З усмешкай у арсенале

Упэўнена, амаль усе, хто пабачыць гэтую дзяўчыну на здымку, адразу пазнаюць яе. Бо даводзіцца сустракацца з Вольгай Аляксандраўнай Бобка многім. Хварэем, на жаль, мы ўсе, а гэтая прыгажуня працуе фармацэўтам у аптэцы аграгарадка Альшаны № 210.

– Вось як пачынаецца восень, так і пачынаецца сезон хвароб. І доўжыцца да мая, таму бывае за дзень нельга прысесці. Бываюць такія дні, што па 200 чалавек прыходзяць па лекі. Чарга па дзясятку метраў таксама была на маёй памяці. У канцы рабоча дня ног не чую, –  дзеліцца Вольга.

І гэта дзяўчына яшчэ лёгка сказала. Альшанская аптэка працуе з 8 да 19 гадзін, выхадны толькі ў нядзелю. Прыходзяць у аптэку не толькі альшанцы, а і жыхары суседніх вёсак. А падчас агурочнага сезона пастаяннымі кліентамі становяцца нават грамадзяне іншых краін. І гэта ўсё на кволых плячах маладой дзяўчыны, бо яна з’яўляецца адзіным работнікам аптэкі.

Вось як часта вы, паважаныя чытачы, прыходзіце ў аптэку з рэцэптам? Мяркую, не часта. Таму звычайна фармацэўт, асабліва ў невялікіх пасёлках, гэта і ўрач, і дыягностык, і дарадчык, асабліва для пенсіянераў. За тыя паўгадзіны, пакуль я чакала Вольгу, некалькі маладых жанчын зайшлі са словамі: “Што вы можаце параіць ад прастуды дзіцяці?”. Вольга спачатку падбірае лекі па ўзросце, уважліва расказвае пра дазіроўку прэпарата, знаёміць з пабочнымі эфектамі. І так амаль з кожным.

– Я не маю права раіць наўгад, бо разумею сваю адказнасць. У бальніцы, а потым і ў аптэцы людзі шукаюць самае дарагое – здароўе. Многія давяраюць рэкламе, таму адразу ведаюць, па якія лекі ідуць. Але ў інструкцыі да іх, напрыклад, ёсць такія супрацьпаказанні, аб якіх чалавек нават не ведае. І можа здарыцца бяда. Таму лепш сто разоў праверыць, чым потым лічыць сябе вінаватай, –  гаворыць фармацэўт.

Вольга вельмі ўдзячна сваім выкладчыкам Магілёўскага фармацэўтычнага  каледжа за той багаж ведаў, дзякуючы якому яна смела ўзялася за справу. Акрамя вялікай практычнай работы, дзяўчына яшчэ і студэнтка фармацэўтычнага аддзялення Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. Упэўнена, што цярпенне – неабходная якасць у любой прафесіі. А яшчэ ўсмешка, якая ў Вольгі заўсёды ў арсенале. Можа таму шмат мае ўдзячных кліентаў, ды і ў кіраўніцтва на добрым рахунку. А як жа кавалеры? Сціпла ўсміхаецца прыгажуня – усё наперадзе, маўляў. А вось у вольны час яна дапамагае бацькам і наведвае Дом малітвы, дзе адпачывае душой.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *