Маляўнічы экспрэс: як у сапраўднай казцы

Наш маляўнічы экспрэс зрабіў экскурс па дашкольных установах раёна, бо тут ёсць што паказаць чытачам раёнкі.

У кожнай дашкольнай установе бурліць сваё жыццё. Кожны дзень насычаны і па-свойму адметны. Здаецца, ці да прыгажосці, калі вакол цябе столькі дзетак-непасед.  Ды не, калектывы гэтых устаноў папрацавалі на славу і ў многіх садках цікава не толькі дзеткам, але  і дарослым:  яны абходзяць з цікавасцю тэрыторыю і з захапленнем назіраюць за той прыгажосцю, якая пасялілася ў садках, каб прыносіць эстэтычнае задавальненне ўсім нам.

Спынімся ў Асаўскім яслях-садзе. Вялікая колькасць кветак  рознакаляровай стужкай ахінае будынак дашкольнай установы. Новым арыгінальным спосабам з выкарыстаннем пенапласту  выкананы фігуркі пчолкі, грыба-мухамора, зайчыка, баравіка. Адметнасцю з’яўляецца тое, што кожны куточак ясляў-сада мае сваю кампазіцыю. Гэта Маша, якая збірае грыбочкі, і мядзведзь;  героі ўсім вядомай казкі “Церамок”,  доктар Айбаліт з лекавымі травамі, героі казкі “Калабок”,  дзед ды баба, хітрая лісічка, мядзведзь за сваёй любімай справай. Недалёка ля млына селяніна не пакідае думка, што скончылася лета і пара запаўняць засекі збажыной.

Ёсць ля ясляў-сада  кветкі з пластыку і вялікая колькасць ідэй рэалізавана з пафарбаванага ў яркія колеры штыкетніка-кругляка.  Для птушак на самым бачным месцы арганізавана сталоўка.

Крышачку фантазіі і фарбы — і перад вамі столік з намаляванай на ім шахматнай дошкай і табурэткі для адпачынку, якія выкананы са спілаванага дрэва.

На тэрыторыі дашкольнай установы арганізаваны сапраўдны  аўтагарадок. Тут  размешчана імправізаваная заправачная станцыя. А на дарозе, якая мае сваю разметку, скрыжаванні, павароты  і адпаведныя знакі,  дзеці маюць магчымасць прайсці практычны курс па правілах дарожнага руху.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *