Шлях у будучыню пачынаецца з дзiцячага садка

Бадай няма такіх бацькоў, якія б не марылі бачыць сваіх дзяцей у будучыні паспяховымі, упэўненымі ў сабе людзьмі. Дзеля гэтай мэты ў вялікіх гарадах існуе вялікая колькасць гурткоў і секцый рознага кшталту, куды клапатлівыя бацькі спяшаюцца аддаць сваіх дзяцей з малога ўзросту. А  ў вёсцы такіх магчымасцяў шмат, таму менавіта дзіцячы садок выконвае важнейшую ролю ў станаўленні чалавека.

– Зразумела, мы адчуваем адказнасць у выхаванні дзяцей,  –   пацвярджае думку Надзея Аляксееўна Лугіна – загадчыца ясляў-садка № 3 аграгарадка Альшаны. – Разумеем, што ў нашай рабоце галоўнае – вынік. Бо для бацькоў важна бачыць, чаму навучылася дзіця і пра што новае даведалася. Тым больш, што сем’і нашых маленькіх наведвальнікаў мнагадзетныя, з кожнай ходзяць па двое-трое, а ёсць і па чацвёра дзяцей. Кожны год у аграгарадку нараджаецца прыблізна 100 дзяцей,таму дзе-дзе, а ў Альшанах у дзіцячых садках заўсёды будзе работа.

Яслі-садок пад  кіраўніцтвам Надзеі Аляксееўны працуе тры гады і з’яўляецца    самым     “маладзейшым” і самым большым у Альшанах. На сёння яго наведваюць 120 дзяцей ад двух да шасці гадоў, што амаль напалову больш, чым у двух іншых. Восем груп абслугоўваюць 33 работнікі, 16 з якіх – педагогі.

– Як вядома, неабходнай умовай для выдатнай работы з’яўляецца дружны,  надзейны калектыў, – падключаецца да размовы намеснік загадчыцы Юлія Васільеўна Ляшкевіч. – А ў дзіцячым садку  гэта  асабліва прыкметна, бо дзеці, як рэнтген: адразу адчуваюць энергетыку чалавека, іх не падманеш. Прыходзяць да нас у асноўным маладыя спецыялісты, многія адразу пасля ўніверсітэтаў, ім хочацца  падзяліцца  навыкамі, яны шчыра рыхтуюцца да кожнай сустрэчы са сваімі выхаванцамі. Мы цэнім творчы падыход, цікавімся новымі і дзейснымі педагагічнымі напрацоўкамі. Наша работа грунтуецца на глыбокай павазе да дзіцяці і ўсведамленні таго, што кожнае дзіця ўнікальнае і патрабуе індывідуальнага падыходу ў сваім развіцці. Мы імкнёмся абставіць пакоі такім чынам, каб, трапляючы ў іх, дзеці пачыналі вучыцца самастойна, каб ім самім было цікава. Яшчэ адной унікальнай методыкай, якой дасканала валодае выхавальнік Вольга Міхайлаўна Ігнацьева, з’яўляюцца кубікі Зайцава. Не чулі пра гэта? А дарэмна. Бо дзякуючы  кубікам дзеці вучацца чытаць з двух гадоў! Прычым, ніякіх заняткаў і заданняў, усё ў форме гульні. І гэта адразу ацанілі бацькі, якія дапамаглі набыць усё неабходнае для заняткаў. Увогуле, з бацькамі нам пашанцавала. Яны заўсёды прыслухоўваюцца да нашых парад, мы раімся з імі і ўсе дзеянні абавязкова ўзгадняем. Каб дзеці не сумавалі ў дажджлівае надвор’е і зімовыя маразы, дзякуючы клапатлівым бацькам у садку з’явіліся акварыум, сухі басейн з рознакаляровымі шарыкамі, тэлевізар, патрэбныя дыдактычныя матэрыялы. Дапамагаюць нам з рамонтам і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, за што таксама вялікі дзякуй.

 На другім паверсе, акрамя спальных пакояў, размешчана спартыўная зала, якая выконвае ролю актавай залы падчас святочных мерапрыемстваў. Не так даўно адчыніўся экалагічны кабінет, у якім выхаванцы з ахвотай праводзяць свае першыя эксперыменты.

Актыўна ўдзельнічаюць у пастаноўках лялечнага тэатра, што дазваляе адразу заўважаць маленькіх артыстаў. Таксама з дзецьмі працуюць музычны кіраўнік і настаўнік фізічнай культуры. У сонечныя дні абавязкова праводзяцца заняткі на вуліцы. А безліч вырабаў ручной работы, якія ўпрыгожваюць кожны кабінет, сведчыць аб зацікаўленасці педагогаў у творчым развіцці выхаванцаў.

– У мінулым годзе па абмене вопытам  мне давялося наведаць дзіцячы садок у Браціславе, што ў Славакіі,    –   дзеліцца   Надзея Аляксееўна. –  Можа гэта не сціпла, але нам ёсць чым ганарыцца. Для нас не існуе дробязяў. Безумоўна, каб наладзіць такую работу, спатрэбіўся час. Бо дзіцячы садок – сур’ёзная ўстанова, у якой павінен строга выконвацца шэраг нормаў: ад санітарных да правілаў аховы працы. Затое цяпер магу ўпэўнена сказаць:  мы заўсёды рады бачыць гасцей. Нам ёсць чым падзяліцца і мы таксама жадаем развівацца!

Ганна Мельнік

Фота аўтара і  з архіва  ясляў-садка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *