Жнiво паказала нашы сiлы i магчымасцi

12 верасня ў горадзе Іванаве прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі  “Дажынкі-2015”. Удзел ва ўрачыстасцях прымала і дэлегацыя Столінскага раёна на чале са старшынёю райвыканкама Рыгорам Васільевічам Пратасавіцкім. У складзе нашай дэлегацыі было  адзінаццаць пераможцаў сёлетняга жніва.

Па традыцыі з ганаровай сцэны свята хлебаробаў вітаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс.

– Свята Дажынак заўсёды было важнай падзеяй у жыцці беларусаў, таму што карані народа цесна звязаны з вёскай і працай на зямлі, а добры ўраджай заўсёды быў залогам дастатку ў хаце і гарантыяй  харчовай бяспекі ў дзяржаве,  — адзначыў старшыня аблвыканкама.

– За апошнія гады шмат было зроблена для аграрнай галіны. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы толькі на працягу гэтай пяцігодкі ў гаспадарках вобласці пабудаваны 99 збожжасушыльных комплексаў, звыш  20 збожжасховішчаў. Сельскагаспадарчы комплекс папоўнілі пяць тысяч адзінак сучаснай тэхнікі.

Галоўнае – вялікая ўвага была нададзена ўкараненню новых метадаў у земляробстве, якія дапамаглі перайсці за планку ў мільён тон збожжа. Валавы збор збожжавых без кукурузы перавысіў 1,4 мільёна тон пры ўраджайнасці ў сярэднім 41,5 цэнтнера з гектара. Цалкам выкананы дзяржаўны заказ – 186,2 тысячы тон.

У параўнанні з 2010 годам абласны каравай збожжа стаў большым на 340 тысяч тон, а ўраджайнасць – на 11 цэнтнераў з гектара.

Уборка   пачалася   на 10-12 дзён пазней, чым у мінулым годзе. З-за спёкі зерне трэба было ўбіраць аператыўна, каб максімальна зменшыць страты. Напружана працавалі тысячы радавых хлебаробаў і арганізатараў вытворчасці, таму  ўраджай быў сабраны ў неабходны тэрмін.

Хлебаробы Баранавіцкага раёна ўпершыню намалацілі звыш 200 тысяч тон збожжа. Не першы год у лідарах сярод раёнаў па намалоце больш за 100 тысяч тон: Пружанскі (127 тысяч тон), Камянецкі (117), Пінскі (114) і  Кобрынскі (100,1) раёны.

Больш за 40 тысяч тон збожжа сабрана ў такіх гаспадарках, як “Птушкафабрыка “Дружба” Баранавіцкага раёна, ААТ “Белавежскі” Камянецкага раёна. Ураджай больш за 35 тысяч тон атрымалі ў сельгаспрадпрыемстве “Крошын” Баранавіцкага раёна.

Шэсць гаспадарак завяршылі ўборку, атрымаўшы больш за 20 тысяч тон збожжа: “Ружаны-Агра” (Пружанскі раён), “Астрамечава” і “Заходні” (Брэсцкі), “Жарабковічы” (Ляхавіцкі), “Баранавіцкая птушкафабрыка” і “Агракамбінат “Мір” (Баранавіцкі). Вышэй за мінулагоднюю ўраджайнасць забяспечылі хлебаробы Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Жабінкаўскага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага, Маларыцкага і Пінскага раёнаў.   Самая  высокая  ўраджайнасць – каля 55 ц/га – у Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнах. 102 гаспадаркі   вобласці   (45 працэнтаў) перайшлі мяжу ў 40 ц/га.

Лідарамі сталі “Жарабковічы” – 83 ц/га і “Ляхавіцкі” – 72 ц/га.

Больш за адну тысячу тон збожжа намалацілі 382 экіпажы, 16 экіпажаў – больш за дзве тысячы тон. Два экіпажы з «Баранавіцкай птушкафабрыкі» намалацілі больш за тры тысячы тон.

– Жніво паказала нашы сілы і магчымасці, дало пэўныя ўрокі. Абапіраючыся на гэты вопыт, будзем імкнуцца да новых вынікаў, тым больш, што рэзервы для гэтага ёсць, — адзначыў Анатоль Васільевіч Ліс. — Зараз трэба арганізавана правесці падрыхтоўку глебы і сяўбу азімых збожжавых, вытрымаць аптымальныя тэрміны, каб закласці добры падмурак для будучага ўраджаю.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пры наведванні 28 жніўня ААТ “Белавежскі” Камянецкага раёна высока ацаніў заслугі аграрыяў Брэстчыны і падкрэсліў, што людзі, якія добра працуюць, павінны і добра зарабляць, добра жыць і быць прыкладам для іншых.

Разам з тым ён адзначыў,  што   наступны   год  будзе годам тэхналагічнай дысцыпліны і культуры земляробства і асноўны ўпор трэба зрабіць на строгае выкананне тэхналогіі вытворчасці, навядзенне парадку на зямлі, дысцыпліну і кваліфікаваныя кадры.

Губернатар павіншаваў усіх са святам і ўручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам жніва. Сярод раёнаў першае месца атрымаў Баранавіцкі раён, другое – Брэсцкі  і трэцяе – Ляхавіцкі.

З рук старшыні аблвыканкама ўзнагароды атрымалі таксама перадавікі са Століншчыны: старшы камбайнер СВК “Фядорскі”  Міхаіл Мікалаевіч Пацукевіч і вадзіцель КУВП “Манькавічы” Дзмітрый Васільевіч Яхнавец. Першы намеснік старшыні  аблвыканкама  М. В. Токар уручыў дыплом: за II месца  – старшаму камбайнеру з СВК “Фядорскі” Леаніду Уладзіміравічу Свірскаму, за II – III месцы –  маладзёжным экіпажам з СВК “Рухчанскі” — старшаму камбайнеру Аляксандру Мікалаевічу Рашэцкаму і камбайнеру Аляксандру Аляксандравічу Кужко, з КУВП “Манькавічы” — старшаму камбайнеру Яўгену Аляксандравічу Будзюкову і  камбайнеру Віталю  Юр’евічу Хараўцу, сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа ўжо не першы раз сярод пераможцаў вадзіцель з СВК “Рухчанскі” Мікалай Лявонцьевіч Колб. Ёсць і пераможца ў намінацыі сярод машыністаў збожжасушыльных комплексаў – старшы машыніст з СВК “Рубельскі” Аляксандр Іосіфавіч Пашкевіч.

Старшыня абласной арганізацыі    прафсаюзаў М. І. Басалай узнагародзіў граматамі сямейны экіпаж з СВК “Фядорскі” ў складзе старшага камбайнера Пятра Іванавіча Макіяўца і камбайнера Паўла Пятровіча Макіяўца.

Не толькі перадавікі хлебнай нівы са Століншчыны былі на ганаровай сцэне свята. Першымі адкрываць гала-канцэрт быў удастоены заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор “Крыніца”.

У шэрагу гандлёвых радоў таксама былі работнікі з Давыд-Гарадоцкага і Альшанскага філіялаў райспажыўтаварыства, Столінскага грамхарчу і гаркаапгандлю. Дарэчы, і ў гэтай сферы на дажынках праводзіўся конкурс. А Столінскі раён атрымаў II месца, уступіўшы толькі гаспадарам свята – іванаўцам. У конкурсе, што праводзіла аблспажыўтаварыства,    нашым   былі   аддадзены дзве намінацыі – “За крэатыў і рэкламнае афармленне”, а таксама “За высокую культуру абслугоўвання”.

На міні-сцэне, створанай побач з гандлёвымі радамі нашага раёна, самааддана і прафесійна шчыравалі культработнікі з Мачульскага сельскага дома фальклору. Забаўлялі гаспадароў і гасцей свята спевамі, конкурсамі, караоке, жартамі, за што і атрымалі прыз глядацкіх сімпатый – скрынку мёду.

«Сядзібу палешука» ўпрыгожыў сваімі вырабамі заслужаны майстар разьбы па дрэве І. П. Супрунчык, прадстаўнікі Цэнтра ганчарства з Гарадной прапанавалі жадаючым паспрабаваць зляпіць гаршчок, Фядорскі дом народнай творчасці таксама прадставіў цудоўныя вырабы.

Быў задзейнічаны на свяце і наш ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Яны таксама зрабілі своеасаблівы падворак з вадаёмам, дзе плавалі жывыя маленькія гусяняты.

…Адшумела свята. Наперадзе шэраг далейшых сельскагаспадарчых работ. Будзем спадзявацца, што гэта будзе добры задзел для высокіх дасягненняў столінскіх хлебаробаў.

Алена КЛІМУШКА

Фота аўтара

і Фёдара ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *