Стабiльнасць Канстытуцыi – стабiльнасць у грамадстве i дзяржаве

У сераду, 9 верасня ў Столінскім райвыканкаме праводзіў выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Пётр Пятровіч Міклашэвіч.

Жыхары раёна, якія прыйшлі на прыём, звярнуліся з пытаннямі, што тычыліся  платы аліментаў, афармлення спадчыны, атрымання аплаты за выкананне работ па працоўным дагаворы, атрымання рабочага месца, прымусовага выканання рашэння суда, вызначэння межаў зямельнага ўчастка і інш.

Пётр Пятровіч падрабязна тлумачыў кожнаму наведвальніку, як тая ці іншая сітуацыя можа быць разгледжана непасрэдна ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, у якую ўстанову трэба звярнуцца, каб давесці да лагічнага завяршэння ўзнікшую праблему.

Некаторыя з візіцёраў спадзяваліся, што іх пытанне будзе вырашана старшынёю Канстытуцыйнага суда менавіта на прыёме і  так, як  яны  лічаць  –  правільна. Аднак Пётр Пятровіч адказаў наступнае:

– Неабходна выконваць патрабаванні закону і жыць у адпаведнасці з ім. У кожнага грамадзяніна акрамя правоў, занатаваных Канстытуцыяй, ёсць яшчэ і абавязкі, і пра гэта нельга забываць.

Пасля завяршэння асабістага прыёму Пётр Пятровіч Міклашэвіч наведаў філіял ААТ “Савушкін прадукт” і сустрэўся з калектывам прадпрыемства. Звяртаючыся да ўсіх прысутных,  Пётр Пятровіч нагадаў гісторыю стварэння Канстытуцыйнага суда, які ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь заснаваны ў красавіку 1994 года і з’яўляецца органам судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, зацвярджае верхавенства Канстытуцыі і яе непасрэднае дзеянне.

Канстытуцыяй 1994 года быў зацверджаны інстытут прэзідэнцтва ў нашай краіне. А пасля рэферэндуму ў  лістападзе 1996 года Рэспубліка Беларусь фактычна стала па форме кіравання Прэзідэнцкай.

Пётр Пятровіч прывёў прыклады, калі пасля зваротаў грамадзян па некаторых пытаннях,  для ўхілення прававой нявызначанасці, даводзілася ўносіць карэктывы ў тыя ці іншыя законы. І рабілася гэта з той мэтай, каб былі забяспечаны канстытуцыйныя правы кожнага члена грамадства.

– Канстытуцыя – гэта прававы падмурак, без якога нельга дасягнуць згоды ў грамадстве, — адзначыў старшыня Канстытуцыйнага суда. – Без гэтага нельга будаваць дэмакратычную, моцную дзяржаву. Стабільнасць   Канстытуцыі  –  стабільнасць у грамадстве. Усе змяненні  — толькі праз народны  рэферэндум.

Цікава было чуць водгукі Пятра Пятровіча Міклашэвіча пра нашу Століншчыну. Ён заўважыў, што прыемна здзіўлены парадкам і чысцінёю на палях, вуліцах населеных пунктаў.

– Відавочна, што тут жывуць працавітыя людзі, якія будуюцца, ствараюць рабочыя месцы, развіваюць прамысловасць. Такая палітыка наогул ва ўсёй нашай дзяржавы.

Алена КЛІМУШКА

Фота аўтара

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *