе ён пачынаў шлях у прафесію з трактарыста, а таксама пастаянныя перамогі ў абласных конкурсах прафесійнага майстэрства.  Два гады таму ён заняў у такім конкурсе першае месца, сёлета быў другім на Брэстчыне сярод сваіх калег. Ці дзіва тое, што да гэтага майстра імкнуцца трапіць на практычнае кіраванне аўтамабілем усе навучэнцы аўташколы!

– Часта мне даводзіцца пераконваць навучэнцаў у тым, што яны яшчэ не ўмеюць ездзіць і ім трэба гэтаму старанна вучыцца, — дзеліцца шматгадовымі назіраннямі Ігар Ільіч. – Вельмі важна, каб наш выпускнік умеў не толькі кранацца з месца, манеўраваць аўтамабілем, а і свабодна адчуваў сябе на дарозе, не ствараў небяспеку пры руху. А гэта прыходзіць не адразу.

На абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сам Ігар Ільіч праявіў выдатнае тэарэтычнае веданне правілаў дарожнага руху, устройства аўтамабіля, методыкі навучання, узорна справіўся з кіраваннем аўтамабілем.

Вучацца вадзіцельскай справе людзі розных узростаў. Самая старэйшая выпускніца мела 71 год, а самы сталы выпускнік – 79 гадоў. У апошнія гады каля 80 працэнтаў навучэнцаў – жанчыны.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *