Верасень – месячнік па зборы другаснай сыравіны

З мэтай удасканалення сістэмы збору другаснай сыравіны, павелічэння ахопу насельніцтва раздзельным зборам цвёрдых камунальных адходаў і аб’ёмаў нарыхтоўкі перыяд з першага па 30 верасня 2015 года аб’яўлены рэспубліканскім месячнікам па зборы другаснай сыравіны.

Столінскім раёнам даведзенае заданне па здачы другасных рэсурсаў на 28 жніўня 2015 года выканана на 53 працэнты і ён знаходзіцца на апошнім месцы ў вобласці.

З мэтай актывізаваць работу і задзейнічаць наяўныя рэзервы ў мінулую пятніцу адбылася рабочая нарада па правядзенні месячніка з удзелам старшыні раённага выканаўчага камітэта Рыгора Пратасавіцкага, намеснікаў старшыні і кіраўнікоў зацікаўленых службаў.

Дырэктар КУШВП “Столінская ЖКГ” Аляксандр Максімчук азнаёміў з лічбамі, якія даведзены Столінскаму раёну па здачы другасных рэсурсаў. З запланаваных 2550 тон адходаў паперы і кардону здадзена 423 тоны, шклабою – 323 тоны (заданне 900 тон), зношаных шын — 80 тон пры плане 250 тон. Даведзена заданне па адходах тэкстылю – 80 тон, палімерах – 180 тон, будаўнічых адходах – 2000 тон.

У раёне дзейнічаюць дзевяць нарыхтоўчых пунктаў па зборы другаснай сыравіны на базе жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Давыд-Гарадку, Альшанах, Рублі і Гарадной, на базе райспажыўтаварыства ў Століне, Рэчыцы, Беражным, Фядорах і адзін перасовачны. Дадатковыя пункты з нядаўняга часу адчынены на базе комплексных прыёмных пунктаў у Плотніцы, Струзе і Глінцы.

З мэтай павелічэння збору макулатуры, палімераў, шклабою Столінская ЖКГ гатова забіраць сыравіну сваім транспартам па заяўках жыхароў. Плануецца старанна агледзець тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый, сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў на выяўленне адходаў другасных рэсурсаў, выбіраць іх на палігонах бытавых адходаў, ачысціць прыбярэжныя зоны вадаёмаў ад металалому, шкла, ПЭТ-бутэлек.

Да 10 верасня рэкамендавана правесці інвентарызацыю ў школах, бібліятэках, дамах культуры, дзіцячых садах, каб пазбавіцца ад непатрэбных папер.

Свой уклад у справу папаўнення другасных рэсурсаў павінны зрабіць моладзь, школьнікі і ўвогуле ўсе жыхары Століншчыны. У адну з субот верасня будзе праведзены раённы суботнік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *