Зiму чакаем … А вы ўжо запасліся палівам?

Хтосьці можа і не вельмі любіць маразы і доўгія ночы, але зіма пытаць не стане і ўсё роўна прыйдзе ўладарыць. І пра ацяпленне трэба думаць загадзя. Дзякуючы развіццю аграгарадкоў і газіфікацыі многія жыхары маюць магчымасць атрымаць цяпло, проста націснуўшы на некалькі кнопак. Пашанцавала так пакуль не ўсім, таму большасць карыстаецца брыкетам і дровамі. Наколькі чакаюць зіму ў нашым раёне, расказаў  дырэктар філіяла “Столінскі райпалівазбыт” БАУП “Упраўленне ЖКГ” Генадзь Станіслававіч Заянчкоўскі:

– Работы ў нас на сёння хапае. Бо заказы на дровы і брыкет увосень паступаюць пастаянна ў адрозненне ад вясенне-летняга перыяду. Тады мы самі прапаноўвалі, было толькі па два-тры заказы і мы нават праз тыдзень паспявалі выканаць. А зараз людзі ўспомнілі пра зімачку-зіму, таму чарга распісана на некалькі месяцаў наперад. Асабліва вялікая колькасць заявак прыходзіць з Альшанскага, Рамельскага сельскіх Саветаў: па 20-30 — на дровы і толькі па 8-10 – на брыкет.

 А вось у Плотніцы, наадварот, насельніцтва больш аддае перавагу брыкету. Ёсць заказы з Глінкі, Стругі, Відзібора і іншых населеных пунктаў. У Давыд-Гарадку ёсць склад, на якім захоўваюцца дровы для дальнейшай дастаўкі па вёсках і аграгарадках той зоны. Існуе катэгорыя льготнікаў, якіх мы абслугоўваем у першую чаргу, – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды першай і другой групы, адзінокія састарэлыя людзі. Але мы імкнёмся нікога не пакінуць без увагі і выконваем усе заяўкі.

Што тычыцца кошту, то ён вагаецца ад 1080000 да 1580000 рублёў. Розніца ў кошце тлумачыцца такімі фактарамі, як наяўнасць ільгот у заказчыка і адлегласць дастаўкі. Чым далей трэба везці з нашай базы ў Рэчыцы, тым даражэй выйдзе. А вось колькасць дроў у нас фіксаваная – 4,9 куба (каля сямі метраў), брыкету – 3 тоны. Наконт дроў: у   асноўным  возім сасну, рэдка бывае альха і бяроза. Вельмі часта людзі просяць, каб прывезлі нам толькі бярозу, маўляў, яна дае больш цяпла. Але гэта ад нас не залежыць, бо нам драўніну пастаўляюць з Лунінца, Івацэвіч, Ляхавіч, Маларыты, Ганцавіч, Баранавіч. Безумоўна, сярод нашых пастаўшчыкоў ёсць і нашы ляснічыя гаспадаркі – Палескі і Столінскі лясгасы.

Спісы складаюць сельскія Саветы і гарадскі выканаўчы камітэт, таму ўсім жадаючым спачатку трэба звяртацца туды. Звычайна, за некалькі дзён мы папярэджваем людзей, што    будзем везці дровы ці брыкет, каб яны былі дома. І каб не ўзнікла праблем з аплатай, чаго дагэтуль не здаралася. Мы будзем рады ўсім дапамагчы, каб зіму вы сустракалі ў цёплым і ўтульным доме.

Ганна МЕЛЬНІК

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *