11 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры

Напярэдадні Дня культработнікаў мы вырашылі звярнуцца да прадстаўнікоў прафесіі з пытаннямі:

1.         Што для вас было вызначальным пры выбары прафесіі?

2.         Магу ганарыцца тым, што…

Наталля Міхайлаўна АЛЕЙНІК, бібліятэкар Турской сельскай бібліятэкі:

1. З дзяцінства любіла чытаць. Бібліятэка здавалася нечым асаблівым, падабалася яе атмасфера, марыла акунуцца ў гэты незвыйчайны кніжны свет. У школе любімымі прадметамі былі руская літаратура і гісторыя. А яшчэ побач быў прыклад суседкі Таццяны Аляксандраўны Савончык, якая працавала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, вельмі хацелася быць падобнай на яе. Пасля школы закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і вось ужо 22 гады працую ў бібліятэцы ў Турах.

2.      …ніколі не пашкадавала, што выбрала прафесію бібліятэкара. Людзі прыходзяць не толькі ўзяць кнігу, але і адкрыць душу, падзяліцца самым патаемным. Шчаслівая, калі магу дапамагчы чалавеку парадай ці справай. Дарэчы, у дарослых назіраецца адраджэнне чытацкай цікавасці. Шкада, што кніжныя фонды амаль не абнаўляюцца ды няма чытальнай залы.

Падабаецца працаваць, хоць і складана, бо ў дзяцей няма жадання чытаць, яны рвуцца да камп’ютараў. Для іх ладзім сумесна з дырэктарам Дома культуры Анжалікай Мазан і мастацкім кіраўніком Юліяй Драня масавыя мерапрыемствы, для чаго самі шыем касцюмы.

 Фёдар Мікалаевіч ВАЙЦЯХОЎСКІ, настаўнік Столінскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік народнага інструментальнага ансамбля “Брыз”:

1. Я вырас у музычнай сям’і: мой бацька музыкант. З самых малых гадоў круціўся ў атмасферы музычнага свету, закончыў музычную школу, удзельнічаў у канцэртах, раённых мерапрыемствах. Немалую ролю адыграла ў маім музычным развіцці і былы дырэктар музычнай школы, кіраўнік хору “Крыніца” Алена Канстанцінаўна Аўсянік.

2.      … паступіў і закончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі; больш за тры гады працаваў у Нацыянальным акадэмічным хоры імя Г. І. Цітовіча пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Дрынеўскага, дзе атрымаў каласальны вопыт; вынік нашай калектыўнай працы – інструментальным ансамблем “Брыз”, за што шчыра ўдзячны кожнаму ўдзельніку за адданасць, працу і цярпенне.

Я – настаўнік, люблю займацца з дзеткамі і на дадзены момант шчаслівы, што трапіў у Столін і знайшоў сябе ў прафесіі.

Святлана   Валер’еўна ЦІТКО, дырэктар Фядорскага дома народнай творчасці:

1. Тое, што стала культработнікам, удзячна бацьку – Валерыю Уладзі-міравічу Філановічу, які прапанаваў паступаць у Кобрынскае мастацкае вучылішча. Ён працаваў дырэктарам Дома культуры, і я з дзяцінства круцілася там – малявала, ляпіла. Закончыўшы аддзяленне па класу “Інкрустацыя саломкай”, вярнулася на работу ў Фядоры. Працавала кіраўніком гуртка ў школе, а з 2003 года быў заснаваны Дом народнай творчасці, дзе працуюць тры класы: саломапляцення, лозапляцення і вышыўкі.

2.      …займаюся творчасцю, атрымліваю задавальненне ад сваёй працы, пастаянна эксперыментую, асвойваючы новыя  матэрыялы для вырабаў, а яшчэ – магу зрабіць шыкоўную рэч сваімі рукамі і падарыць каму-небудзь. Да таго ж вырабы нашага Дома народнай творчасці вядомы далёка за межамі раёна, бо прымаем удзел у конкурсах і выстаўках розных узроўняў, сярод якіх  – фестываль этнакультурных традыцый  “Покліч Палесся” ў Ляскавічах, фестываль-кірмаш працаў-нікоў вёскі “Дажынкі”, кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” ў г. Іванаве і шэраг іншых.

Аляксандр Лукашавіч  ВЕЛЯСНІЦКІ,   дырэктар Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў:

1. Першыя навыкі ігры на гармоніку атрымаў ад вясковага музыкі Макара, які часта бываў у нас дома. Мне вельмі падабалася падбіраць мелодыі і ўвогуле інструмент, таму бацькі аддалі ў музычную школу. Пяць гадоў рознымі шляхамі дабіраўся з Бухліч у Рэчыцкую  музычную школу. Пасля сваякі раілі пайсці вучыцца ў школу міліцыі, але мая душа прагнула творчасці, таму выбар    спыніў на Баранавіцкім музычным вучы-лішчы, куды на праслухоўванне вазіў мяне мой настаўнік Пётр Пятровіч Саламянюк.

2.      …дружным і згуртаваным калектывам, які гатовы выканаць любую як гаспадарчую, так і творчую работу; таленавітымі выкладчыкамі і вучнямі, якія ўдзельнічаюць ва ўсіх конкурсах і аказваюцца на вышыні, трымаюць марку ўстановы, у якой і я вырас як прафесіянал; даражу сваёй прафесіяй, якая і падчас службы ў арміі шмат дала для майго станаўлення: у складзе Закаўказскага пагранічнага ансамбля песні і танца мы выступілі на кожнай заставе.

Ніна Міхайлаўна ТРУШКО, дырэктар Рухчанскага СДК:

1. У Рухчы жыву з 1992 года. З дзяцінства ўдзельнічаю ў аматарскай творчасці, люблю спяваць. Закончыўшы Ляхавіцкі сельгастэхнікум, вярнулася ў Рухчу, пра-цавала ў калгасе і  ўдзельнічала ва ўсіх  канцэртах і мерапрыемствах. Калі ў Доме культуры з’явілася вакансія, дырэктар Міхаіл Міхайлавіч Апанасовіч прапанаваў месца мастацкага кіраўніка. Зараз заканчваю Пінскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура і арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў”.

2.      …разам з мастацкім кіраўніком Нэлі Крывалевіч і ўдзельнікамі аматарскай творчасці робім жыццё вяскоўцаў больш яркім, ладзім адпачынак для душы, імкнёмся ўкараняць новыя формы работы. Падабаецца працаваць з людзьмі, радуе, што ў нас дружны калектыў, што на нашы мерапрыемствы ахвотна збіраюцца і дзеці, і дарослыя.

Цікавілася Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *