На раённых дажынках у Рамлі

Другі раз раённае свята хлебаробаў прайшло бліжэй да тых мясцін, дзе вырошчваецца багаты ўраджай. Калі летась лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу прымаў рэкардсмен па намалоце збажыны СВК “Фядорскі”, дык цяпер гасцей з усёй Століншчыны добразычліва сустракалі ў аграгарадку Рамель, дзе ў гэтым годзе ў СВК “Палеская ніва” атрымана самая высокая ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур.

Пачалося свята з ускладання вянкоў да брацкай магілы воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 У цэнтры аграгарадка шматлюдна. На цэнтральнай вуліцы пачынаецца святочнае шэсце лепшых з лепшых – пераможцаў сёлетняга жніва, кіраўнікоў раёна і дэлегацый сельскагаспадарчых арганізацый раёна.  Калона начале з заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем народнай музыкі “Выцінанка” накіроўваецца да імправізаванай авансцэны, перад якой размяшчаюцца юнакі і дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах з вялікім дажыначным вянком, галоўная жняя з дажыначным снапом і жнейкі.

Усіх са сцэны вітаюць вядучыя і песняй “Хлебаробы” — заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор “Крыніца”.

Галоўная жняя перадае сімвалічны дажыначны сноп старшыні раённага выканаўчага камітэта Рыгору Васільевічу Пратасавіцкаму. Ён звяртаецца да прысутных з віншаваннямі і пажаданнямі.

— У хлебаробаў ёсць дзве адказныя кампаніі, — гаворыць Рыгор Васільевіч, — пасяўная і ўборачная. І ў перыяд іх правядзення ўсе, ад механізатараў да кіраўнікоў гаспадарак — імкнуцца выконваць усё якасна, не дапускаючы стртат, рацыянальна выкарыстоўваюць тэхніку. Робяць усё неабходнае, каб атрымаць высокі канчатковы вынік.

У гэтай убрачнай кампаніі былі задзейнічана 102 камбайны, 30 збожжасушыльных комплексаў, 10 мабільных збожжасушылак. Значна абноўлены за мінулыя гады машынна-трактарны парк і напружаная праца хлебаробаў дазволілі сабраць збожжавыя якасна і ў тэрмін. Нягледзячы надта складаны засушлівы год у раёне вырашчаны нядрэнны ўраджай. Сабрана больш за 72 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 39 цэнтнераў з гектара. Дзяржаве рэалізавана 15,5 тысячы тон харчовага збожжа. Хлебаробы СВК “Палеская ніва” атрымалі з кожнага гектара ў сярэднім па 55 цэнтнераў збожжа, СВК “Палессе АВМ” – 50 цэнтнераў. Ураджайнасць больш за 40 цэнтнераў збожжа з кожнага гектара атрымалі сем гаспадарак. З году ў год значны ўклад у каравай раёна працаўнікоў СВК “Фядорскі”, дзе намалочана больш за 11 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці больш за 45 цэнтнераў з кожнага гектара. У СВК “Новая Прыпяць” намалочана больш за сем тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 48 цэнтнераў з кожнага гектара.

Не можа не радаваць і той факт, што з году ў год у нас расце і колькасць экіпажаў “тысячнікаў”. Звыш дзвюх тысяч тон збожжа намалацілі два экіпажы, звыш тысячы тон – 16. Хачу падзякаваць камбайнерам СВК “Фядорскі”, дзе восем экіпажаў намалацілі больш чым па тысячы тон збожжа. Старшы камбайнер Міхаіл Мікалаевіч Пацукевіч, камбайнеры Анатоль Вітальевіч Шуркала, Уладзімір Паўлавіч Шуканаў і Сяргей Аляксандравіч Лузько намалацілі больш за дзве тысячы тон збожжа.

У Год моладзі не адстае і наша моладзь. Маладзёжныя экіпажы СВК “Рухчанскі” ў складзе Аляксандра Рашэцкага і Аляксандра Кужко, з КУВП “Манькавічы” ў складзе Яўгена Будзюкова і Віктара Хараўца штогод уваходзяць у тройку лепшых у вобласці. А малады вадзіцель СВК “Рухчанскі” Мікалай Колб неаднаразова з’яўляўся перможцам як абласных, так і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Адметна і тое, што па выніках мінулага года аграпрамысловы комплекс раёна заняў чацвёртае месца ў вобласці па эфектыўнасці сельскагаспадарчай выторчасці.

Сёння я выказваю велізарную ўдзячнасць усім, хто слаўна працаваў на хлебным палетку. Неацэнную дапамогу аказалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, студэнты і навучэнцы, работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, гандлю і грамадскага харчавання, аховы здароўя і культуры.

Дасягнутае ў гэтым годзе мы расцэньваем як стартавую пляцоўку для таго, каб ісці далей і імкануцца да больш высокіх вынікаў. Аграпрамысловы комплекс у апошнія гады развіваўся ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі. За гэты час у аграрную галіну раёна ўкладзена каля 800 мільярдаў рублёў інвестыцый. Дзякуючы гэтаму мы забяспечаны сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай і абсталяваннем, сродкамі аховы раслін і насеннем кукурузы.

Сёння неабходна сказаць і пра тое, што ў раёне вельмі высокая шчыльнасць жывёлы. У разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў – 82 галавы жывёлы (па вобласці 71), у тым ліку 23 каровы. Таму вытворчасць 72 тысяч тон збожжа – гэта мінімальны аб’ём пад патрэбнасць раёна. І ў далейшым забяспечваць высокі аб’ём мы будзем за кошт росту ўраджайнасці.

У заключэнне свайго выступлення на свяце Рыгор Васільевіч звярнуў увагу працаўнікоў вёскі на бліжэйшыя задачы. Нягледзячы на тое, што жніво завершана, да канца года ў аграрыяў яшчэ шмат работы на палях. Неабходна ўбраць цукровыя буракі, бульбу, агародніну, правесці сяўбу азімых. Але, безумоўна, асаблівую заклапочанасць сёння выклікае нарыхтоўка кармоў. У сувязі з вялікай засухай чакаецца недабор травяністых кармоў да 15 працэнтаў, а ў радзе гаспадарак – да 50 працэнтаў. Гэты недабор будзе запоўнены за кошт збожжасенажу (29 тысяч тон), павелічэння плошчаў сяўбы паўкосных і пажніўных культур на тысячу гектараў да ўзроўню мінулага года, дадатковай нарыхтоўкі зялёнай масы кукурузы са збожжавай групы. Таму ўсім гаспадаркам неабходна мэтанакіравана шукаць дадатковыя рэзервы і крыніцы нарыхтоўкі кармоў.

… Зноў ажывае вуліца, якая прылягае да святочнай сцэны. Па ёй праходзяць “Легенды рамельскай зямлі” – уладары на конях, рамеснікі, танцоры з калектываў “Карагод” (Столін) і “Пралеска” (Альманы). Салісты, народныя калектывы “Рэха”, “Моўства” праводзяць “Палескі кірмаш”, разам з каравайшчыкамі яны выконваюць “Дажыначны абрад”. Як удалы фон гэтага відовішча – дэманстрацыя тэхнікі, на якой хлебаробы здабылі высокі ўраджай збожжавых. Яшчэ адзін гонар гаспадаркі – племянная конная ферма. Госці дажынак маглі не толькі палюбавацца прыгожымі і дужымі канямі-асілкамі, а і ўбачыць танцавальныя нумары ў іх выкананні, пры жаданні – пакатацца верхам на іх. Абапал вуліцы таксама выстаўкі-кірмашы вырабаў народнай творчасці і майстроў Рамля і наваколля, падворкі бліжэйшых сельскіх Саветаў з прэзентацыяй страў традыцыйнай беларускай народнай кухні “Палеская смаката”, выстаўкі-дэгустацыі фермерскіх гаспадарак, хлебазавода з Давыд-Гарадка. На сотні метраў разгарнуўся святочны гандаль. Для дзяцей дзейнічае дзіцячы гарадок з атракцыёнамі, надзімнымі горкамі, батутамі.

Плён калектыўнай працы – каравай галоўная каравайшчыца свята ўручае старшыні райвыканкама Рыгору Васільевічу Пратасавіцкаму.

А на сцэну запрашаюцца кіраўнікі гаспадарак, якія выйшлі пераможцамі раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2015 годзе сярод сельскагаспадарчых арганізацый. Дыпломамі і грашовымі прэміямі іх узнагароджвае Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. У першай групе гаспадарак узнагароджваюцца за першае месца старшыня СВК “Фядорскі” Рыгор Аляксеевіч Дзямко, за другое – старшыня  СВК “Палеская ніва” Аляксей Мікалаевіч Бародзіч, за трэцяе – дырэктар КСУП “Прыгарынскі-2012” Фёдар Пятровіч Кудласевіч. Сярод гаспадарак другой групы за першае месца ўзнагароджваецца дырэктар КУВП “Манькавічы” Аляксей Васільевіч Мікуліч, за другое – старшыня СВК “Лядзецкі” Уладзімір Аляксандравіч Вярэніч, за трэцяе – дырэктар КСУП “Варані” Генадзь Уладзіміравіч Наздрын.

Удзельнікі свята апладысментамі вітаюць пераможцаў жніва. А на сцэну запрашаюцца тыя працаўнікі, хто непасрэдным удзелам ва ўборцы на тэхніцы дабіўся сёлета самых высокіх дасягненняў. Сярод экіпажаў уборачных камбайнаў першай групы ўсе прызавыя месцы занялі экіпажы з СВК “Фядорскі”. Першае – Уладзімір Паўлавіч Шуканаў і Сяргей Аляксандравіч Лузько, другое – Пётр Іванавіч Макіявец і Павел Пятровіч Макіявец, трэцяе – Сяргей Андрэевіч Дворак і Дзмітрый Аляксандравіч Макарушка. Сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў другой групы за першае месца ўзнагароджваюцца Міхаіл Іванавіч Ліпскі і Мікалай Паўлавіч Бандарчук з КУВП “Манькавічы”, за другое – Васіль Данілавіч Вярба і Іван Іванавіч Грышчук, за трэцяе – Мікалай Мікалаевіч Антановіч і Уладзімір Іванавіч Банет з СВК “Лядзецкі”.

Заслужаныя ўзнагароды атрымліваюць лепшыя вадзіцелі раёна, якія вызначыліся на сёлетнім жніве. Сярод гаспадарак першай групы за першае месца – Анатоль Вітальевіч Шуркала з СВК “Фядорскі”, за другое – Мікалай Георгіевіч Пашкевіч з КСУП “Прыгарынскі-2012”, за трэцяе – Уладзімір Іванавіч Бруцкі з СВК “Новая Прыпяць”. Сярод гаспадарак другой групы першае месца заняў Лявонцій Іванавіч Колб з СВК “Рухчанскі”, другое – Леанід Аляксандравіч Рудзько з СВК “Лядзецкі”, трэцяе – Сяргей Адамавіч Бурда з КСУП “Дубайскі”.

Не той хлеб, што ў полі, а той, які ў засеках. На дапрацоўцы збожжа лепшымі прызнана звяно аператараў збожжасушыльнага комплексу КУВП “Манькавічы” на чале з Мікалаем Якаўлевічам Тышкоўскім. На другі месцы звяно аператараў з КСУП “Прыпяць-2009”, якое ўзначальвае Вадзім Андрэевіч Булыга, на трэцім – звяно аператараў з СВК “Фядорскі”, якое ўзначальвае Рыгор Рыгоравіч Лузько.

Добрай традыцыяй у раёне стала ўшаноўваць маладых лідараў жніва, пераможцаў спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. Нягледзячы на свой узрост, яны ўбіраюць хлеб прафесіянальна, з душою, шчыра і старанна. І інакш не ўмеюць. Сярод камбайнавых экіпажаў лепшыя экіпажы – Сяргей Уладзіміравіч Харашун і Аляксандр Уладзіміравіч Харашун з СК “Новая Прыпяць”, Васіль Мікалаевіч Калеснік і Васіль Віктаравіч Шульга з СВК “Рухчанскі”, Павел Іванавіч Слуцкі і Андрэй Іванавіч Слуцкі з СВК “Новая Прыпяць”. Сярод маладых вадзіцеляў на перавозцы збожжа ад камбайнаў пераможцамі сталі Павел Пятровіч Макіявец з СВК “Фядорскі”, Аляксей Уладзіміравіч Альгамец з СВК “Новая Прыпяць”, Андрэй Мікалаевіч Радцэвіч з КСУП “Прыпяць-2009”.

Вызначыліся і на жніве, і на іншых важных работах. На сцэну для ўзнагароджвання ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта запрашаюцца старшыня СВК “Рухчанскі” Генадзь Станіслававіч Харавец, галоўны аграном СВК “Палеская ніва” Аляксандр Анатольевіч Свірыдчук, галоўны інжынер СВК “Новая Прыпяць” Іван Іванавіч Слуцкі, падзячнымі лістамі райвыканкама – трактарыст-машыніст СВК “Новае жыццё-2003” Аляксандр Васільевіч Клімовіч, вадзіцель КСУП “Відзіборскі” Аляксандр Мікалаевіч Яроміч. Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў узнагароджваюцца трактарыст-машыніст ААТ “Церабяжоў-Агра” Аляксандр Мікалаевіч Арсяновіч, вадзіцель КСУП “Беражное” Мітрафан Фёдаравіч Пашкевіч, трактарыст-машыніст КСУП “Веляміцкі” Канстанцін Уладзіміравіч Семянчук, падзячнымі лістамі райсавета – трактарыст-машыніст КСУП “Варані” Мікалай Фёдаравіч Шпак, трактарыст-машыніст КСУП “Струга” Сяргей Адамавіч Малчановіч, ганаровымі граматамі раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – вадзіцель СВК “Палессе АВМ” Міхаіл Анатольевіч Сярэдзін, вадзіцель КСУП “АграГлінка” Мікалай Раманавіч Ярашэвіч, вадзіцель ААТ “Столінрайаграсервіс” Андрэй Анатольевіч Свірэпа, вадзіцель КСУП “Рубельскі” Лявонцій Пятровіч Агіевіч.

У ходзе хлебаробскага свята адбыўся канцэрт пераможцаў рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі для любімай краіны”, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам!”. У ходзе канцэрта прайшло ўшанаванне працоўных дынастый Захарычаў, Колбікаў, Цандаў і сямейных экіпажаў Бараноўскіх, Бойкаў, Піваварэвічаў “Чалавек слаўны працай”.

На працягу ўсяго святкавання дажынак ўзнёсла выступалі творчыя калектывы Століншчыны.

 Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Все фото в фотогалерее 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *