З-за аліментаў – на лаву падсудных

Назва гэтага артыкула не жарт і не сарказм аўтара, а рэаліі нашага жыцця. Так, жыхар р. п. Рэчыца М., 1974 года нараджэння, ухіляецца ад платы аліментаў на дачку больш за тры месяцы. 

Ніякай матэрыяльнай дапамогі свайму дзіцяці не аказвае, на пісьмовыя папярэджванні аддзела прымусовага выканання Столінскага раёна аб пагашэнні запазычанасці па ўтрыманні непаўналетняй ніяк не рэагуе. Агульная запазычанасць складае больш за восем мільёнаў рублёў.

Неверагодна, але факт: у 2013 годзе судом Столінскага раёна асуджаны па частцы 3 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўлечную ўстанову адкрытага тыпу.

А праз нейкі час ён зноў наступіў на тыя ж граблі. Дзіўныя людзі, якіх нічому не вучыць жыццё…

Нядаўна адбыўся суд на чале з суддзёю Д. І. Карасінскім з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы старшага памочніка пракурора Д. М. Харашуна.

У час суда мужчына сваю віну прызнаў часткова. Прычына ўхілення ад платы аліментаў, як спрабаваў растлумачыць жыхар Рэчыцы, простая і банальная:  адсутнасць работы. Але ці гэта падстава для таго, каб махнуць рукой на жыццё і выхаванне дачкі?

Суд прызначыў М. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з накіраваннем ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на адзін год і шэсць месяцаў.

Мяркую, што бацькоў, якія не плацяць аліменты, многа. І калі яны не зменяць свае паводзіны, то, магчыма, іх чакае такая ж доля, як і жыхара Рэчыцы.

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *