У Рэчыцкім гарадскім доме культуры адбыўся конкурс дзявочай прыгажосці “Панна журавінавых балот”

У конкурсе прынялі ўдзел дзяўчаты з тых вёсак Століншчыны, жыхары якіх штогод збіраюць у палескіх балотах цудадзейную ягаду-журавіну.
Перад конкурсам гледачы ў фае знаёміліся з фотаздымкамі дзяўчат на стэндзе і аддавалі свае галасы за тую, якая найбольш спадабалася.
На сцэне дзяўчаты прадставілі свае візітныя карткі: расказалі пра сябе, свае заняткі і захапленні. Адным з этапаў было дэфіле “Я — журавінка-какетка”, дзе канкурсанткі дэманстравалі аўтарскія калекцыі, выкананыя ў адпаведнасці з назвай конкурсу. Працягам стала дэфіле ў купальных касцюмах.
“Я – зорка” – творчы конкурс, у якім маладыя ягадніцы паказвалі тыя здольнасці, якімі валодаюць, — чыталі вершы, спявалі, танцавалі.
Выступленні канкурсантак ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вадзім Заруба, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Людміла Пешка і мастацкі кіраўнік Столінскага ГДК Аксана Лісавец.
Па выніках конкурсу пераможцай стала 19-гадовая Дзіна Хоміч з Рухчы. А ўсе ўдзельніцы былі адзначаны ў намінацыях: “Міс дызайн” — Аксана Агіевіч з Рубля (яна ж атрымала і прыз глядацкіх сімпатый), “Міс зачараванне” – Ірына Страха з Глінкі, “Міс арыгінальнасць” — Ніна Страха з Рубля, “Міс талент” – Вольга Комісава з Глінкі, “Міс грацыя” – Аляксандра Стрыгоцкая з Альман.
Усе ўдзельніцы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі. Спонсарамі ў правядзенні конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, райкам прафсаюза работнікаў культуры, РК ГА “БРСМ”, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, філіял “Столінбудпраект” і прадстаўніцтва кампаніі “Mary Kay” ў асобе Вольгі Мазговай.
У перапынках паміж конкурсамі з музычнымі нумарамі выступілі Ігар Яцута, Варвара Белавус, Таццяна Лазейка і Васіль Яхнавец.
Конкурс падрыхтаваны ўдзельнікамі творчага клуба “Альтанка” раённага метадычнага цэнтра (кіраўнік Ніна Лісавец) і з’яўляецца часткай праекта “Па запаведных мясцінах Бацькаўшчыны”, дзе заключным стане раённае свята журавін, якое адбудзецца гэтай восенню.
Мерапрыемства з’явілася практычнай часткай раённага семінара клубных работнікаў па тэме “Укараненне і прасоўванне творчых праектаў па арганізацыі вольнага часу моладзі”. Была таксама заслухана інфармацыя інспекцыі па справах непаўналетніх аб стане работы па барацьбе са злачыннасцю і правапарушэннямі непаўналетніх, разгледжан шэраг арганізацыйных пытанняў.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *