Выратаваў, разыкуючы жыццём

Чарговая трагедыя на Століншчыне магла б здарыцца 12 верасня ў в. Дубенец, але ці то воляй лёсу,  ці то выпадковым збегам акалічнасцяў побач  аказаўся чалавек, які не пабаяўся разыкнуць уласным жыццём і выратаваў   чалавека.

Гэтым  смелым чалавекам  аказаўся  16-гадовы юнак, навучэнец Столінскага  прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрый Агіевіч.

Дзмітрый вяртаўся дадому  каля 02.00 гадзін, як раптам заўважыў нешта няладнае. З хаты  ішоў дым.  “Пажар…” – мільгнула ў галаве.  Думкі пра страх нават не ўзнікала. Юнак дакладна ведаў, што ў гэтым доме жыве сталая жанчына Вера Платонаўна Каральчук, 1923 года нара-джэння, і побач няма суседзяў (па абодва бакі пуставалі  па чатыры хаты). Дапамогі  чакаць  не было адкуль, ды і часу на ваганні таксама. Дзмітрый заўважыў:  на кухні гарэла святло і мільгаў сілуэт жанчыны. Ён імгненна кінуўся ў дом, выключыў газавую пліту і вывеў жанчыну на вуліцу. Пасля кінуўся шукаць дапамогі – папрасіў суседзяў выклікаць пажарную машыну і хуткую дапамогу, а сам забег у палаючы дом, каб выратаваць  якія-небудзь дакументы. Дзмітрый выбіў аконнае шкло  і толькі ў гэты момант адчуў страх за ўласнае жыццё, бо зразумеў, што больш нічога зрабіць не можа:  пачала падаць столя.

Прыехала хуткая дапамога.  Іх адвезлі да родных жанчыны. Дзмітрыю апрацавалі раны.

…Зноў заняткі ў Столінскім ліцэі. Дзмітрый Агіевіч вучыцца па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, рамонт і эксплуатацыя аўтамабіляў” і імкнецца атрымаць  кваліфікацыю “Трактарыст-слесар-вадзіцель”. Старанны,  адказны, дысцыплінаваны  і добрасумленны юнак любіць тэхніку і  спраўна выконвае свае абавязкі.  А гэты выпадак на ўсё жыццё пакіне свой след  як у памяці юнака, які здзейсніў геройскі ўчынак, так і ў памяці  Веры Платонаўны Каральчук і яе сям’і, якія будуць заўжды ўдзячны Дзмітрыю.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Выратаваў, разыкуючы жыццём: 1 комментарий

  • 18.09.2015 в 8:51 пп
    Permalink

    Мужчина растет. Хотя почему растет? Вырос.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *