14 кастрычніка – Дзень маці: Ты адзiная на свеце

14 кастрычніка мы святкуем самае ласкавае і па-дзіцячы добрае свята нашых дарагіх матуль. Дарагія чытачы, не саромейцеся і не забывайце гаварыць самаму блізкаму для кожнага з нас чалавеку пра тое, як многа для вас значыць маці. Не мае значэння, якога мы ўзросту і які ў кожнага з нас матэрыяльны стан, для маці галоўнае – ведаць, што яе дзеці здаровыя і шчаслівыя ці то побач з ёю, ці то недзе далёка, за сотні кіламетраў. Яе сэрца ўсё чуе, а мацярынская малітва здольна з дна мора дастаць.
Згадайце сваё дзяцінства… Яна заўсёды побач: падтрымлівае, суцяшае, раіць, хвалюецца…
Я шчаслівы чалавек, бо заўжды адчуваю падтрымку бацькоў, і ўспаміны дзяцінства настальгічным рэхам адгукаюцца ў свя- домасці. А так хочацца вярнуцца туды, дзе раніцай прачынаешся пад ласкавы матулін голас: “Люда, прачынайся, у школу пара.” Ты толькі ўстаеш з цёплай пасцелі, а яна ўжо зрабіла ўсё па гаспадарцы і прыгатавала сняданак. Ад матулі заўсёды пахне цеплынёй, утульнасцю і спакоем.
Раней не задумваліся мы, як стамляецца маці, бо заўжды на нагах, усё бяжыць, усё хапае і робіць. Падтрымка яе, парада ў патрэбную хвіліну, суцяшэнне тады, калі хочацца проста забыцца і кінуць пачатую справу, але не, яна ўсё бачыць, усё адчувае. І гэтыя вочы, дзе чытаецца ўсё: і ласка, і дабрыня, і лёгкая строгасць.
Ці ведаеце вы чалавека бліжэй і радней, бо маці для нас – гэта ўсё і заўжды: гэта сонца і неба, і блакіт тых нябёсаў, акрыляць што здатны сягоння і заўтра, заўжды. Яна — сябар найлепшы, дарадца, настаўнік, прыклад па жыцці заўсёды і ва ўсім, самы мудры і стрыманы, разважлівы і добразычлівы, на свеце адзіны такі чалавек. Не саромейцеся пачуццяў сваіх перад маці. Няхай у свае 5, 20 альбо 60 гадоў вы схіліце галаву на матчыны калені, прыціснецеся моцна да яе і скажаце самыя на свеце галоўныя словы, што шмат гадоў разумела яна і не адважваліся вы ёй сказаць. Не трэба баяцца пачуццяў, бо маці ўсё адчувае і доўга чакае, што прыйдзе яе дарослая дачка альбо сын, каб колькі хвілін ці гадзін разам правесці, як некалі ў дзяцінстве, без турбот і крывадушша, каб расказаць, што на душы набалела і чакаць у пакорным маўчанні благаславення матулі.
Давайце сёння разам скажам нашым маці дзякуй за тое, што яны ёсць.
Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *