Прыярытэты: мадэрнізацыя, новыя вытворчасці, пошук інвестараў

На мінулым тыдні ў Доме культуры г. Століна прайшло маштабнае мерапрыемства – раённы сход дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання з удзелам гаспадарчага актыву раёна.

Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы перыяд і задачах па выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэты год далажыў старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.

За шэсць месяцаў 2015 года з 14 паказчыкаў не выкананы пяць. Гэта такія, як экспарт тавараў па прадпрыемствах мясцовай падпарадкаванасці; намінальная сярэднямесячная зарплата; рознічны тавараабарот гандлю; падрадныя работы і запасы гатовай прадукцыі.

У сферы прамысловасці выраблена прадукцыі на 192 млрд рублёў, тэмп росту ў дзеючых цэнах    склаў 113 працэнтаў.

Горш, чым у  мінулым годзе працаваў Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод. Там складанае становішча як з загрузкай вытворчых магутнасцяў, так і фінансавае наогул. На Гарынскім камбінаце будматэрыялаў  знізіўся аб’ём прамысловай вытворчасці з-за таго, што завод спыняўся на планавы рамонт, зменшыліся аб’ёмы будаўніцтва, ёсць пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць у 17 мільярдаў рублёў.

Запасы гатовай прадукцыі за шэсць месяцаў гэтага года склалі 60 працэнтаў пры заданні на год – 49, на Гарынскім агракамбінаце — на 8 млрд рублёў, ці 230 працэнтаў да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Канешне, становішча абумоўлена пачаткам сезона масавай перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, але, разам з тым, гэта недапрацоўкі маркетынгавай службы.

Агульны аб’ём тавараабароту склаў 510 млрд рублёў, па райспажыўтаварыстве – 230 млрд рублёў.

У плане мадэрнізацыі выканана 88 працэнтаў ад гадавога задання – выкарыстана 99 млрд рублёў пры плане 112.

Асноўнае праблемнае пытанне – недастатковыя тэмпы інвестыцый у галінах будаўніцтва і сельскай гаспадаркі.

Створаны чатыры арганізацыі пры заданні на год – восем і 130 працоўных месцаў у сферы малога прадпрымальніцтва – план 220.

Намінальная сярэднямесячная зарплата склала 4 млн 437 тысяч рублёў пры прагнозе – 4 млн 546 тысяч рублёў.

Праведзена мадэрнізацыя шэрагу прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Завершана будаўніцтва цэха па вытворчасці спажыўных субстратаў на торфапрадпрыемстве “Глінка”, на што было накіравана 80 мільярдаў рублёў. Гэта дазволіць забяспечыць выпуск больш якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, пашырыць яе асартымент і арганізаваць 23 працоўныя месцы.

На Гарынскім агракамбінаце ўведзены ў дзеянне новы цэх па вытворчасці садавінна-агароднінных кансерваў. На рэалізацыю праекта накіравана больш за 34 мільярды рублёў. На Столінскім хлебазаводзе ўсталявана лінія па вырабе вафляў. Выкарыстана 750 тысяч еўра інвестыцый. Ужо выраблена 900 тон новай прадукцыі. Давыд-Гарадоцкім хлебазаводам рэалізаваны праект па рэканструкцыі цэха па вытворчасці жытняга соладу. Аб’ём інвестыцый – 4,5 млрд рублёў. Філіялам “Століннарыхтпрамгандаль” набыта і ўведзена ў дзеянне кліматычная камера, з дапамогай якой арганізаваны выпуск новага віду прадукцыі – вяленых каўбас. Выкарыстана каля аднаго мільярда рублёў інвестыцый. У жніўні “Санта Рытэйл” адкрыла буйны гандлёвы аб’ект у райцэнтры.

З 2011 па 2015 гады, у адпаведнасці з рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла, у аграрную галіну ўкладзена 800 мільярдаў рублёў інвестыцый. Зроблена рэканструкцыя 27 фермаў, пабудаваны пяць новых МТФ, шэсць збожжасушыльных комплексаў, чатыры бульбасховішчы.

Нягледзячы на складаны засушлівы год, у раёне сабрана больш за 72 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 39 цэнтнераў з гектара.

Заклапочанасць выклікае нарыхтоўка кармоў, таму што ў раёне вельмі высокая шчыльнасць жывёлы — 82 галавы БРЖ (па вобласці — 71), у тым ліку кароў – 23 галавы). На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 12 цэнтнераў кармавых адзінак (на 1,7 ц. к. адз. менш).

Разам з тым, трэба адзначыць, што гэты год спрыяльны для жывёлаводаў у тым плане, што вытворчасць малака павялічылася на 13 працэнтаў, яго таварнасць – на тры. Гэта стала магчымым з-за ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэння стану кармавой базы, прымянення новых тэхналогій.

Да завяршэння года аб’ёмы малака трэба павялічыць не менш чым на пяць працэнтаў (давесці да 88 тысяч тон), мяса – на 3,5 працэнта (да 15 тысяч тон). Чакаемы вынік рэальны – неабходна больш поўна выкарыстоўваць тыя рэзервы, што ёсць.

У галіне будаўніцтва за кошт усіх крыніц фінансавання за восем месяцаў у эксплуатацыю ўведзена 24,6 тысячы кв. метраў  жылля (план на год – 28,5). Працягласць сетак газазабеспячэння склала 672 км. Уведзена 17,8 км газаправодаў, прыродным газам газіфікаваны 26 населеных пунктаў. Сёлета здадзены яслі-сад у аг. Рубель, адміністрацыйны будынак прадстаўніцтва Белдзяржстраху ў Століне, 60-кватэрны дом у мікрараёне “Гарынь”. Зараз працягваецца будаўніцтва ачышчальных збудаванняў каналізацыі ў г. Століне, водазабеспячэння аг. Рубель, Лядзец, Кароціч, в. Ніжні Церабяжоў, а таксама замена сетак на ПІ-трубы ў р. п. Рэчыца і Давыд-Гарадку. Ідзе рэканструкцыя воінскіх казармаў пад дзіцячы садок у Давыд-Гарадку, будуюцца два жывёлагадоўчыя памяшканні ў КСУП “Струга”, добраўпарадкоўваецца мікрараён “Гарынь”.

У сацыяльнай сферы неабходна сканцэнтраваць усе намаганні на эфектыўным выкарыстанні бюджэтных сродкаў, аптымізацыі ўстаноў, зыходзячы з мясцовых умоў. На фінансаванне ўстаноў адукацыі прадугледжана 322 млрд рублёў (45 працэнтаў ад усяго бюджэту раёна). На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя накіравана больш за 5 млрд рублёў, устаноў культуры – больш за 1,5 млрд рублёў.

Сацыяльная абарона грамадзян – адзін з прыярытэтных кірункаў у дзейнасці органаў улады і адпаведных службаў. У раёне на ўліку больш за 25 тысяч атрымальнікаў пенсій і дапамог. Жывуць каля дзвюх тысяч мнагадзетных сем’яў, два Героі Сацыялістычнай Працы, дзевяць чалавек з’яўляюцца Ганаровымі грама-дзянамі раёна. На выплату пенсій за восем месяцаў выкарыстана 414 млрд рублёў, дапамог – 40 млрд. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога выдадзена на суму больш за тры мільярды рублёў.

Прыярытэтнымі кірункамі сёння з’яўляюцца мадэрнізацыя, стварэнне новых вытворчасцяў, пошук інвестараў, павелічэнне вытворчасці працы. Усё гэта патрабуе ад нас высокага прафесіяналізму, адказнага і добрасумленнага стаўлення да работы.

Пра работу мясцовых Саветаў дэпутатаў па вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко.

Першараднае значэнне набывае якасць работы з насельніцтвам, прымяненне новых формаў і метадаў зносін з людзьмі. Зыходзячы з гэтага і будуецца работа органаў улады на месцах.

Па выніках работы ў выбарчых акругах і па месцы работы дэпутатамі райсавета ў першым паўгоддзі праведзены больш за 300 асабістых прыёмаў, разгледжаны больш за 400 зваротаў. Праведзены 147 мясцовых сходаў грамадзян. Што больш за ўсё хвалюе нашых людзей? Гэта праблемы, што адбіваюцца на якасці жыцця. Напрыклад,   водазабеспячэнне  і  водаадвядзенне (Давыд-Гарадок, Відзіборскі, Манькавіцкі, Рэчыцкі, Глінкаўскі, Рухчанскі сельсаветы). Засухі апошніх двух гадоў асабліва абвастрылі праблему водазабеспячэння населеных пунктаў. Газіфікацыя (Відзіборскі, Лядзецкі, Рамельскі, Рухчанскі, Харомскі, Альшанскі (Высокае) сельскія Саветы). Дарогі і транспартнае забеспячэнне паміж райцэнтрам і населенымі пунктамі, вуліцы вёсак і гарадоў (Давыд-Гарадоцкі гарсавет, Гараднянскі, Манькавіцкі, Рэчыцкі, Рухчанскі, Харомскі, Стружскі, Вялікамалешаўскі сельскія Саветы). Вулічнае асвятленне, бесперапыннае электразабеспячэнне (Гараднянскі, Манькавіцкі, Плотніцкі, Глінкаўскі, Рухчанскі, Стружскі сельскія Саветы). Хвалююць людзей і пытанні  медыцынскага,   гандлёвага   абслугоўвання, працаўладкаванне і іншыя.

Зразумела, праблемы, якія патрабуюць вялікіх фінансавых сродкаў, вырашаюцца праз мэтавыя дзяржаўныя праграмы. А як мы захоўваем зробленае? Напрыклад, правялі новую меліярацыю, рэканструкцыю старой меліярацыйнай сістэмы, нарэзалі каналы, але яны разбураюцца жывёлай, закідваюцца расліннымі адходамі з сотак у палях севазвароту. Навядзенне парадку на зямлі, работы па добраўпарадкаванні павінны праводзіцца і з удзелам саміх жыхароў, тады гэта будзе цаніцца і зберагацца.

Гаварылася і пра работу са старымі  і пустуючымі дамамі, пра арганізацыю збору цвёрдых бытавых адходаў, пра зоны адпачынку і іншае.

Асобная гутарка вялася пра істотную дапамогу старастаў населеных пунктаў у вырашэнні важных пытанняў. Прыкладам служаць такія старасты, як Т. Ф. Немшан (в. Адвержычы), Л. П. Скрабец (в. Манькавічы), А. А. Немшан (аг. Белавуша), В. А. Козел (в. Ніжні Церабяжоў), В. М. Стасько (в. Угалец), Я. В. Навумовіч (в. Малыя Вікаравічы), А. В. Васілевіч (в. Луткі), П. В. Сцепанчук (аг. Глінка) і іншыя.

Аляксей Аляксеевіч Дзямко расказаў пра кожную сферу жыццядзейнасці і ролю ў ёй мясцовых Саветаў дэпутатаў.

У кожнай галіне дзяржаўнай улады ёсць свая спецыфіка, свая асобая місія. Для мясцовых Саветаў дэпутатаў – гэта, з аднаго боку, прадстаўляць інтарэсы народа ва ўладзе, з другога – інтарэсы дзяржаўнай улады ў народзе.

Аб арганізацыі і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Столінскага раёна далажыў намеснік старшыні Столінскай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч.

У мерапрыемстве прымалі ўдзел таксама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л. У. Грынеўская і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу А. М. Ярашэвіч.

Па завяршэнні сходу было прынята адпаведнае рашэнне.

Алена КЛІМУШКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *