У Фёдара-мастака

Сёння наш “Маляўнічы экспрэс” прыбыў у Стахава да Фёдара Фёдаравіча Гарагляда, больш вядомага ў вёсцы як Фёдар-мастак.

Дом, дзе жывуць Гарагляды, стаіць у глыбіні сядзібы, воддаль ад цэнтральнай вуліцы Савецкай і звяртае на сябе ўвагу цікавымі пабудовамі і выфарбаванымі дэталямі.  Здалёк відаць расадніцу ў выглядзе шкляной піраміды з гранямі па колькасці бакоў свету. Невысокія прыступкі з вазонамі вядуць у летнюю кухню, што ззяе вялікімі шыбамі акон. А сёлета на ўскрайку маладога саду з’явілася карэта і конь у  натуральную  велічыню…

– Усё гэта Фёдар рабіў на гаспадарчым двары, далей ад людскога вока, — расказвае жонка Марыя Раманаўна. – Устанавіў позна вечарам, калі ніхто не бачыў. Дык раніцай суседу, у якога ёсць конь, тэлефанавалі аднавяскоўцы, маўляў, твой конь у Фёдара-мастака ў агародзе ходзіць…

Аднак гэта не ўсё на падворку, што прыемна здзіўляе і выклікае замілаванне. Цудоўны куточак прыроднага хараства, створаны ўмелымі рукамі Фёдара Фёдаравіча, адкрываецца вачам непасрэдна каля дома. Цераз рукатворны вадаёмчык з лебедзямі і воднымі раслінамі перакінуты невялічкі масток. Дно сажалкі выкладзена з сумесі бетону і гліны, таму вада у ім бывае круглы год. Крыху воддаль прызямліліся журавы. А тут, нібы жывыя, увогуле экзатычныя птушкі: гіганцкія папугаі на пальме і пара паўлінаў.

Да гаспадарчых пабудоў вядуць дарожкі, выкладзеныя са спілаў дрэў.

– Для стварэння  ўсіх істот напачатку робіцца металічны альбо драўляны каркас, ці ўвогуле што трапляе пад рукі, — расказвае Фёдар Фёдаравіч, — пасля абрабляецца матэрыяй і фарбуецца. Сава на арцы, напрыклад, зроблена з пап’е-машэ.

Утульны куточак для летняга адпачынку  сустракае нас у акружэнні садовых дрэў. У кожнага члена сям’і тут сваё месца, сваё крэсла-качалка, якое змайстраваў Фёдар Фёдаравіч. Тут пасля працоўнага дня любіць збірацца разам сям’я: абмяркоўваюцца падзеі, чытаецца прэса. Дарэчы сказаць, што Гарагляды атрымліваюць больш як 15 перыядычных выданняў, не апошняе месца сярод іх займае і раённая газета. Гаспадар цікавіцца навінкамі навукі і мастацтва, выданнямі па гаспадарцы, захапляе яго паляванне і рыбалка. Гаспадыня аддае перавагу духоўнай літаратуры, інтарэс да часопісаў па рукадзеллі з ёй падзяляе дачка Лізавета (яе вышыўкі на здымках справа).

Фёдар – чалавек сціплы і далікатны. Пра сябе расказвае не вельмі ахвотна. З дзяцінства любіў  маляваць, падабалася яму што-небудзь майстраваць. Таму марыў пасля школы пра тэатральна-мастацкі інстытут, аднак з-за надта вялікага конкурсу не рызыкнуў туды паступаць. А пасля службы ў арміі ўладкаваўся на работу ў мясцовы калгас мастаком-афарміцелем і аддаў гэтай рабоце 22 гады, завочна вучыўся ў Маскоўскім мастацкім універсітэце. З развалам Савецкага Саюза не стала і работы мастаку. І Фёдар Фёдаравіч уладкаваўся суднапрапускніком на гідравузел, дзе адпрацаваў таксама 22 гады. З надыходам пенсіённага ўзросту пайшоў на заслужаны адпачынак і ўвесь свой час і талент аддае любімаму захапленню, а яшчэ ездзіць на рыбалку. Творчы чалавек не сядзіць без справы. Зараз яго майстравымі рукамі ўкараняецца ў жыццё задума па вырабе прыстасавання  для пераборкі бульбы.

Расказваючы пра  Фёдара-мастака, нельга абмінуць увагай яго жонку. Марыя Раманаўна працавала галоўным эканамістам у калгасе. Яе рукамі аздоблена ўсё навокал кветкамі. Ля дома цэлая плантацыя гладыёлусаў. Ружы,  півоні,  клямацісы, петуніі, сальвіі, аксаміткі, астры… І хаця большасць кветак ужо адцвіла, падворак і без таго нагадвае тэрыторыю дзівосаў і творчасці.

Любоў да ўсяго прыгожага робіць гэтых людзей высакароднымі і духоўна багатымі і не заканчваецца межамі толькі ўласнага двара. Клопатамі Марыі Раманаўны былі агорнуты кветкі і на цвінтары, якія яна   летам  пастаянна  ездзіла паліваць.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *